Общество
Віталь Несцераў, «Наша Ніва»

Мапа беларускасці краіны

Паводле звестак, атрыманых падчас перапісу насельніцтва 2009 года, складзеныя своесаблівыя моўныя мапы краіны. На іх у працэнтных суадносінах паказаная колькасць насельніцтва, якая назвала сябе беларускамоўным. Атрыманая статыстыка не дае бездакорна праўдзівых звестак, але дакладна вызначае настрой жыхароў таго ці іншага рэгіёна.

Мапа вясковага насельніцтва

Мапа гарадскога насельніцтва

Спачатку пра беларускамоўных гараджан. Іх колькасць па краіне звышнізкая — усяго 11,3%. Але і сярод гэтай змрочнай карціны можна знайсці куткі беларушчыны.

Калі паглядзець на мапу, заўважаеш выразна выдзеленыя цёмна-сінія аазісы.

Тут размаўляюць па-беларуску найбольш. Першы — глыбоцкі-шаркаўскі, вакол якога сабралася пяць раёнаў, дзе колькасць беларускамоўных гараджан большая за 50%, а часцяком і за 60%. Другі востраў — іўеўска-валожынскі — знаходзіцца на мяжы Мінскай і Гродзенскай вобласцяў. Радзіма Зянона Пазняка па-ранейшаму сведчыць пра сваю беларускасць! Трэці ж размясціўся на паўднёвым захадзе Міншчыны — вакол Нясвіжа і Клецка, захапіўшы з сабой і Ляхавіцкі раён.

Паўднёвы правал

Цяпер што да кожнай вобласці. Правальнай у плане беларускасці выглядае Гомельшчына.

Тут няма ніводнага раёна, дзе колькасць апытаных, якія назвалі сябе беларускамоўнымі, дасягнула хаця б 50%. Дарэчы, падчас перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі нацыянальна арыентаваныя кандыдаты заўважалі, то менавіта гэтая вобласць дае зусім маленькія лічбы сабраных подпісаў.

На Магілёўшчыне аазісамі беларушчыны з’яўляюцца раскіданыя па краях вобласці глухія, неўрбанізаваныя Краснаполле, Круглае і Глуск, дзе колькасць беларускамоўных дасягае 50–60%. А вось Віцебшчына, калі ехаць ад Смаленска ў бок да Латвіі, становіцца ўсё больш беларускай — ад абласнога цэнтра, дзе беларускамоўных менш за 5%, да ўжо названай рэкорднай Шаркаўшчыны.

На Брэстчыне вельмі русіфікаваны абласны цэнтр -- у савецкі час буйная вайсковая база. Тут, у Брэсцкім і Камянецкім раёне, паказчык не дацягвае і да 5%. Сітуацыю ратуюць Ляхавіцкі і Ганцавіцкі раёны.

Мінск і Горадня паказалі ад 5 да 10% беларускамоўных, але ў параўнанні з іншым вялікімі гарадамі гэта выглядае годным паказчыкам, бо астатнія абласныя цэнтры і Бабруйск не набіраюць і 5%.

Менавіта гродзенска-мінскую мяжу можна лічыць цэнтрам гарадской беларускасці. Землі, на якіх утваралася Вялікае Княства Літоўскае, найбольш супраціўляюцца русіфікацыі.

Прапарцыйная беларускасць

Агульная колькасць вясковага насельніцтва, якое назвала сябе беларускамоўным, складае 58,3%. Вось толькі вяскоўцаў засталося нашмат менш за гараджан.

Мапы вяглядаюць падобнымі, бо ў іх захоўваюцца тэндэнцыі — вяскоўцы па ўсёй краіне больш беларусіфікаваныя за гараджанаў, але гэты рост прапарцыяльны. Напрыклад, дзе налічылі 20% гараджан, там становіцца 40–50% вясковага. Таму цалкам лагічна, што

«рэкардсмены» такія самыя — глыбоцкае Паазер'е, правае Панямонне і гістарычныя Нясвіжчына і Случчына.

У некаторых раёнах там колькасць беларускамоўнага вясковага насельніцтва перавышае 90% — паказчык аднамоўнай аднанацыянальнай дзяржавы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)