Латышонак: «Апарату Лукашэнкі нацыя не патрэбна, а толькі тэрыторыя і насельніцтва»

Чаму знішчаюць беларушчыну?

Беларускі гісторык Польшчы Алег Латышонак даў вялікае інтэрв’ю Ток. Апроч іншага, ён паразважаў, хто можа прыйсці пасля Лукашэнкі і чаму ён не падобны да сусветных дыктатараў, а таксама распавёў пра сваё стаўленне да Марзалюка і вызначыў галоўную, на сваю думку, падзею ў нашай гісторыі.

Алег Латышонак. Фота: скрыншот Ток/YouTube

Хто прыйдзе пасля Лукашэнкі

— Да рэвалюцыі 2020 года я баяўся, што прыйдзе наступны Лукашэнка. І што ў недэмакратычнай нацыі, як я тады ацэньваў, нават калі адбудуцца выбары, выйграе чалавек, які хутка войдзе ў ролю Лукашэнкі.

Цяпер у мяне больш аптымізму. За гэтыя гады я пабачыў, што вырасла новая праслойка грамадства, якая хоча жыць у дэмакратычнай краіне. Магчыма, гэта праслойка настолькі моцная, што здолее трымаць уладу ў сваіх руках.

Але рэжым Лукашэнкі моцна замацаваны, выгадаваў сабе новую «эліту», якая не аддасць уладу дабравольна. А калі нават будзе прымушана нейкімі абставінамі зрабіць выбары, яна будзе мець ўсе козыры ў руках. Так што калі казаць пра свабоду,  дэмакратыю і беларушчыну, то лёгка не будзе.

Таксама, паводле словаў гісторыка, Лукашэнка не падобен ні на аднаго з дыктатараў у сусветнай гісторыі.

— Я не бачыў у сусветнай гісторыі дыктатара, які б не быў патрыётам. Усе яны былі нацыяналістамі, хацелі паднімаць свае нацыі. А тут маем першага, які нішчыць сваю нацыю.

Лукашэнка ўжо не зможа вярнуць сабе падтрымку большасці беларусаў. Народ церпіць яго, бо баіцца вайны.

Дзякуючы чаму і каму ў Беларусі няма вайны

— Думаю, дзякуючы рэвалюцыі 2020 года. Расейцы пабачылі, што не пануюць над сітуацыяй цалкам і мусяць баяцца беларускай арміі, бо гэта армія складаецца ў вялікай ступені з прызыўнікоў. Зараз служыць пайшлі тыя, хто нават прымаў удзел у рэвалюцыі 2020 года, таму расейцы былі не ўпэўнены, ці можна задзейнічаць беларускую армію.

Лукашэнка зараз віляе. Але, думаю, толькі таму, што яму гэта зараз дазваляюць. Калі спатрэбіцца, расейцы перакінуць свае атрады ў Беларусь і перамяшаюць з беларускімі.

Навошта Лукашэнка нішчыць беларушчыну

— Спачатку Лукашэнка нішчыў беларушчыну і русіфікаваў краіну, бо спадзяваўся, што будзе маскоўскім царом. Пасля, калі ён зразумеў, што не будзе ім, пачаў дазваляць нейкую беларушчыну, але тут апынулася, што калі ёсць нацыя, яна патрабуе дэмакратыі і дыктатар ёй непатрэбны.

За гэтыя гады Лукашэнка стварыў вялікую праслойку бюракратычнага і сілавога апарату, які не патрабуе беларушчыны, каб існаваць. Яны проста трымаюць сілай краіну, але не хочуць яе здаваць расейцам, бо ведаюць, што пры маскоўскім панаванні будуць нікім. Але ім нацыя не патрэбна, а толькі тэрыторыя і насельніцтва.

Пра стаўленне да дэпутата і гісторыка Ігара Марзалюка

— Калісьці я яго любіў. Яго лёс паказвае, як памыляліся тыя, хто думаў, што можна прасоўваць беларушчыну ў рамках лукашэнкаўскага рэжыму. Не сумняваюся, што Марзалюк — патрыёт Беларусі, але тое, што ён фірмуе сваёй асобай, гэта прыклад падзення гісторыка як маральнага і навуковага аўтарытэту.

Пра галоўныя падзеі ў беларускай гісторыі

— Вызваленне сялян Аляксандрам II у 1861 годзе. Гэтая падзея стварыла магчымасць узнікнення беларускай нацыі. Пакуль нашыя продкі жылі ў няволі, ніякай нацыі не магло існаваць.

Гэта не значыць, што мы павінны ставіць Аляксандру II  помнікі, таму што ён задушыў паўстанне 1863 года. Ён гэта не дзеля нас рабіў, а дзеля магутнасці расейскай дзяржавы. Тым не менш гэта самая важная падзея ў гісторыі беларускай нацыі на маю думку.

Таксама трэба адзначыць два хрышчэння, паколькі з гэтай падзеяй мы далучыліся да нейкай цывілізацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(13)