Общество
Кастусь Лашкевіч, TUT.BY, фота Юліі Дарашкевіч, «Наша нiва»

Латушка ратуе Мірскі замак

Шматгадовыя скаргі незалежных экспертаў на тое, што ў выніку рэканструкцыі сімвал Беларусі, помнік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Мірскі замак можа страціць аўтэнтычны выгляд, нарэшце пачутыя. Адбылося гэта дзякуючы прызначэнню на пасаду міністра культуры былога амбасадара Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі. Новы міністр не толькі запрасіў да ўдзелу ў дыялогу грамадскасць, але і паставіў пытанне рубам: усе парушэнні выправіць, Мірскаму замку вярнуць першапачатковы выгляд!

Латушка ратуе Мірскі замак

Мірскі замак — помнік архітэктуры 16-18 стагоддзяў, які ў 2000 годзе першым з беларускіх аб’ектаў быў уключаны у Спіс сусветнай і культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У структуру замкавага комплекса, які займае 26 гектараў, уваходзіць уласна замак, капліца-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, італьянскі рэнесансны сад, ангельскі парк і стаў.

Пастанова Саўміну БССР аб рэстаўрацыі замка была падпісана ў 1978 годзе. У 1987-м комплекс быў перададзены на рахунак Нацыянальнага мастацкага музея. Інтэнсіўная рэканструкцыя аб’екта вядзецца апошнія гады тры і мусіць скончыцца ў 2010 годзе. Тады у 39 залах паўночнага корпусу размесціцца музейная экпазіцыя. Ва ўсходнім — гатэль з канферэнц-залай, рэстаранам і саўнай.

Апошнія гады незалежныя эксперты не аднойчы білі ў званы: рэканструкцыя ажыццяўляецца з парушэннем часовай стылістыкі будынку. Самы яскравы прыклад: ва ўсходнім корпусе, які месцамі адбудоўваўся ледзь не з «нуля», з’явіўся ліфт. Замежныя эксперты, убачыўшы асобныя элементы наватвору, хапаліся за галовы. Усё часцей сталі хадзіць чуткі аб тым, што Мірскі замак выключаць са Спісу ЮНЕСКА.

30 ліпеня намеснiца начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Аксана Сматрэнка, адказваючы на пытанне Радыё TUT.BY, ці можа Мірскі замак быць пазбаўлены статусу ЮНЕСКА, зазначыла: «На любым аб’екце, калі не выконваецца закон, гэта прывядзе да пэўных наступстваў. Не ведаю, ці адбудзецца гэта з Мірскім замкам, бо наша міністэрства яшчэ не разглядала гэтай інфармацыі. На аб’екце работа вядзецца ў адпаведнасці з узгодненай праектнай дакументацыяй».

Падобныя фразы чыноўнікі Мінкульта паўтаралі не адзін год, скрозь пальцы гледзячы на тое, што адбываецца з замкам. Аднак як толькі крэсла міністра заняў Павел Латушка, сітуацыя пасунулася з месца.

Гэтак, 11 жніўня падчас наведвання Мірскага замка міністр культуры ўласнаручна ўказаў на шэраг грубых парушэнняў, дапушчаных пры рэканструкцыі помніка.

У заявах для СМІ ён быў максімальна стрыманы, падкрэсліўшы, што ў ацэнцы працэсу рэканструкцыі не павінна быць лішніх эмоцый: «Мірскі замак — залатая спадчына Беларусі. Мы павінны падыходзіць да тэмы рэканструкцыі замка вельмі далікатна, без спешкі... Разам з тым патрэбен і навуковы аналіз, прафесійная ацэнка таго, што адбываецца».

Аднак нават у навіновым сюжэце на Першым нацыянальным тэлеканале было бачна непадробнае здзіўленне, якое выклікалі ў Латушкі пэўныя вынікі рэканструкцыі палаца і ўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. Напрыклад, міністр быў абураны, убачыўшы ля аднаго з уваходаў у двары замка навес з сучасных празрыстых матэрыялаў, а таксама крушню валуноў, вываленых рабочымі наўпрост на карані шматвекавых радзівілаўскіх дрэваў.

«Прэтэнзій па рэстаўрацыі гэтага помніка ў нас надта многа, нават баюся стаміць вас падрабязнасцямі, — распавёў тады ў інтэрв’ю «Советской Белоруссии» старшыня Рэспубліканскага манументальна-экспартнага савету Іван Міско. — Сутнасць у тым, што ў працэсе рамонту пачала страчвацца гістарычная дакладнасць і не толькі з сілу выбару непадыходзячых будматэрыялаў. На наш погляд, той мікст гістарычных эпох і стыляў, які ўзнаўляюць тут рэстаўратары, у выпадку архітэктурнага помніка проста недарэчны».

