Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Лукашэнка зрабіў паклон Прыгожыну

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином апошнія гучныя падзеі.

Юрый Дракахруст

— Лукашэнка правёў нараду ў Гродне, дзе ўзняў тэму стану дарог, а таксама малочна-таварных комплексаў? Ці можа гэта азначаць, што ён ізноў, як гэта ўжо здаралася ў апошнія гады, спрабуе схавацца за звыклымі клопатамі ад невырашальных праблем? Ці гэта такі сігнал беларусам: маўляў, я тут гаспадар, трымаю руку на пульсе?

— Я думаю, што хутчэй апошняе. Дарэчы, у такім жа ключы было вытрыманае і ягонае апошняе штогадовае пасланне. Магчыма, там была нададзена ўвага дробязным і другасным рэчам, якія не адпавядалі ягонаму ўзроўню. Але вось так ён будуе вобраз будучыні.

Бо з прапановай нейкіх кардынальных падыходаў у яго заўсёды было складана, а зараз тым больш. Але за адсутнасцю нейкага стратэгічнага бачання ён спрабуе прадэманстраваць, што ён вырашае канкрэтныя праблемы людзей.

Вось цэны, якія ён замарозіў. А вось дарогі, кіраўнік паказвае, што ведае пра гэтую праблему. І дасылае грамадству сігнал, што ён дбае пра ягоныя інтарэсы. А куды мы ідзем? Ну вось такімі дробнымі крокамі, вырашаючы такія праблемы, наперад і ідзем.

У прынцыпе, усё гэта адпавядае ягоным ранейшым падыходам. Ён так сваю функцыю і бачыў. Таму я не сказаў бы, што гэта штосьці экстраардынарнае. Мы ж памятаем, як ён апекаваўся аб**нымі каровамі. Ну вось цяпер клапоціцца пра дарогі. Гэта ў ягоным стылі.

— Але пэўна ж гэта не азначае адыходу ад вобразаў, якія дыктуе жыццё ў паўваенным стане?

— Не, ваенны стан застаецца ваенным станам. Я думаю, што і ў рэальнасці, і ў ягонай рыторыцы мілітарызацыя займае 50, а то і ўсе 80%. Змаганне з ворагамі, складаны міжнародны баланс, «калі заўтра на нас нападуць» — менавіта гэта займае большую частку ягонага часу, ягонай рыторыкі.

Але ў яго ёсць адчуванне, што толькі аднаго гэтага недастаткова. Тут жа сітуацыя такая: калі ты рэальны ваенны лідар, твая краіна вядзе вайну, то падобнай тэматыкі тваё грамадства ад цябе можа і не вымагаць.

Той жа Зяленскі не кранаецца пытанняў кароўнікаў, надояў і ўкосаў. Так, ён займаецца збожжавай угодай, але гэта вялікая стратэгія. А дробнымі пытаннямі нават на рытарычным узроўні ён не займаецца. Ён лідар краіны, якая ваюе.

Але Беларусь вайну не вядзе. І таму абмяжоўвацца толькі бясконцай падрыхтоўкай да чагосьці, а пры гэтым нічога не адбываецца, малавата для краіны, якая ўсё ж мірная. І таму гэтая мілітарызацыя перамяжаецца ягонай ранейшай роляй.

Раней, калі сітуацыя была іншай, 90% таго, што Лукашэнка гаварыў, тычылася медыцыны, цэн, дарог. Зараз, зразумела, гэтага стала менш, але ён захоўвае гэты накірунак.

— У Хатыні прайшоў суботнік, на які Лукашэнка і ягоная світа прыехалі ў камуфляжы. Там жа ён падарыў прапагандысту Азаронку кувалду. Гэта здарылася неўзабаве пасля прыёму ў Мінску кіраўніка так званай ДНР Пушыліна, што выліўся ў ад’езд украінскага пасла. Навошта Лукашэнка прымерыў на сябе «касцюм Прыгожына»?

— Што тычыцца гісторыі з Пушыліным, то мы, зразумела, не ведаем, як сітуацыя будзе развівацца далей. Пакуль Украіна адклікала амбасадара, пра штосьці з ім размаўляе. Але Кіеў не панізіў узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску.

Хоць у дыпламатыі ёсць такі крок, калі амбасадар адклікаецца назаўжды, а ў пасольстве застаецца часовы павераны. Не было зроблена нават гэта, не былі разарваныя дыпламатычныя адносіны. То бок, ніякіх неабарачальных крокаў Кіеў не зрабіў.

Што тычыцца камуфляжу на суботніку, то гэта працяг той самай лініі, якая зараз увесь час праводзіцца: бясконцыя вучэнні, квазімабілізацыйныя мерапрыемствы, праверкі боегатоўнасці адной часці з другой, пагрозы, стварэнне адчування аточанай крэпасці.

А што да гісторыі з кувалдай, то гэта даволі цікавы крок. Гэта спроба спадабацца расійскаму электарату. Мы памятаем, як у 90-я Лукашэнка проста пасвіўся на расійскім электаральным полі. І нават былі думкі, а ці не сесці яму ў Крамлі.

Гэтыя памкненні і мары яму тады хуценька адбілі, але зараз сітуацыя крыху іншая. І цяпер ён спрабуе гуляць на расійскіх, не сказаць, супярэчнасцях, але на палітычным працэсе, што зараз там адбываецца.

