Латушка: Лукашэнку на стол паклалі ацэнку сітуацыі рускамірнага ўплыву сярод прапагандыстаў і сілавікоў. І гэта стварае яму персанальную пагрозу

Прадстаўнік АПК і НАЎ Павел Латушка — пра тое, ці пагражае «рускі мір» у асяроддзі сілавікоў і прапагандыстаў правіцелю, а таксама ці магчымы ў Беларусі транзіт улады.

— Пасля таго, як Лукашэнка прыняў рашэнне зачысціць нацыяльна-арыентаванае беларускае грамадства, пасадзіўшы тысячы людзей у турмы, прымусіўшы і выкінуўшы па-за межы краіны актыўных беларусаў, ён ачысціў поле. І ён думаў, што на гэта поле змогуць увайсці такія гульцы, як БРСМ, Беларускі саюз жанчын, ветэранская арганізацыя і іншыя. Што яны змогуць замясціць гэтую функцыю, — кажа палітык у эфіры Еўрарадыё.

У выніку адбылося так, што ў гэтае чыстае поле зайшлі рускія, а туды зайшлі рускія агенты. Гэта «Россотрудничество», «Фонд Горчакова» і іншыя. І такія прапагандысты, як Азаронак, Бондарава — яны як бы паказваюць сваю лаяльнасць Лукашэнку, расказваючы, што ён бог і цар, але фактычна робяць усё ў інтарэсах рускага міру.

Павел Латушка

Па нашых звестках, месяц-паўтары назад КДБ і ААЦ паклалі Лукашэнку ацэнку гэтай сітуацыі. Што ўзнікае крытычнасць уплыву рускамірскіх на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі, што стварае яму персанальную пагрозу патэнцыйнага змяшчэння з улады прадстаўнікамі Расіі.

Таму пачаліся публічныя канфлікты паміж прапагандыстамі, але ж у Лукашэнкі цяжкая сітуацыя: ён не можа закрыць іх, пасадзіць у турму за тое, што яны працуюць супраць дзяржавы, бо як на гэта адрэагуе Расія?

Латушка ўспамінае сітуацыю, калі ў Гродне выйшлі два чалавекі, якія выступалі за ўваход Беларусі ў склад РФ, але ім за гэта нічога не было.

— А калі выйдзе такіх 50 чалавек, з георгіеўскімі стужкамі ў дзень агульнага прызначэння дэпутатаў лукашэнкаўскага парламента і скажуць, што яны тут усе за тое, каб Беларусь уступала ў Расію? Хіба Лукашэнка іх пасадзіць у турму? А што яму на гэта скажа Пуцін? Ён, канешне, загнаў у гэты кут сам сябе. Ён разумее гэту крытычную сітуацыю, але не шмат можа супраць гэтага зрабіць.

Гэта яшчэ адзін ціск, які існуе на яго. Таму мы і кажам пра гэты раскол эліт, што сярод яго прыхільнікаў ёсць частка, якая адначасова з’яўляецца прыхільнікамі дзяржаўнасці і не хоча, каб над імі ўладавалі маскавіты. І гэтыя людзі патэнцыйна могуць быць падставай змен у Беларусі. Не кажу, што яны зробяць гэтыя змены, але могуць згуляць нейкую ролю ў крытычны момант пералому.

Таксама палітык адказаў на пытанне, ці магчымы сёння транзіт улады праз дыялог апазіцыі з наменклатурай у Беларусі праз гарантыі бяспекі ад Святланы Ціханоўскай.

— На сённяшні дзень не. Я думаю, што патрэбны ордар на арышт Лукашэнкі, бо, як я кажу, гэта чорная метка. Каб яны не думалі, што ў яго ёсць перспектывы.

Па-другое, мы павінны глядзець на сітуацыю больш цяжэй: зараз Лукашэнка плануе арганізаваць адзіны дзень прызначэння дэпутатаў парламента Лукашэнкі. Гэта не выбары, а адзіны дзень прызначэння. Ён упісваецца ў больш глабальную стратэгію, звязаную с патэнцыйным транзітам ўлады ў Беларусі.

Трэба прыняць да базавага сцэнару, што Лукашэнка ніколі не адмовіцца ад улады, ён хоча яе мець. І будзе да апошняга рабіць усё, каб захаваць уладу. Але ж па што ён стварыў ВНС? Калі будуць прызначаныя гэтыя дэпутаты, праз два месяцы павінен адбыцца сход ВНС. Хто будзе яго кіраўніком? Фармальна ВНС можа аб’яўляць імпічмент прэзідэнта (умоўна называем гэтую пасаду, бо Лукашэнка ім не з’яўляецца). 

І Лукашэнка дазволіць, каб хтосьці сядзеў зверху? Значыцца, мы можам разглядаць варыянт, што ён пасля гэтых выбараў становіцца старшынёй прэзідыума ВНС і адначасова захоўвае за сабой узурпаваную пасаду прэзідэнта краіны.

Пасля 2025 года ён альбо пойдзе на выбары і прызначыцца зноў, калі мы не зможам гэтаму супрацьстаяць і будзе займаць дзве пасады. Альбо ёсць варыянт, што ён на месца прэзідэнта можа прапіхнуць сваю кандыдатуру: на сённяшні дзень гэта Наталля Качанава і Віктар Лукашэнка.

Лукашэнка навучаны сцэнаром Назарбаева: ён перадаў уладу Такаеву. І хто зараз Наразбаеў? Сталіцу перайменавалі, статусу пазбавілі, добра, каб не арыштавалі.

Лукашэнка ўжо не хоча такога сцэнару, таму яму патрэбны сцэнар, дзе ён будзе кантраляваць гэтую пасаду. Гэта забяспечыць яму можа яго сын. У прэзідэнта Туркменістана гэта ўжо адбылося. Толькі Лукашэнка будзе старшынёй ВНС, а сын будзе прэзідэнтам. Але ж гэта толькі адзін са сцэнароў, — мяркуе Латушка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(30)