Политика

Ірына Дрозд

«Лукашэнка можа навешаць КДБшнікам і ГУБАЗікаўцам генеральскія лампасы хоць на піжамы, але гэта не дадасьць ім адвагі»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра страхі кіраўніка Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы расійскі мяцеж, вядома, казаў пра Беларусь — пра «збеглых», вар’ятаў, бясконцыя спробы «разхістаць» сітуацыю ў краіне. Тэма апынулася хвалюючай, нягледзячы на агучаныя нядаўна ім жа 80% безумоўнай падтрымкі.

Чаму беларускі кіраўнік пастаянна свядома (або несвядома) звяртаецца ў сваіх думках і словах да магчымага захопу ўлады?

— Лукашэнка яшчэ ў часы свайго дэпутацтва прагаворваўся пра тое, што яго найбольш хвалявала, нават калі асноўная тэма была іншая, — узгадвае палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык. — Ён мог казаць пра збор ураджаю і раптам прыгадваць Пазьняка, БНФ і «нацыяналістаў». Я не псіхіятар і не рызыкну кваліфікаваць такую асаблівасць.

Сяргей Навумчык

Цяпер жа, вынішчыўшы ў Беларусі, у палітычным сэнсе, усё жывое і фактычна аддаўшы тэрыторыю пад кантроль Крамля, Лукашэнка разумее, што рэальная небясьпека для яго (ва ўсякім разе, у цяперашні момант) можа сыходзіць толькі звонку.

А марш-кідок вагнераўцаў на Маскву, калі яны як нож скрозь масла прайшлі сотні кіламетраў па расійскай, здавалася б, цалкам падкантрольнай ФСБ і арміі тэрыторыі, паказаў, на што здольная група матываваных людзей са зброяй.  

Лукашэнка можа навешаць сваім КДБшнікам і ГУБАЗікаўцам генеральскія лампасы хоць на піжамы, але як чалавек з надзвычайным інстынктам самазахаваньня ён разумее, што гэта не дадасьць ім адвагі.

Маршыроўка на парадах, перамога над мірнымі людзьмі і бязлітасць пры катаваньнях палітвязьняў — гэта ня той вопыт, які дапаможа ў выпадку сустрэчы з тымі, хто мае рэальны баявы досьвед.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(48)