Комментарии

Віктар Марціновіч, budzma.by

Марціновіч: Усебеларускі допыт дармаедаў

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра перапіс насельніцтва і пункт «родная мова».

Калі пра перапіс было ўжо заяўлена, а яго пытанні яшчэ не з’явіліся ў вольным доступе, я быў, дурань, падумаў, што яны нарэшце прачыталі «Уяўныя супольнасці» Андэрсана. Што скарыстаюць перапіс для ўмацавання беларускай ідэнтычнасці. Каб прасцей было ладзіць перамовы з рознымі суседзямі.

Гэта, дарэчы, было б цалкам лагічным, але логіка — не пра гэтую сістэму.

Але вось працэс пайшоў, я адкрыў анлайн-анкету і прыпух. Я не ведаю, хто складаў пытанне нумар 12. Але нічога горшага для беларускай справы прыдумаць немагчыма. Яны ўдакладняюць, што «родная мова» — гэта «засвоеная першай у раннім дзяцінстве». І ладна, што гэтае ўдакладненне няслушнае ці слушнае толькі ў межах адной з лінгвістычных парадыгмаў. Бо, напрыклад, рускі празаік Набокаў да эміграцыі мусіў бы пазначаць паводле такой логікі «роднай мовай» не рускую, а англійскую — тую, якую сапраўды засвоіў першай.

Але галоўная праблема ў тым, што з усіх падыходаў да паняцця «родная мова» яны абралі самы шкодны з пункту гледжання распаўсюду і бачнасці беларускай Беларусі.

Бо «родная мова» — гэта яшчэ пра наяўнасць унутранай эмацыйнай сувязі з маўленнем ці пра знешнюю ідэнтыфікацыю, прад’яўленне сябе навакольнаму свету «беларусам», «рускім», «украінцам».

І менавіта так можна было б сфармуляваць: якую мову вы лічыце роднай ці блізкай? З якой адчуваеце повязь? Але не, яны ўпёрліся ў «мову па сталенні».

Выдатна ведаючы, што для значнай часткі нават беларускамоўных першай засвоенай у дзяцінстве была руская. Калі сапраўднай мэтай гэтага перапісу было паказаць прыхільнікам інтэграцыі, што колькасць рускамоўных у Беларусі расце ў параўнанні з мінулым перапісам, — well done!

Што не дае мне пераймацца з нагоды пытання N12, дык гэта разуменне, што ў краіне, дзе няма выбараў і да перапісу трэба ставіцца як да сімуляцыі. Напішуць столькі, колькі будзе патрэбна ў бягучы момант геапалітычнага гандлю.

Тады навошта было рабіць гэтую глабальную і даражэзную штучку?

Адказ хаваецца ў пытаннях.

Вы ж заўважылі, што ў гэтым годзе перапіс супаў па часе з падаражэннем камуналкі для тых, каго дзяржава запісала ў дармаеды?

Дык вось, глядзіце: у анкеце няма ніводнага пытання пра тое, колькі замежных моваў ведае рэспандэнт. Гэта дзяржаве не важна.

Што ёй важна — гэта дзе дакладна вы жывяце, да якога тэлефоннага нумару прывязаны ідэнтыфікатар у вашым пашпарце, якой маёмасцю валодаеце, дзе працуеце. Ці плануеце выехаць з Беларусі (чытай — на падпрацоўкі)? Ці была ў вас праца з 27 верасня 2019 па 3 кастрычніка 2019 (чаму, дарэчы, такі перыяд?)? Як часта выязджалі на працу на тэрыторыю іншай дзяржавы?

Такіх пытанняў — дзве старонкі з чатырох у апытальным лісце (!).

Прачытайце гэтыя фармулёўкі: «Якія крыніцы сродкаў на існаванне («укажыце асноўную крыніцу!)?» «Дзе ажыццяўляецца ваша праца?» «Дзе знаходзіцца месца вашай працы?»

Прабачце, але толькі ў мяне адчуванне, што гэта не статыстыка?

Што гэта такі агульнарэспубліканскі допыт?

Аператыўна-следчае мерапрыемства, кшталту ўсеагульнага збору адбіткаў пальцаў?

Статыстыка заўсёды цікавіцца вялікімі лічбамі, а не асобным грамадзянінам. Колькі мільёнаў чалавек мае вышэйшую адукацыю, колькі жанатых, колькі замужам. Статыстыка не будзе з хцівасцю следчага лезці ў гісторыю тваіх банкаўскіх транзакцый, тваіх асабіста працадаўцаў, іх дакладнага адраса і г. д.

Навошта статыстыцы прывязка да тваёй міжбанкаўскай інфармацыі і індывідуальнага рахунку ў сістэме «Разлік»? Без чаго немагчыма задзейнічаць анлайн-анкету? І ці магу я быць спакойны за сакрэтнасць гэтай інфармацыі, адсутнасць уцечак, калі сайт перапісу 4-га кастрычніка проста «лёг»?

З усіх гэтых трывожных пытаннечак паўстае адчуванне, што гэты перапіс — падзея не сацыяльная, а фіскальная. Заўважым, што чарговы націск на дармаедаў нават не спрабавалі адвязаць ад выбараў. У лістападзе ў краіне з’явіцца новая Палата, а беспрацоўныя ўпершыню атрымаюць жыроўкі з непад’ёмнымі цэнамі.

Дык яны ўжо настолькі ўпэўненыя, што кантралююць ўсіх і кожнага?

Мне не падабаецца, калі Фэйсбук збірае і захоўвае інфармацыю пра мае ўпадабанні і кола кантактаў. Але мне яшчэ менш падабаецца тое, што адбываецца ў Беларусі з прывязаным да чарговай хвалі націску на дармаедаў перапісам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(74)