Сяргей Харэўскі, ”Наша нiва”
Марш у строй!

«Таму што ўсе павінны быць у адным страі. Калі ты ў страі – калі ласка, удзельнічай. А калі ты ад строю адстаў...» — міністар культуры Мацьвяйчук пра дзеячаў культуры.

Беларуская сыстэма ня мае прыкметаў таталітарызму, усёўладнасьць рэжыму яшчэ не распаўсюдзілася на многія сфэры жыцьця. І, пэўна, яна ніколі не дабудуецца. Бо адзінай ейнай ідэяй ёсьць апраўданьне трыманьня ўлады адным чалавекам, мэты, ідэі ды нават сямейнае жыцьцё якога застаюцца таямніцаю. І ня толькі для народу. Не разумеюць канчатковай мэты й ягоныя дагодлівыя памочнікі.

Прабег тузін гадоў. Для эўрапейскай гісторыі – вялікі тэрмін! Калі гаварыць пра біяграфіі дыктатараў. За такі ж тэрмін Напалеон ужо зьдзейсьніў амаль усё, пра што марыў, а Гітлеру ўжо быў капут. А ў Беларусі ўсё яшчэ не прыдумалі, чым бы падхарашыць, насыціць, наталіць... пустату. Звонкую ў сваёй паўнаце пустату. Нацыянальная опэрная трупа туляецца па ДК у сталічных прадмесьцях, Нацыянальны мастацкі музэй ужо чвэрць стагодзьдзя (!) чакае адкрыцьця новае экспазыцыі, славуты «Беларусьфільм» пераўтварыўся ў танную пляцоўку для расейскіх тэлесэрыялаў, назваў якіх не прыгадае нават той, хто іх глядзіць...

Узровень дзяржаўнае эстраднае культуры адпаведны таму месцу, што яму вылучылі на Эўрабачаньні. Пустата і ёсьць пустатою, нават калі вельмі гучна ў ёй крычаць.

Пэўна ж, у міністра культуры гэтага рэжыму, нейкага Мацьвейчука, ёсьць сваё бачаньне будучыні нашае культуры. Ну, не сваё бачаньне, дык бачаньне ягонага патрона. І вось сп.Уладзімер Мацьвяйчук падзяліўся тым, што меў, на старонках «Народнае волі»: «Мы што, будзем фінансаваць тых, хто невядома што сьпявае й невядома што хоча сказаць у сваіх песьнях? Век вяком! Таму што ўсе павінны быць у адным страі. Калі ты ў страі – калі ласка, удзельнічай. А калі ты ад строю адстаў...»

Цытата атрымалася настолькі красамоўнаю, што яе памножылі іншыя газэты. Пасыл дзеячам культуры атрымаўся адназначны. Хто ня з намі – той супраць нас. Хто не на плоце – будзе пад плотам.

Каб Мацьвяйчук ведаў беларускую мову, можа, яму было б тады зразумела, пра што сьпяваюць нашыя рокеры ды барды. Але ня ў тым соль. Міністар са сваёй культураю ня можа прапанаваць нічога, апроч фінансаў. Ягонае «мы» гучыць амаль як залатое выслоўе папярэдніка Напалеона, «караля-сонца», які сказаў: «Дзяржава – гэта я!» Толькі гэтым разам гэта проста фарс. Танны й бяздарны. Бо па фінансы ў чарзе да «міністра культуры» стаяць хіба тыя, хто ўжо ніяк іх сам зарабіць ня можа. Хіба які Сярога («Чорны бумэр») з Гомелю ці «N.R.M.» у яго будуць прасіць грошы?

Ну, а астатнія мусяць падцягнуцца ў шыхтах, пачуўшы загад «Марш у строй!»... І папаўняць пустапарожнюю скарбонку пустаты тымі гукамі, што можа зразумець нават Мацьвяйчук ды іншыя «мы».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)