Комментарии
Віталь Портнікаў, Радыё Свабода

«Лукашэнка ўвойдзе ў падручнікі гісторыі Беларусі толькі ў выпадку, калі гэтыя падручнікі наагул будуць»

Прэс-служба прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла паведамленьне пра яго сустрэчу з былым украінскім калегам Леанідам Кучмам, які прадстаўляе Кіеў на перамовах у Менскай групе.

Вядома, гэта звычайнае пратакольнае спатканьне з абменам навагоднімі падарункамі і дзяжурнымі фразамі. Але якое паказальнае!

Лукашэнка і Кучма прыйшлі да ўлады практычна ў адзін і той жа час. Абодва эксплюатавалі ў сваёй перадвыбарчай кампаніі тэму барацьбы з карупцыяй ва ўладзе і аднаўленьня «разбураных сувязяў» з Расеяй. Абодва былі надзеяй шавіністычных сілаў гэтай краіны — добра памятаю сьвяточны нумар нэафашысцкай маскоўскай газэткі «Завтра» з партрэтамі Лукашэнкі і Кучмы на першай паласе. Але якое адрозьненьне ў выніках для Ўкраіны і Беларусі! І гэта нават не адрозьненьне паміж Кучмам і Лукашэнкам. Гэта адрозьненьне паміж грамадзтвамі, адрозьненьне ў стаўленьні да дзяржаўнасьці.

Лукашэнка фактычна дэмантаваў нават тыя зародкі беларускай дзяржаўнасьці, якія «прадзёўбваліся» да моманту яго абраньня на прэзыдэнта. Ён пазбавіў Беларусь практычна ўсяго — герба, сьцяга, мовы, гістарычнай памяці, парлямэнтарызму, эканамічных пэрспэктываў. Ён так і пакінуў сваю краіну пераназванай савецкай рэспублікай, дамініёнам Крамля — у гэтым сэнсе Беларусь нічым ня розьніцца ад Чувашыі або Калмыкіі, а з Чачэніяй з гледзішча сувэрэнітэту і параўнацца ня можа. Часам мне здаецца, што ня можа параўнацца нават з Татарстанам, дзе зусім іншае стаўленьне да сваёй мовы, гістарычнай памяці, сымболікі, эканамічных зьменаў. Затое Лукашэнка, які аказаўся сапраўдным далакопам беларускага народу, захаваў уладу і прымае Кучму ў якасьці дзейнага прэзыдэнта.

Кучма на пасадзе кіраўніка дзяржавы прабыў роўна столькі, колькі яму дазволіла ўкраінская Канстытуцыя. І ўжо ў гэтым розьніца паміж ім і беларускім узурпатарам, які перапісвае законы пад сябе. Але яшчэ адно важнае адрозьненьне — што прэзыдэнт Украіны стараўся абараніць уласныя інтарэсы ды інтарэсы нованароджаных украінскіх алігархаў. Што зусім не заўсёды супадала з інтарэсамі Крамля. У выніку ўсё яшчэ савецкая, але ўжо алігархічная Ўкраіна змагла набраць таго запасу трываласьці, які дазволіў ёй перажыць і прагнаць нашага «сапраўднага Лукашэнку», безразважнага Януковіча. У выніку ў нас змагло зьявіцца грамадзтва, якое думае самастойна. Кучма ня змог — ды і не спрабаваў — пазбавіць украінскі народ таго, чаго пазбавіў Лукашэнка беларусаў. Ён не рабіў замахаў на сымболіку, парлямэнтарызм, гістарычную памяць украінцаў. Розьніца паміж «саўком» і алігархіяй аказалася ашаламляльнаю — і выратавальнаю для будучыні.

Пэнсіянэр Леанід Кучма, без усякага сумневу, увойдзе ў падручнікі гісторыі Ўкраіны. Будучыя аўтары гэтых падручнікаў напішуць пра яго нямала жорсткіх і справядлівых словаў — але ня змогуць не прыгадаць і заканамернасьці, пра якія я пісаў у гэтым тэксьце.

Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ўвойдзе ў падручнікі гісторыі Беларусі толькі ў выпадку, калі гэтыя падручнікі наагул будуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)