Магілёўскі аблвыканкам узгодніць павышэнне падаткаў з бізнэсоўцамі

Магілёўскі аблвыканкам прыпыніў дзеяньне пастановы аблсавету пра падвышэньне адзінага падатку і падатку на дадатковую вартасьць. У абласной адміністрацыі прадпрымальнікаў запэўнілі, што наступным разам падвышэньне падатку ўзгодняць зь імі.

27 сакавіка каля 9 гадзін раніцы ля будынку аблвыканкаму ў Магілёве пачалі зьбірацца прадпрымальнікі. Па словах гандляроў, у іх прызначаная сустрэча з кіраўніком камітэту ў справе прадпрымальніцтва аблвыканкаму Мікалаем Красоўскім.

25 сакавіка прадпрымальнікі заяўлялі, што прыйдуць да будынку аблвыканкаму, каб пратэставаць супраць падвышэньня падаткаў.

Да 10.30 на пляцы сабралася блізу 300 прадпрымальнікаў. Яны пачалі зьбіраць подпісы пад зваротам да аблвыканкаму. Прадрымальнікі патрабуюць, каб аблвыканкам склікаў пазачарговую сэсію аблсавету, на якой скасаваў бы пастанову пра падвышэньня адзінага падатку.

Ад красавіка гандляры павіныя плаціць блізу 1,1 мільёны рублёў падатку штомесяц. Прадпрымальнікі цьвердзяць, што памер падаткаў эканамічна неабгрунтаваны, што бальшыня зь іх столькі не нагандлёўвае.

З сабранымі подпісамі прадпрымальнікі накіраваліся ў аблвыканкам, дзе стала вядома, што дзеяньне пастановы аблсавету пра падвышэньне адзінага падатку і падатку на дадатковую вартасьць прыпыненае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)