Прыгожын не тое, каб самастойная фігура, але ў пэўным сэнсе асобная ў цяперашнім расійскім палітычным дыскурсе. І Лукашэнка спрабуе з ім заігрываць, дасылаць пэўныя сігналы, можа не столькі беларусам, колькі расейцам.

Можна сказаць, гэта такі паклон Прыгожыну. Ужо нават не Пуціну, а Прыгожыну. І хоць фармальна пры гэтым ягонае прозвішча не гучала, але ж кувалда асацыюецца менавіта з ім, а не з Пуціным.

Таксама гэта пасланне прапагандысцкаму апарату, сілавому блоку. Думаю, многія звярнулі ўвагу на цікавы тэкст прапагандыста Мукавозчыка, дзе ён, не называючы імёнаў, сказаў, што нават сярод лаялістаў, прыхільнікаў Лукашэнкі гучаць галасы пра тое, што хопіць «жэсціць».

Маўляў, больш за два гады прайшло, ніякіх мітынгаў, ніякіх пратэстаў, то навошта садзіць людзей аднаго за адным. І Мукавозчык на гэта адказаў, што гэта дурасць, што трэба працягваць душыць да канца.

Цікавае тут тое, і тэкст прапагандыста пра гэта сведчыць, што такія галасы там ёсць, яны гучаць. Магчыма, яны і ў вушы Лукашэнку трапляюць. І гэты жэст з кувалдай стаў пацверджаннем пазіцыі, якую выказаў Мукавозчык: «жэсціць» будзем столькі, колькі палічым патрэбным.

Маўляў, калі я вырашу, што трэба затармазіцца, што больш не трэба, тады і спынімся. А пакуль «жэсціць» будзем. І гэтая кувалда — сімвал менавіта гэтага: мы будзем працягваць, не чакайце іншага.

І гэта пасланне не толькі апазіцыі, эмігрантам, але і тым людзям у апараце, якія ціха і ветліва гавораць таму ж Мукавозчыку, што, можа, ужо і хопіць. Не, не хопіць. Гэта такі дыялог з імі. І для гэтага запрасілі Грышу і ўручылі. Як сігнал таго, што палітыка рэжыму, прынамсі пакуль, мяняцца не будзе.

— Аздараўленне ў Беларусі вывезеных з Украіны дзяцей у многіх выклікае асацыяцыі з гаагскім ордэрам для Пуціна. Навошта гэта лукашэнкаўцам — каб прадэманстраваць лаяльнасць Маскве, ці згуляць на праявах чалавечнасці? Маўляў, мы лечым, а не калечым.

— Я б паставіў на другі варыянт. Не выключаю, што суб’ектыўна гэта ўспрымаецца як дабрачыннасць. Вось дзеці засталіся без бацькоў і мы ім дапамагаем.

І гэта, дарэчы, заўсёднае пасланне да ўкраінцаў, якія прыязджаюць у Беларусь. Там жа не ўсіх гналі гвалтам, хтосьці сам бег ад бомбаў. Маўляў, мы вам дапамагаем. І вось гэтая опцыя з дзецьмі трактуецца такім самым чынам: мы дапамагаем.

Магчыма, проста не было разумення, што калі ідзе размова пра дзяцей без бацькоў, міжнароднай супольнасцю гэта ўспрымаецца не як дапамога, а як кіднэпінг.

Пасля ордэру Пуціну, напэўна, сталі разумець. І гэтая кампанія, якую вядзе Павел Латушка, яна такая сфакусаваная, яна грунтуецца на прэцэдэнце, на тым, што лукашэнкаўская Беларусь таксама, магчыма, выкрадае дзяцей. І што Лукашэнку таксама трэба выпісаць ордэр.

Мне цяжка сказаць, што яны будуць рабіць далей. Магчыма, гэта стане пэўнай праверкай. Не выключаю, што ўлады могуць неяк прыкрыць гэтую кампанію па «аздараўленні» ўкраінскіх дзяцей, спусціць на тармазах.

Неабавязкова імгненна, але так, як гэта беларуская ўлада ўмее: ціха, ні ад чаго фармальна не адмаўляючыся. Але гэтых дзяцей будуць менш завозіць. Магчыма, будуць разбірацца з украінцамі, каб іх неяк вярнуць апекунам.

Мой прагноз: слупам стаяць на тым, што гэта гуманітарная дзейнасць, што гэта нашая дапамога, яны не будуць. Досвед Расіі паказвае, што схапіць ордэр ад гаагскага суда на гэтым можна. І гэты досвед паказвае, што гэта не тая кваліфікацыя, якую хочацца атрымаць.

Я не вельмі шчыльна сачу за гэтай тэмай, але мне падаецца, што беларускі афіцыёз не надта факусуецца на гэтым. Можна згадаць, як на рашэнне гаагскага трыбунала адрэагавала расійская прапаганда. Там гучалі пагрозы: не чапайце нас, гэта наша справа, а то мы і ракетай па Гаазе можам ударыць.

У нашым выпадку нічога падобнага няма, падаецца, што гэтая тэма ўвогуле не педалюецца. І мне здаецца, што калі Латушка са сваёй ініцыятывай выступіў, а гэта сур’ёзная прапанова, то я не заўважыў, каб прапаганда за гэта ўдарыла па ім з усіх ствалоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(16)