Общество

Літоўскі выканаўца Jurgis DID выпусціў песню ў падтрымку беларусаў

Мірны супраціў беларусаў і іх патрабаванне адстаўкі Лукашэнкі знаходзіць шчырую патрымку ў Літве, суседцы Беларусі і самай актыўнай прыхільніцы яе барацьбы за свабоду.

Ад самага пачатку пратэстаў Літва забяспечвала гуманітарную дапамогу і ладзіла акцыі грамадзянскай падтрымкі ды пратэсты ля амбасады Беларусі. Звычайныя грамадзяне Літвы, палітыкі і дзеячы культуры – кожны спрабуе зрабіць свой унёсак у падтрымку змагання краіны-суседкі.

Літоўскі выканаўца Юргіс DID (Jurgis DID) верыць, што негвалтоўны і мірны супраціў – гэта адзіны шлях для дасягнення доўгатэрміновых і ўстойлівых палітычных зменаў. «Мы, літоўцы, ведаем, што гэты спосаб спрацоўвае», – кажа ён.

Jurgis DID – калумбійска-літоўскі аўтар песняў і грамадскі актывіст. Сацыяльны алхімік, эдутэйнер і змагар крэатыўнага фронту, Jurgis DID выкарыстоўвае музыку і сумежныя формы мастацтва як інструмент уплыву на грамадства. Цягам сваёй шматгадовай дзейнасці ён стварыў паспяховую формулу для кампаній па трансфармацыі эмацыйнага ландшафту. Больш інфармацыі на jurgisdid.com

Мірныя пратэсты і музыка ёсць неад’емнай часткай барацьбы за свабоду ва Усходняй Еўропе. Сёлета напрыканцы лета 50 тысяч чалавек у Літве ўзяліся за рукі, стварыўшы 32-кіламетровы шлях свабоды ў падтрымку беларускіх пратэстаў. Акцыя прайшла як напамін пра Балтыйскі шлях 1989 года, калі два мільёны ўдзельнікаў узяліся за рукі, сфармаваўшы жывы ланцуг ад Вільні праз Рыгу да Таліна ў знак мірнага пратэсту супраць савецкай улады.

Юргіс тлумачыць, што першапачаткова ягоны найноўшы твор Time to Go (Час настаў — сыходзь) быў напісаны як песня-некралог – як выплеск негатыўнай энергіі падчас карантыну ў сувязі з эпідэміяй COVID. «Калі я выконваў гэтую песню перад беларускай амбасадай, яна ператварылася ў развітальны ліст Лукашэнку. Праз песню і музычны кліп я дасылаю гуманітарную дапамогу беларусам, каб падтрымаць іх цяперашні «палітычны экзарцызм» і распавесці ўсяму свету пра тое, што адбываецца ў апошняй дыктатуры Еўропы», – дадае Юргіс.

Гэтая песня ўжо транслявался ў жывым эфіры падчас акцыі-канцэрта ў падтрымку Беларусі і дэбютавала на Radio Plato, беларускай андэрграўнднай радыёстанцыі.

«Змаганне за свабоду ў Беларусі немагчыма сабе ўявіць без музыкі – ніводзін пратэст у краіне не абыхдзіцца без музыкаў, – кажа Максімас Мілта, кіраўнік аддзела камунікацыі і развіцця ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце – універсітэце, які ад 2005 года знаходзіцца ў выгнанні ў Вільні. – Цягам апошніх месяцаў Юргіс стаўся неад’емнай часткай рэгулярных пратэстаў ля амбасады Беларусі ў Вільні. Я ўпэўнены, што Time To Go абавязкова патрапіць у плэйлісты беларускіх пратэстоўцаў і стане для іх крыніцай натхнення ў цяжкія часы. Нашыя суседзі ведаюць, што мы іх падтрымліваем, і мы спадзяемся, што пасыл гэтай песні хутка стане рэальнасцю».

Jurgis DID кажа, што ў цяжкія часы роля мастацтва ёсць вельмі істотнай: «Яно можа дапамагчы пабачыць сэнс у сітуацыі навокал, стаць выразнікам думак і пачуццяў, а таксама аб’яднаць галасы людзей. У такіх сітуацыях кожны дапамагае, хто чым можа, і я буду шчаслівы, калі мая музыка саслужыць добрую службу маім беларускім сябрам».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)