Общество

Галина Кудрук

Лаўрухін: «Галоўнае — затрымаць моладзь, каб яна не збегла з гэтага ГУЛАГа»

Эксперт у сферы адукацыі і дарадца Святланы Ціханоўскай па маладзёжнай палітыцы і студэнтам — пра абавязковую адпрацоўку для «платнікаў» у Беларусі. 

Мінадукацыі Беларусі прапанавала ўвесці абавязковую адпрацоўку пасля ВНУ не толькі для бюджэтнікаў, але і для тых, хто вучыўся платна. Гэтая тэма была ўзнята на нарадзе ў Лукашэнкі.

Правіцель заявіў, што занепакоены праблемай адтоку маладых кадраў з краіны пасля адпрацоўкі. На гэта міністр адукацыі Андрэй Іванец адказаў, што ўсе студэнты-бюджэтнікі пасля заканчэння ВНУ абавязаны адпрацаваць размеркаванне. Бываюць адзінкавыя выпадкі, калі выпускнікі замест гэтага кампенсуюць затрачаныя дзяржавай сродкі на іх падрыхтоўку.

«Лічу, што павялічыцца колькасць тых, хто не будзе ісці ў ВНУ»

Эксперт у сферы адукацыі, старшы аналітык BISS Андрэй Лаўрухін у інтэрв'ю «Салідарнасці» заўважае, што Лукашэнка сам канстатаваў факт адтоку моладзі з Беларусі.

Андрэй Лаўрухін

— Сама мера сведчыць пра тое, што гэта сапраўды вельмі істотная праблема. Маштабы, у якой яна зараз знаходзіцца, патрабуюць экстраардынарных падыходаў. Прызнанне факта, пра які яны заўсёды маўчалі, і пра які заўсёды казалі незалежныя эксперты. Толькі ў 2022-м ВНУ не далічыліся не менш за пяць тысяч абітурыентаў, — нагадвае эксперт.

Па-другое, гэта адток пасля таго, як ужо скончылі навучальную ўстанову. Моладзь бяжыць з краіны. Такая мера з размеркаваннем, канечне, нагадвае савецкія часы, але існуе істотная розніца: тады не тое што не плацілі за навучанне, студэнтам плацілі добрую стыпендыю.

Цяпер падвышаецца кошт на навучанне, за кошт чаго і як яны вылічвалі цану за адукацыйныя паслугі, — гэта таямніца. Ніхто, конешне, эканамічных складнікаў не пакажа. Безумоўна, гэта не сведчыць пра падвышэнне якасці адукацыі, як тыпу новы смартфон, у якім ёсць дадатковыя опцыі. Галоўнае тут сапраўды затрымаць моладзь, каб яна не збегла з гэтага ГУЛАГа.

Такая мера пераўтварае сістэму вышэйшай адукацыі ў акадэмічнае рэкруцтва. Мала таго, што вы плаціце грошы, дык вы яшчэ плаціце сваім жыццём, лёсам, лепшымі гадамі свайго жыцця. Гэта надта высокі кошт. Лічу, што павялічыцца колькасць тых, хто не будзе ісці ў ВНУ, і тых, хто стане ехаць навучацца ў іншыя краіны, — лічыць эксперт.

Самы просты шлях — ехаць у Расію. Там палітыка пазітыўнай фінансавай падтрымкі ўзрастае. У адрозненні ад беларускіх уладаў, у Расіі не патрабуюць ад студэнтаў адпрацоўкі, нават ад тых, хто вучыцца на бюджэце, нагадвае Андрэй Лаўрухін.

— Істотны момант, што цяпер ёсць жа абавязак адслужыць у арміі, калі не паступілі ў навучальную ўстанову. Гэта таксама стане падштурхоўваць з канцамі бегчы ў заходнім напрамку. З нядаўніх часоў адтэрміноўку тым, хто паступіў у замежныя ВНУ даецца толькі навучэнцам па праграмах беларускай дзяржавы – для ўсіх астатніх адтэрміноўка не даецца.

Гэта значыць на маладых людзей мужчынскага полу могуць завесці адміністрацыйныя ці нават крымінальныя справы. Таму калі нехта едзе вучыцца ў РФ, напрыклад, на платнай аснове і не мае накіравання ад беларускай дзяржавы, ёсць рызыка, што ўлады РФ выдадуць беларускім уладам маладых людзей (калі будзе такі запрос з боку беларускіх уладаў).

Дзяржава сігналізуе, што хоча заключыць такі сацыяльны дагавор: вы будзеце плаціць, каб вы працавалі ў гэтай краіне як мага больш, будзьце рабамі. Гэта новы ўзровень цынізму.

Трэба асабіста для сябе вырашыць, ці каштуе таго беларуская адукацыя. Бо калі кажуць, што цяпер навучанне ў Беларусі стане абыходзіцца ў некалькі разоў даражэй, дык, магчыма, варта за такія ж грошы альбо ўвогуле бясплатна атрымаць адукацыю ў Еўропе?

«Мы будзем працягваць працу, каб павялічваць колькасць месцаў для беларускіх студэнтаў і абітурыентаў у еўрапейскіх ВНУ»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па маладзёжнай палітыцы і студэнтам Маргарыта Ворыхава запэўнівае, што цяпер для беларускіх абітурыентаў і студэнтаў шмат магчымасцей для навучання ў Еўропе.

Маргарыта Ворыхава. Фота: БЕЛСАТ

— Лукашэнка думае, што моладзь такім чынам не зможа з'ехаць з краіны, гэта ў корані з'яўляецца памылкай, насамрэч ёсць вялікая колькасць магчымасцей гэта зрабіць, — кажа ў інтэрв’ю «Салідарнасці» Маргарыта Ворыхава. — У сувязі з такой сітуацыяй мы будзем працягваць працу, каб павялічваць колькасць месцаў для беларускіх студэнтаў і абітурыентаў у еўрапейскіх ВНУ.

Найперш, больш актыўна станем інфармаваць нашых міжнародных партнёраў аб тым, што адбываецца ў Беларусі, які ціск аказваецца на студэнтаў і абітурыентаў. У тым ліку станем працягваць аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі ў сферы адукацыі і іншых: гэта і санкцыі, і міжнародныя кампаніі. Таксама аказваць падтрымку моладзевым арганізацыям, якія маглі б даваць альтэрнатыўную адукацыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(20)