Лідар АГП: «На Акрэсціна не збівалі. Яны знайшлі іншыя магчымасці для катаванняў»
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў адбыў 15-суткавы арышт у ЦІП на Акрэсціна.
Палітыка арыштавалі напярэдадні Дня Волі. Сваімі ўражаннямі ад зняволення Казлоў падзяліўся з «Нашай Нівай».
— Затрымліваў мяне АМАП, я не паспеў далёка ад хаты ад’ехаць. Паводзілі сябе адэкватна, ветліва. Я разумеў, для чаго гэта ўсё, таму ўзяў сумку з машыны, якая ў мяне заўжды падрыхтаванай ляжыць. Адвезлі мяне ў Цэнтральнае РУУС, пасадзілі ў абяз’яннік. У РУУС сталі фабрыкаваць пратакол, нібыта я 21 сакавіка браў удзел у масавым мерапрыемстве ў Лебядзіным. Але ж я быў на самаізаляцыі. Потым прынеслі пратакол, што я аказваў супраціў пры затрыманні. Па версіі міліцыі, я ў двары РУУС упіраўся, не хацеў ісці. Усё гэта няпраўда, усё сфабрыкавана.
Мяне даставілі на Акрэсціна па гэтым пратаколе. Я патрабаваў адваката пры складанні пратакола, даваў тэлефон, але нічога мне не далі, хаця гэта маё законнае права. Мне нават не далі копію пратакола, яе дэманстратыўна парвалі і кінулі ў сметнік. На Акрэсціна цэлая эпапея, пятнаццаць сутак беззаконня.
Там перапоўненыя камеры. Палітычным, каб жыццё малінай не здавалася, кідаюць бамжоў. У камерах на адно месца спальнае — тры-чатыры чалавекі. Уся гэтая сістэма заточаная на тое, каб прынізіць чалавечую годнасць. Гэта парушэнне іх жа правіл. Яны перыядычна і гаварылі і намякалі, што здзекавацца з людзей — гэта каманда зверху.
Не было ні матрацаў, ні падушак, яркае святло гарэла на працягу ўсіх пятнаццаці сутак, яго не прыглушалі. Я адразу трапіў у карцар. Калі ім не спадабалася нешта, то вылілі ў камеру вядро хлоркі такой канцэнтрацыі, што адразу ж у людзей пачаліся праблемы. Карцар — гэта аднамесная камера, дзе знаходзілася 7—8 чалавек.
Хлорка была вельмі моцнай канцэнтрацыі: адразу заслязіліся вочы, рвотныя рэфлексы, кружылася галава. Аднаму хлопцу зусім было кепска. Атрымлівалася такая газавая камера. Яны і раней практыкавалі хлорку, але слабой канцэнтрацыі.
Калі ўбачылі, што людзям кепска рэальна, то спачатку адкрылі «кармушку». Мне самому стала кепска, усё гэта справакавала гіпертанічны крыз, таму мяне даставілі ў шпіталь, дзе цэлыя суткі збівалі ціск.
Калі збілі ціск, то адразу ж прыехаў канвой, які адвёз мяне назад на Акрэсціна. ЦІП сёння — гэта афіцыйна створаная катавальня, каб прынізіць людзей, зрабіць знаходжанне невыносным, здзекавацца з людзей. Перанаселеная камера — гэта ж яшчэ немагчымасць дыхаць, а гэта таксама цяжка.
Нейкі час я быў у нармальнай камеры, перапоўненай, але тым не менш. За пяць дзён да вызвалення мяне зноў змясцілі ў карцар. Там ніхто не тлумачыць за што, няма магчымасці звярнуцца да кагосьці, паскардзіцца, ты пазбаўлены ўсяго. Ні паперы, ні ручкі. Слухаюць скаргу — і ідуць далей, нібыта ты нічога не казаў. Нічога не фіксуецца нідзе.
Гэтыя катаванні працягваюцца кожны дзень, яны здзяйсняюць злачынствы. У карцары адразу было тры бамжы, потым яшчэ трох дакінулі. Так і сядзелі: адзін я і шасцёра бамжоў. Многія з іх не прайшлі апрацоўку — насякомыя і гэтак далей. Праз нейкі час частку бамжоў прыбралі і прывялі трох палітычных. Гэта адпаведны пах, не адчыняюць «кармушку», каб паступала паветра.
Пяць дзён я не прымаў ежу, калі мяне змясцілі ў такія ўмовы. Гэта быў адзіны спосаб пратэсту. Усім было ўсё адно на гэта. Я спытаў, ці дакладваюць пра гэта начальніку. Кажуць, так. Ну хоць неяк.
Я не заўважыў, што персанал ЦІПа з незадавальненнем здзекуецца з людзей. Яны гэта робяць у добрым гуморы, бо для іх мы жывёлы.
Ніхто нічога не тлумачыць, таму не ведаю, чаму адпусцілі на дзень пазней, мы для іх нямыя жывёлы. Кропельку мёду дадам: там дзівосныя людзі, ніхто не падаў духам, нягледзячы на прыніжэнні, мы шмат смяяліся, палемізавалі, гулялі ў нешта. Вельмі салідарная атмасфера была, хоць многія ўпершыню трапілі ў такія ўмовы. Было весела часта, па выбухах смеху разумелі, што побач таксама былі палітычныя.
На Акрэсціна не збівалі. Яны знайшлі іншыя магчымасці для катаванняў, і невядома, што яшчэ горш. Яны маюць вольныя месцы, але спецыяльна робяць перанаселеныя камеры, каб было невыносна. І гэта робяць супрацоўнікі міліцыі, якія павінны абараняць правы людзей.
Я не ведаю, дзе іх бралі, адчуванне, што іх не нараджалі мамы, што ў іх няма сем’яў. Жорсткасць нематываваная абсалютна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное