Лица
«Вясна», фота Аляксандры Белавокай

Лявон Вольскі запрашае далучыцца да акцыі «Святочная паштоўка ў няволю»

Знакаміты рок-музыка Лявон Вольскі звяртаецца да ўсіх вядомых і аўтарытэтных людзей – беларускіх і замежных – музыкаў, літаратараў, мастакоў, спартоўцаў з заклікам павіншаваць асуджаных да арышту ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску з надыходзячымі Калядамі і Новым годам: «Вы – вядомыя людзі. Дык давайце ж разам створым сапраўдны Калядны цуд – асветлім змрочныя вязніцы!»

Зварот Лявона Вольскага

Шаноўныя сябры!

Мы прапануем Вам паўдзельнічаць у гуманітарнай акцыі. У Беларусі напярэдадні Калядаў і Новага году шмат людзей апынуліся ў месцах пазбаўлення волі. Яны былі арыштаваныя за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску. Ім наканавана правесці Каляды і Новы год за кратамі.

Гэта нявесела. Таму давайце крышачку расквецім іхнія шэрыя будні. Давайце напішам ім Калядныя паштоўкі! Канкрэтным людзям, у кожнага з якіх ёсць імя і прозвішча, праца, вучоба, каханне і ўлюбёная справа.

Выберыце, калі ласка, сабе асобу, якой Вы напішаце Калядную паштоўку. І пачынайце. Толькі не трэба надрыву, пафасу і слёз. Арыштаваным і без гэтага нялёгка. Давайце павіншуем нашых вязняў светла, радасна і з верай у лепшае. Вы – вядомыя людзі. Дык давайце ж разам створым сапраўдны Калядны цуд – асветлім змрочныя вязніцы!

* * *

Праваабарончы цэнтра “Вясна” вітае ініцыятыву рок-музыкі і прапануе далучыцца да гэтай віншавальнай акцыі ўсіх нераўнадушных людзей. На сайце spring96.org размешчаны спісы асуджаных: гэты спіс няпоўны і вельмі мала інфармацыі, хто ў якім месцы адбывае арышт, але спіс увесь час дадаецца, і бліжэйшыя дні мы спадзяемся праінфармаваць зацікаўленых больш дакладна. Таксама просім усіх, каму вядома, дзе адбываюць пакаранне канкрэтныя арыштаваныя – паведамляць пра гэта па электроннаму адрасу infocenter8@gmail.com Так разам мы вызначым, куды накіроўваць ім віншаванні з надыходзячымі святамі.

На сённяшні дзень вядома, што арыштаваныя знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску і Ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіна. Адрасы, па якіх можна накіроўваць паштоўкі:

220089

Мінск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў

Імя і прозвішча адрасата

222160

Мінская вобласць, Смалявіцкі раён, г. Жодзіна, вул. Сухаградская, 1

Жодзінскі РУУС

Імя і прозвішча адрасата

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)