Латыніна: Лукашэнка можа «перапуцініць» нават Пуціна

Як кіраваная Лукашэнкам Беларусь і ён сам паўплывалі на Расею за чвэрць стагодзьдзя? Пра гэта ў інтэрв’ю Радыё Свабода распавяла вядомая журналістка і пісьменніца Юлія Латыніна.

​— Я мяркую, што асаблівага ўплыву не было, быў адзіны ўзор, адзіная структура, якая прасочваецца ўва многіх былых рэспубліках СССР, за выключэньнем краінаў Балтыі, часткова Грузіі і, здаецца, ужо канчаткова Ўкраіны. Гэты ўзор, калі агульнае выбарчае права нядоўга існуе ў краіне і абарочваецца дыктатурай. Гэта адбылося ў Беларусі, у Казахстане, у Расеі. Гэта вельмі падобна на тое, што адбывалася ўва Ўсходняй Эўропе пасьля Першай усясьветнай вайны.

У былых рэспубліках СССР гэта адбывалася незалежна адна ад адной, я ня думаю, што Ўладзімір Уладзіміравіч глядзеў на Лукашэнку і вучыўся ў яго.

Гэта вынік усеагульнага выбарчага права ў беднай краіне, постсавецкай краіне, якая прызвычаілася да патэрналізму. І гэта недахоп усеагульнага выбарчага права наагул, у багатых краінах гэта адбываецца проста даўжэй.

Паміж Расеяй і Беларусьсю заўсёды існавала толькі эканамічная інтэграцыя. І яна была заўсёды ў адну браму. Яна дазваляла Беларусі жыць за кошт рэнты, часам за кошт нафтавага арбітражу, апошнім часам — за кошт «беларускіх» крэвэтак і пармэзану. Ніколі гэтая інтэграцыя не прадугледжвала перадачы ўлады нават на капейку. З чым я віншую Аляксандра Рыгоравіча. Гэта някепская з пункту гледжаньня аўтарытарнага ўладара сытуацыя.

Лукашэнка спараджаў у Крамлі надзеі, якія не спраўджваліся, і адначасна раздражненьне. Уся палітыка Расеі палягала ў тым, каб паспрабаваць ператварыць рэнту, якую атрымліваў Лукашэнка, у рычаг, пры дапамозе якога забраць у яго хаця б кавалак улады. Лукашэнка абсалютна па-майстэрску ад гэтага адмаўляўся. І паколькі ён можа «перапуцініць» нават Пуціна, ён захаваў сваю палітычную недатыкальнасьць. Расея ўтрымлівае Беларусь, але ні капейкі палітычнай выгады яна з гэтага пакуль не атрымала.

У Крамлі, гледзячы па ўсім, ёсьць плян, паводле якога да 2024 году Беларусь і Расея зьліваюцца ў адну дзяржаву і Пуцін робіцца прэзыдэнтам гэтай новай дзяржавы без праблемаў са зьменай Канстытуцыі.

Але гэты плян існуе яшчэ з часоў Ельцына і дагэтуль не рэалізаваўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(25)