«Мару пра тое, што калісьці 25 сакавіка сапраўды будзе велізарным і значным святам для кожнага з нас»

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык — пра дату ў гісторыі і сучаснасці, якую рэжым не можа знішчыць.

Беларусы ў розных гарадах і розных краінах рыхтуюцца да святкавання 106-х угодкаў БНР. Што вядома пра маштаб і геаграфію свята, і ці стане гэтая дата днём яднання беларусаў?

— Мы з задавальненнем далучаемся да розных імпрэз і падзей, — адзначыла ў эфіры Еўрарадыё прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, — але я лічу, самае важнае — мясцовая ініцыятыва, і бязмежна цаню ўсіх тых людзей, якія арганізоўваюць гэта ў сваіх супольнасцях.

Аліна Коўшык

Мы, напэўна, збярэм разам і апублічым інфармацыю пра розныя імпрэзы на Дзень Волі. Мяркую, большая частка святкаванняў сёлета прыпадзе на 24 сакавіка, таму што гэта будзе нядзеля.

Прынамсі ў Варшаве мы рыхтуем шэраг падзей, да якіх я асабіста заклікаю далучыцца тых беларусах, хто зараз жыве ў Варшаве — ведаю, дарагія сябры, што вас тут шмат, і вельмі хачу вас пабачыць на маршы 24-га, а 14-й гадзіне, на плошчы Трох крыжоў. Калі ласка, прыходзьце з сябрамі, з дзецьмі, з плакатамі, са сцягамі.

Гэта будзе цудоўная падзея, дзе мы можам паказаць сваю беларускую прысутнасць тут, у Польшчы, паслухаць палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, пачуць нашых дудароў і бубначоў, музыкаў,  адчуць сябе сілай зноў. Бо калі ты толькі адзін стаіш недзе, табе неяк няёмка. А калі адчуваеш, што побач — тысячы аднадумцаў, то, канешне, разумееш магчымасці штосьці змяняць.

Паводле слоў Аліны Коўшык, мерапрыемства ў Варшаве ладзіцца на грамадскіх пачатках, і арганізатары не маюць вялікіх спонсараў і фундатараў, але далучыцца і падтрымаць праз BYSOL Дзень Волі могуць усе неабыякавыя беларусы.

Акрамя таго, плануецца зладзіць анлайн-трансляцыю святкавання дня волі для беларусаў і беларусак, якія знаходзяцца як у краіне, так і за яе межамі.

Падчас мерапрыемства будзе зладжаны збор у падтрымку палітвязняў:

— Мы хочам дапамагчы гэтым разам сродкамі тым палітвязням, якія ўжо выйшлі на волю, вымушаныя былі з’ехаць і якім цяжка адаптавацца тут. Яны дэзарыентаваныя, часта маюць праблемы са здароўем, і ім сапраўды патрэбная наша падтрымка. Мяркую, што размеркаваннем сродкаў будзе займацца арганізацыя былых палітвязняў «Да Волі», якія ўвесь час у кантакце з тымі людзьмі, хто выходзіць з вязніц.

Кропак святкавання сёлета, гаворыць Аліна Коўшык, будзе багата — але па-за межамі краіны. А што рабіць тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, дзе нават згадкі Дня Волі нервуюць улады і традыцыйна напярэдадні 25 сакавіка праходзяць прафілактычныя «хапуны» актывістаў?

— Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то тым больш адсвяткуйце, назло ўсім ворагам беларушчыны — адсвяткуйце ў коле сям’і.

Не заўсёды свята мусіць быць напоказ. Перадусім Беларусь павінна заставацца ў нашым сэрцы. І я перакананая, што ў большасці беларусаў той гонар, тая смеласць і той кураж з 2020 года засталіся. Усё гэта ў нас ёсць.

Проста мы разумеем, што зараз яшчэ не той момант. Але для падтрымання адзін аднаго святкаваць разам, адзначаць гэты дзень трэба. І памятаць, што гэта за дзень, калі ўпершыню Беларусь абвесціла сябе незалежнай дзяржавай.

Я мару пра тое, што калісьці 25 сакавіка сапраўды будзе велізарным і значным святам для кожнага з нас. Як у ЗША грамадзяне ведаюць, калі адзначаецца Дзень незалежнасці і што ён значыць — важна, каб не толькі палітыкі, эксперты, аналітыкі, а ўсе беларусы памяталі пра гэтую дату.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(39)