«Лукашэнку нельга лічыць «трэцім бокам» ва ўкраінска-расейскай вайне»

Такое меркаваньне выказаў на міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000» у Празе кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі выступіў на міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000» у Празе

— Расейскія вайсковыя базы, агульная паветраная абарона, велічэзная эканамічная залежнасьць, культурная і моўная русіфікацыя, асіміляцыя беларусаў — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка, — патлумачыў Алесь Бяляцкі.

Паводле яго, улады Беларусі зьяўляюцца незалежнымі толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін.

Кіраўнік «Вясны» папярэдзіў аб небясьпецы «азэрбайджанізацыі» Беларусі — сытуацыі, калі Азэрбайджан, дзе ёсьць палітвязьні і няма свабоднай прэсы і выбараў, старшынюе ў Радзе Эўропы, арганізацыі, створанай для абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў.

— Дыктатары заўсёды знаходзяць чым гандляваць: рэсурсы, нафта, транзыт, геапалітычнае месцазнаходжаньне краіны, — сказаў беларускі праваабаронца ў сваім выступе, нагадаўшы, што ў Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі палітвязьні.

Алесь Бяляцкі падкрэсьліў: прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў тым, што расейскае кіраўніцтва адчула небясьпеку пасьля таго, як украінскі народ скінуў карумпаваную ўладу.

— Я дакладна ведаю, якая Ўкраіна задавальняла б Расею і Пуціна — такая, як сёньняшняя Беларусь, несамастойная ні палітычна, ні эканамічна дыктатура. Такая, як Беларусь, дзе не чуваць голас прыдушанага народу і незалежнасьць якой прывідная і слабая.

У канцы сваёй прамовы Алесь Бяляцкі заклікаў да аб’яднаньня людзей, якія разважаюць у катэгорыях дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека — бо недэмакратычныя рэжымы актыўна дапамагаюць адзін аднаму, і таму трэба змагацца супраць «інтэрнацыяналу дыктатур».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)