Кувалда як аргумэнт. Чаму ўлады катуюць Бабарыку

Валер Карбалевіч – пра сітуацыю з Віктарам Бабарыка, якога з калоніі даставілі ў бальніцу.

– У абарону Віктара Бабарыкі выступілі Сьвятлана Ціханоўская і афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу. А ўлады, як звычайна, усяляк утойваюць інфармацыю, – піша Карбалевіч. – Чаму?

Сытуацыя, калі ў былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ў выніку знаходжаньня за кратамі жыцьцё апынулася пад пагрозай, яскрава адлюстроўвае палітычны стан краіны.

Мы назіраем агульны трэнд на «зачыстку» грамадзтва ад усялякага іншадумства. Канвэер рэпрэсій ня толькі не спыняецца, а наадварот, набірае хаду. Штодня прыходзіць інфармацыя пра новыя арышты, суды, ператрусы. Узмацняюцца катаваньні палітвязьняў. Краіна крок за крокам, пасьлядоўна ператвараецца ў сучасны ГУЛАГ.

Многія экспэрты разважаюць, у чым палітычны сэнс такога маштабнага тэрору. Бо рэальнай пагрозы аднаўленьня пратэстаў сёньня няма. Таму гадаюць на тэму мэтазгоднасьці і практычнай неабходнасьці такіх дзеяньняў для самога рэжыму.

Даецца шмат правільных адказаў на гэтае пытаньне. Калі адсутнічае зваротная сувязь улады з грамадзтвам, то пагроза паўтарэньня пратэстаў перабольшваецца. Мадэль крэпасьці ў аблозе патрабуе пастаяннай мабілізацыі ў барацьбе з ворагамі. Нарэшце, працягваецца элемэнтарная помста за траўму 2020 году.

Але ёсьць яшчэ адзін чыньнік. Лукашэнка імкнецца прадэманстраваць усім — прыхільнікам і праціўнікам — незваротнасьць таго курсу, які быў узяты пасьля 2020 году, фатальную наканаванасьць існаваньня цяперашняга рэжыму, немагчымасьць ніякай альтэрнатывы.

Зрабіць увесь дзяржаўны апарат (а найперш сілавыя структуры) запэцканымі рэпрэсіямі — важны сэнс цяперашняй кампаніі тэрору.

Сымбалем такой незваротнасьці стала кувалда, падораная Лукашэнкам Рыгору Азаронку. Кувалда і аўтазак зь дзяржаўным сьцягам — гэта сапраўдныя сымбалі лукашэнкаўскага рэжыму.

А фігура Віктара Бабарыкі — гэта якраз сымбаль альтэрнатывы. Усе, хто цікавіўся палітыкай у 2020 годзе, разумелі, што гэты чалавек — самы рэальны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта. Ягоная папулярнасьць цягам кароткага часу павялічвалася ў геамэтрычнай прагрэсіі.

Невыпадкова Лукашэнка запанікаваў і арыштаваў яго яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў. І кінуў Бабарыку за краты на 14 гадоў.

Але ўсе разумеюць, што Бабарыка і дагэтуль самы папулярны палітык у краіне. Людзі, якія сядзелі ў наваполацкай калёніі, расказваюць, што гэта ўсьведамляюць нават ахоўнікі, супрацоўнікі гэтай пэнітэнцыярнай установы.

Лукашэнка адчувае, што ўсьведамленьне незваротнасьці ягонай улады і ў асяродзьдзі намэнклятуры, і ў грамадзтве знаходзіцца пад сумневам прынамсі да таго часу, пакуль сымбаль альтэрнатывы жывы-здаровы. Гэта як ружжо, якое вісіць на сьцяне, але ў любы момант можа стрэліць.

Мала таго, Бабарыка не зламаўся, паводзіць сябе годна, адмовіўся эміграваць, не прызнаў віны, ня каяўся на відэа, ня просіць памілаваньня.

І ўлады разумеюць, што з усім гэтым трэба нешта рабіць. Вось і робяць. Кувалдай!

Умовы ягонай працы можна прыраўнаваць да катаваньняў. Бабарыку спачатку прызначылі працаваць у хлебапякарні, дзе тэмпэратура нават з выключанымі печамі перавышае 30 градусаў, а памяшканьне практычна не вэнтылюецца. Потым перавялі на цяжкую працу па выпальваньні драўнянага вугалю, да якой у вязьня ёсьць мэдыцынскія супрацьпаказаньні.

У апошні час ён увесь час знаходзіўся ў ШЫЗА. Акрамя таго, Бабарыку фактычна пазбавілі адвакатаў.

Таксама варта нагадаць, што за кратамі знаходзіцца ягоны сын Эдуард Бабарыка. Прычым хутка міне тры гады, як той пазбаўлены волі без усялякага суду. То бок улады нават не спрабуюць імітаваць нейкую законнасьць, а дэманструюць, што Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў ролі закладніка.

Гэта таксама спосаб моцнага ціску на Віктара Дзьмітрыевіча. Вось здароўе вязьня і ня вытрымала.

Яшчэ варта адзначыць, што расправы над галоўнымі палітычнымі праціўнікамі двух дыктатараў адбываюцца сынхронна ў Беларусі і Расеі. У РФ Аляксея Навальнага абвінавачваюць у тэрарызьме, яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне. Там таксама кувалда занесена над галавой самага небясьпечнага суперніка Пуціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(30)