Общество

Легендарная Ніна Багінская распавяла, чаму яе дзеці не ходзяць на акцыі

Мінскую пенсіянерку Ніну Багінскую часта можна сустрэць на акцыях пратэсту. Яна выходзіць з плакатамі і бел-чырвона-белым сцягам, які сама пашыла. А яе фірмовая нашыўка на паліто «Свабоду народу» стала мемам.

Фота Надзея Бужан, Наша Ніва

У інтэрв’ю Нашай Ніне Багінская патлумачыла, чаму яе дзеці не бяруць удзелу ў акцыях.

— Лічаць, што гэта марная трата часу. Мяне ў міліцыі пужаюць, што ў турму пасадзяць. Кажу: «Адпачну ад усіх. Будзеце мяне карміць вашай кашай».

Штрафаў у Багінскай, па яе падліках, назбіралася на 15 тысяч даляраў. 50 працэнтаў пенсіі ўтрымліваюць на іх пакрыццё. Астатняе — 200 рублёў — выплачваюць Ніне, піша выданне.

Ад дапамогі яна заўсёды адмаўляецца.

— Ну якая дапамога? Я афіцыйна не хачу браць нічога ў праваабаронцаў. Хай грошы ідуць на развіццё, на моладзь. У вас, маладых, няма пенсіі, а выганяць з вучобы, работы — дык вымушаны будзеце з’язджаць. А я пражыву і за 200 рублёў.

Улетку я іду ў лес, збіраю ягады і прадаю. Гэта таксама мой даход.

Я плачу толькі за тэлефон. А астатняе ідзе на ежу. За кватэру плацяць дзеці — так разам і выжываем. Я эканомлю, з дзяцінства крошкі не выкіну.

Часам дапамогу ёй прапаноўваюць проста на вуліцы.

— На Курапацкіх сходках падыходзіць маладая пара. «Вы Ніна Багінская? Гэта вам». Бяруць мне грошы ў паліто сунуць. Я ўпершыню ўбачыла гэту купюру — 100 рублёў, — успамінае актывістка адзін з выпадкаў.

У 2016-м за нявыплату штрафаў у Ніны арыштавалі два лецішчы. Ніводнае так і не прадалі.

— Езджу туды. Усё гэта маё. Калі па мар’інагорскім званілі, я сказала: «Прадавайце як хочаце. Але я папярэджваю пакупнікоў: гэта прыватная ўласнасць. Улады вечнай няма. На той свет я нічога не забяру. А прыйдзе іншая улада, убачыць дакументы — і мае дзеці ці ўнукі выставяць свае правы. Савецкі Саюз разваліўся — было ж такое, маглі вярнуць маёмасць.

У мяне на лецішчы грушы хворыя. Вось што мяне хвалюе — не палітыка, мне дрэвы трэба лячыць, — смяецца актывістка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(63)