Лявон Вольскі: «На цяперашні момант Беларусь акупаваная Белоруссіей, а за Беларуссіей мроіцца прывід БССРу»
Эсэ «Беларусь і Белоруссія» ад вядомага музыкі.
— Ёсьць такая Белоруссія. Яна намёртва адбілася ў мазгах тых, хто з розных абставінаў (узрост, тупая настальгія, уплыў старэйшых, асяродку на працы, прага кар’ернага росту, проста апантанасьць) ня здолеў ухіліцца ад саўковай заразы, — піша Лявон Вольскі. — Гэтыя атручаныя людзі ўспрымаюць сьвет дагары нагамі, наадварот: чорнае ў іх — белае, зло ў іх — дабро, масавае зьнішчэньне людзей — вызвольная апэрацыя, нацыянальная самаідэнтыфікацыя — нацызм, дзяржаўны фашызм — парадак і стабільнасьць, ва ўсім вінаватыя жыдамасоны зь іхняй сусьветнай змоваю, а «Чорны квадрат» Малевіча — чуш какая-та, я і сам такое нарысую.
Гэтых людзей ня так ужо й багата — у адсоткавым вымярэньні. Але. Ёсьць адна акалічнасьць. Калі ты хочаш рабіць кар’еру ў РБ (быць дэпутатам, вэртыкальшчыкам, дзяржаўным моладзевым лідэрам, журналістам дзяржаўнага выданьня ці тэле-радыё, дыпляматам, супрацоўнікам міністэрства ці нааат нейкага ЖРЭА, я ўжо не кажу пра ўсю багатую палітру сілавых і калясілавых структураў) — ты мусіш прайсьці праз ін’екцыю Белоруссіяй.
Інакш ты будзеш заўжды на паўпадпольным становішчы: ня член праўладнага саюза пісьменьнікаў — значыцца, не пісьменьнік, не сьпяваеш «за Стабільнасьць» — не сьпявак, выказваесься супраць таго, што ўлада Белоруссіі паламала людзям рукі, ногі і жыцьці — ня лекар. І далей па гэтай схеме.
Такім чынам, іх ня так ужо й шмат, але яны ва ўладзе. Яны фармуюць унутраную ды зьнешнюю палітыку, міжнароднае аблічча дзяржавы, ейны імідж і рэпутацыю.
Яны заўжды з Расеяй, бо Белоруссія ня можа быць без Россіі, тым болей — а раптам некалі надарыцца магчымасьць ускочыць туды ва ўладу і тады ўжо раскрыцца напоўніцу?
Белоруссія гвалтуе, забівае і катуе беларусаў і гаворыць, што гэта «во благо».
Белоруссія саджае замежны самалёт і гаворыць: ён сам сеў, хаця нармальныя людзі, не белоруссіанцы, выдатна разумеюць, што і як адбылося.
Белоруссія ініцыюе правакацыі на межах, масава транспартуе на гэтыя межы мігрантаў і цынічна пытаецца: а чаму вы гэтых бедных людзей не пускаеце, пракляты калектыўны Захад?
Белоруссія рэгулярна абражае лідэраў суседніх краінаў і заходняга сьвету, а ейныя ланцуговыя псы-прапагандысты брэшуць так, што ў іх ледзьве вантробы не вывальваюцца.
Урэшце Белоруссія саўдзельнічае ў расейскай вайне — пускае да сябе войскі агрэсара і ўхваляе запуск ракетаў і ўзьлёты самалётаў з тэрыторыі Беларусі і адчыняе межы для праезду ва Ўкраіну варожай тэхнікі.
Белоруссія дае беларускую чыгунку для транспартаваньня расейскай зброі, але — дзякуй Богу! — Беларусь распачынае рэйкавую вайну, і варожая тэхніка ня вельмі транспартуецца, але оркі Белоруссіі ахоўваюць рэйкі, і сярод беларускіх партызанаў ёсьць ахвяры.
Калі за ўвесь гэты букет подласьцяў ды мярзотаў Белоруссія атрымлівае букет санкцыяў у адказ, дык робіць пакрыўджаны твар і гаворыць: дык вось вы якія?! Усё, я з вамі не сябрую! Вы — падлюкі і мярзотнікі, адна я, Белоруссія, сумленная і добрая, ну, і яшчэ мая старэйшая сястра.
На цяперашні момант Беларусь акупаваная Белоруссіей, а за Беларуссіей мроіцца — у чырвона-зялёным балахоне з капюшонам, зь сярпом у адной кашчавай руцэ і молатам у іншай — прывід БССРу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное