Общество

Латушка: «Гэтая асабістая параза Макея. На 80-90% МЗС складаецца з людзей, якія супраць сённяшняй палітыкі»

Былы амбасадар і дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка расказаў пра ўнутраную сітуацыю ў МЗС і пракаментаваў Нашай ніве паводзіны міністра.

На пытанне, што ён думае на рэакцыю міністра Макея на апошнія падзеі, Латушка адзначыў:

— Гэтая асабістая параза Макея. Ён апошнія гады праводзіў палітыку беларусізацыі, дэманстраваў, што ён праеўрапейскі палітык, што сыходзіць з прынцыпаў пабудовы дэмакратычнай дзяржавы шляхам эвалюцыі. Фактычна ж тое, што адбылося ў Беларусі пасля выбараў — цалкам супярэчыць усяму, што рабіў Макей. Да яго ўзнікае пытанне: ці не павінен ён зрабіць выбар, ці ён за гвалт і фальсіфікацыі альбо супраць? Ён пазбаўляецца аўтарытэту ў Еўропе.

Што тычыцца кадравай палітыкі, то, на думку Паўла Латушкі, у ёй відавочны ўплыў Максіма Рыжанкова, першага намесніка Адміністрацыі прэзідэнта.

— Шмат гадоў ён знаходзіцца ў прамым канфлікце з Уладзімірам Макеем. Ён выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб знішчыць Макея на гэтай пасадзе, — адзначае палітык. — Пасол Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч — гэта асабісты сябра Уладзіміра Макея. Ён звольнены, бо двое дыпламатаў не пагадзіліся з палітыкай сённяшніх уладаў. Зразумела, што Макей бараніў свайго сябра, але яму гэта не ўдалося. Рыжанкоў перайграў тут Макея. Сёння мы можам канстатаваць, што знешняя палітыка Беларусі разваленая.

«Наша ніва» ўдакладніла ў Латушкі, ці не з’яўляецца крытыка Максіма Рыжанкова — асабістым (Рэч у тым, што першая жонка Латушкі цяпер у шлюбе з Рыжанковым)?

— Я не крытыкую, я канстатую. Я гавару факты. Скарачэнне цэнтральнага апарату МЗС, якое адбылося тры гады таму, — гэта была ініцыятыва Рыжанкова. Макей супрацьстаяў гэтаму, але прайграў.

Латушка таксама адзначыў, што фактычна на 80-90% МЗС складаецца з людзей, якія супраць сённяшняй палітыкі кіраўніцтва краіны.

— КДБ цудоўна ведае пра гэта, але звольніць столькі дыпламатаў адначасова немагчыма. Аднак і на лаяльнасць знешнепалітычнага ведамства ўлады разлічваць ужо не могуць. Фактычна, дыпламаты будуць знаходзіцца ў стане італьянскай забастоўкі, — лічыць ён.

Латушка: «Людзі, якія чыняць гвалт, атрымліваюць узнагароды, а тыя, хто супраць, пазбаўляюцца рангаў»