Общество

Лістапад з Уладзімірам Караткевічам на «Радыё Рацыя»

З 1 лістапада на хвалях «Радыё Рацыя» распачаўся адмысловы праект «Лістапад з Уладзімірам Караткевічам», прысвечаны 80-угодкам класіка нацыянальнай літаратуры.

У яго рамках у эфіры будуць з’яўляцца кароткія літаратурныя радыёзамалёўкі паводле твораў класіка ў выкананні журналістаў «Радыё Рацыя». У кожнага з тых, хто стварае «Рацыю», ёсць «свой Караткевіч».

У першых перадачах журналістка «Рацыі» Валя Лаеўская прачытала ўрывак з «Ладдзі Роспачы» ды ўзгадала:

— З Караткевічам як пісьменнікам я ўпершыню пазнаёмілася ў 1970-х гадах мінулага стагоддзя. Знайшла яго аповесць «Ладдзя Роспачы» на польскай мове ў месячніку «Літаратура ў свеце». Караткевіч адкрыў для мяне дагэтуль невядомую Беларусь. Краіну, у якой жылі не толькі бедныя сяляне, абутыя ў лапці… Беларусь — краіна, якая мае сваю багатую гісторыю, традыцыі, сваіх рыцараў, князёў. Караткевіч адкрыў зусім іншы свет.

Вельмі асабістыя моманты ўзгадалі іншыя журналісты.

Улад Грынеўскі нарадзіўся ў адзін дзень з Уладзімірам Караткевічам — таксама 26 лістапада, але ў 1985 годзе, праз год пасля таго, як не стала пісьменніка. Такую акалічнасць журналіст лічыць вельмі сімвалічнай, і для яго Караткевіч заўсёды побач...

— Шмат гадоў таму Уладзімір Калеснік, прафесар Брэсцкага педінстытута, прапанаваў маёй маці, на той час студэнтцы філалагічнага факультэта, выйсці замуж за Уладзіміра Караткевіча, — узгадвае журналістка Наталля Герасімюк. — Сватаўство было няўдалым. Лёс распарадзіўся іначай.

Усё гэта ды многае іншае ў рамках адмысловага праекту «Лістапад з Уладзімірам Караткевічам» на хвалях «Радыё Рацыя» — у 8.35, 13.35 ды 18.35 паводле беларускага часу. Калі не атрымалася паслухаць у жывым эфіры, усе радыёзамалёўкі даступныя на сайце //new.racyja.com.

Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. У 1944 годзе пасля вайны вярнуўся ў Оршу з эвакуацыі, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1949–54 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Настаўнічаў у вёсцы на Кіеўшчыне, у Оршы. У 1960-х гадах мінулага стагоддзя скончыў Вышэйшыя літаратурныя і Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве. Ад 1957 года ўваходзіў у Саюз пісьменнікаў СССР, жыў і працаваў у Мінску.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за раман «Чорны замак Альшанскі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)