Лукашэнка: «Мы з Пазняком паважалі адзін аднога»

У інтэрв’ю польскім СМІ кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка згадаў пра апазіцыю.

«Я ва ўладу прыйшоў з апазіцыі. З тым жа Зянонам Пазняком, з тым жа Шушкевічам у дэмакратычным клубе былі. Мы заўсёды знаходзілі агульную мову і паважалі адзін аднога. Але на першых прэзідэнцкіх выбарах нашыя шляхі разышліся».

Паводле Лукашэнкі, выбары 1994 г. былі фальсіфікаваныя: «Я перамог у першым туры. Яны ў мяне аднялі 5–6%, і я з вялікаю перавагаю, але выйшаў у другі тур з прадстаўніком улады».

Кіраўнік Беларусі запэўнівае, што некаторыя прадстаўнікі апазіцыі пасля першых выбараў звярнуліся да яго з прапановамі аб супрацы, аднак адышлі, не задаволеныя «раздаваннем партфеляў». Сённяшні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, паводле Лукашэнкі, спадзяваўся на пасаду міністра замежных справаў.

“Я вам клянуся самым дарагім, што ў мяне ёсць, у іх тактыка – як цяпер зваліць з гэтых выбараў”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка пра сваіх патэнцыйных канкурэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах. Спасылаючыся на звесткі “закрытага даследавання” рэйтынгу палітыкаў, Лукашэнка дадаў, што ў “Саннікава прочырк стаіць – на ўзроўні арыфметычнай памылкі, а ў Някляева – 0,3%”.

Тым часам, паводле даследаванняў НІСЭПД, менавіта рэйтынг дзейснага прэзідэнта падае, і за яго гатовыя прагаласаваць 43,6% апытаных. За Уладзіміра Някляева пагадзіліся аддаць свае галасы 5,1% апытаных, аднак у апошнім выпадку праглядаецца пазітыўная дынаміка – паводле папярэдніх апытанняў за Някляева аддалі б свой голас толькі 1,6%.

P.S. «Салiдарнасці»

Мабыць, Аляксандра Лукашэнка спасылаецца на тое самае даследванне, якое старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі назваў “фуфлом”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)