Дадамо, што адной з прычын паездкі Латушкі ў Мір стаў зварот Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое занепакоілася магчымай высечкай унікальных дрэваў, высаджаных каля замка яшчэ самімі Радзівіламі. Як выявілася, парк 19 стагоддзя, які разам з замкам уключаны ў Спіс ЮНЕСКА, з 2007 года не ахоўваецца. Некаторыя рэдкія радзівілаўскія дрэвы ўжо пасечаныя, на тэрыторыі багата сметнікаў, вогнішчаў, слядоў ад будаўнічай тэхнікі і аўтамабіляў...

У гэтым кантэксце не зусім лагічнай выглядае заява начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігара Чарняўскага. 11 жніўня, падводзячы вынікі візіту міністра, ён адзначыў «Интерфаксу», што «ніякай катастрофы з Мірскім замкам, з яго рэканструкцыяй няма. Ёсць працоўныя дыскусіі, якія не варта выдаваць за нешта іншае. Тое, што мы сёння ўбачылі ў Мірскім замку, нельга назваць праблемамі. Ідзе рэканструкцыя і многія пытанні, напрыклад па ўборцы смецця, можна вырашыць за дзень-два».

Павел Латушка паабяцаў пільна разгледзець сітуацыю на пазачарговым паседжанні Беларускай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры, запрасіўшы да ўдзелу ў абмеркаванні грамадскасць. І, сапраўды, 3 верасня ў гарадскім пасёлку Мір анансаванае мерапрыемства адбылося.

Як распавёў TUT.BY старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, у паседжанні апроч Паўла Латушкі і намесніка міністра культуры Уладзіміра Грыдзюшкі бралі ўдзел прадстаўнікі праектных, падрадных і грамадскіх арганізацый.

«Як высветлілася, па Мірскаму замку вельмі няпростая сітуацыя. Ужо адзін той факт, што апошні раз Рада збіралася па гэтым пытанні два гады назад, кажа пра многае, — распавёў Астаповіч. — Доўгі час практычна ўсе праектныя рашэнні па рэстаўрацыі прымаліся навуковым кіраўніком Мірскага замка Дзмітрыем Бубноўскім (былы намеснік міністра культуры, экс-старшыня Камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. — TUT.BY), які адначасова з’яўляецца і галоўным архітэктарам праекта. Прадстаўнік УП «Мінскпраект», які асабіста адказвае за ўзнаўленне помніка гісторыі і архітэктуры, дапусціў шматлікія парушэнні норм і методык, што адбілася на змене аўтэнтычнага выгляду замка. У той жа час заказчык работ Нацыянальны мастацкі музей, па-сутнасці, застаўся ў баку».

Дарэчы, аб тым, што нельга давяраць рэканструкцыю замка аднаму чалавеку, які быў і заказчыкам і выканаўцам адначасова, яшчэ у 2007 годзе на канферэнцыі «Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеіфікацыі» гаварыў археолаг Алег Трусаў. Дзмітры Бубноўскі кіраваў праектам рэканструкцыі замка ад 1986 года.

На паседжанні Радай было прынята рашэнне аб перадачы навуковага кіраўніцтва рэстаўрацыяй ад Бубноўскага да адмысловай камісіі, якая будзе створана неўзабаве. Сама Рада надалей будзе збірацца для абмеркавання сітуацыі ў Міры кожныя два месяца.

Таксама, паводле Канвенцыі ЮНЕСКА, будзе прыняты план кіравання замкам і план аховы прылеглай тэрыторыі. Як перадае БЕЛТА, Латушка адзначыў, што Мірскі замак — вельмі складаны аб’ект рэканструкцыі, таму цалкам магчыма ўзнікненне пытанняў падчас работ на ім. «Неабходна больш шчыльнае супрацоўніцтва заказчыка, навуковага кіраўніка і падрадчыка, каб паміж імі было больш дыялогу і аналізу пытанняў, якія паўстаюць», — сказаў міністр.

— Наколькі сур’ёзны ўрон нанесены аб’екту сусветнай спадчыны ЮНЕСКА? — пытаюся ў Антона Астаповіча.

— Вельмі сур’ёзны. Шматлікія пытанні выклікаюць, да прыкладу, кафельныя печкі і аздабленне ўнутраных інтэр’ераў, калодзеж унутры замкавага двара і шкляны навес, які дэмантавалі за дзень да прыезду сяброў Навукова-метадычнай рады. Аднак самая вялікая праблема — добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол замка. Вялікая масіўная агароджа, бетонна-каменны ўваходны партал папросту забіваюць эстэтыку сярэднявечнага замка. Усё гэта цалкам дысануе з выглядам замка і з’яўляецца парушэннем ўсіх магчымых методык.

— Ці мажліва яшчэ выправіць сітуацыю і вярнуць помніку максімальна блізкі да першапачатковага выгляд?

— Зрабіць гэта ніколі не позна, але няпроста, бо найперш звязана з фінансамі. Міністр культуры сказаў, што будзе дабівацца ліквідацыі дапушчаных парушэнняў коштам праекціроўшчыкаў і падрадчыкаў. Калі гэта ўдасца здзейсніць, будзе цудоўна. У любым разе, варыянты можна знайсці. Было б жаданне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)