Скандалы
Алена Літвінава, Радыё Свабода

Маці асуджанага беларуса-добраахвотніка просіць Парашэнку заступіцца за яе сына перад Лукашэнкам

Людміла Посьпех, маці асуджанага ў Беларусі да пяці гадоў пазбаўленьня волі беларуса-добраахвотніка Тараса Аватарава, зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з заклікам заступіцца за яе сына, які абараняў цэласнасьць ўкраінскай тэрыторыі на Данбасе.

Людміла Посьпех

— Я прашу дапамагчы абараніць сына. І мая мэта ня столькі распавесьці пра бяду ў сваёй сям’і, а я ганаруся сваім сынам, колькі падтрымаць тых хлопцаў, якія на сёньняшні момант ня могуць прыехаць або вярнуцца дадому ў Беларусь, і іх абараніць.

Майго сына абараніць вельмі складана — гэта залежыць толькі ад жаданьня «вярхоў», таму я і зьвяртаюся менавіта да ўкраінскай улады зьвярнуць увагу на тых, хто абараняе цэласнасьць Украіны, — сказала Людміла Посьпех сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле яе, Тарас Аватараў быў затрыманы не ў Беларусі. Яго, нібыта, выкралі яго ў Кіеве спэцслужбы Расеі і перадалі супрацоўнікам КДБ, якія, пасадзілі яго ў машыну і адправілі спачатку да Гомля, а адтуль цягніком да Менску.

Паводле Людмілы Посьпех, яе сына суправаджалі на ўсім шляху да чыгуначнага вакзалу ў беларускай сталіцы. На падставе рамоў з сынам жанчына мяркуе, што самаробную выбуховую прыладу, за якую асуджаны яе сын, яму падкінулі якраз на мяжы Беларусі і Ўкраіны.

Зварот Людмілы Посьпех да ўкраінскіх уладаў падтрымаў Рух салідарнасьці «Разам» — сёньня ён будзе накіраваны на электронныя пошты ў Адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны і ў Вярхоўную Раду.

— Заўтра пачнецца візыт кіраўніка сёньняшняй улады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну. Просім вас зрабіць усё магчымае для вызваленьня беларускага палітвязьня Тараса Аватарава, які быў асуджаны на пяць гадоў зьняволеньня па інсьпіраванай спэцслужбамі крыміналнай справе. Насамрэч Тарас знаходзіцца за кратамі толькі таму, што зьяўляючыся грамадзянінам Беларусі, ваяваў за Ўкраіну, — адзначаецца ў звароце, падпісаным лідэрам руху салідарнасьці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)