Политика
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

Курманбек Бакіеў жыве ў катэджы ў Драздах

Дзе цяпер жыве Курманбек Бакіеў?

На прэсавай канфэрэнцыі, якую Бакіеў даў у Менску 23 красавіка, зрынуты экс-прэзыдэнт сказаў на гэтую тэму мала:

"Колькі тут буду знаходзіцца, пакуль ня ведаю. Яшчэ ня вызначыўся. А ў якой якасьці я тут? Аляксандар Рыгоравіч прымае мяне як прэзыдэнта (усьміхнуўся. — А.Г.) Ён кажа, што будзе прымаць мяне як прэзыдэнта. Я за гэта яму вельмі ўдзячны".

У Нацыянальны прэс-цэнтар, дзе праходзіла прэсавая канфэрэнцыя, Курманбека Бакіева прывезьлі на аўтамабілі з гаража Аляксандра Лукашэнкі ў суправаджэньні шматлікай аховы. Рух вакол будынку прэс-цэнтру на дзьве гадзіны быў перакрыты. У самім будынку дзяжурылі дзясяткі супрацоўнікаў службы аховы Лукашэнкі. Паводле беларускіх журналістаў, на час, калі Бакіеў ішоў па калідоры, ахоўнікі выдалілі журналістаў у другі бок таго калідора.

Яшчэ 23 красавіка Курманбек Бакіеў жыў у адным з катэджаў на тэрыторыі рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах пад Менскам. Пра гэта карэспандэнту "Свабоды" паведаміў прадстаўнік дыпляматычнага корпусу, які прасіў не называць ягонага імя. Ці жыве Бакіеў і цяпер у Драздах, крыніцы невядома. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі камэнтаваць гэтую тэму адмовіліся, а да прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі дазваніцца не ўдалося — падчас паездкі кіраўніка дзяржавы ў Гомельскую вобласьць тэлефон прэсавай службы маўчыць. У амбасадзе Кіргізстану ў Беларусі сказалі, што там ня ведаюць, дзе цяпер знаходзіцца экс-прэзыдэнт. Супрацоўнік амбасады сказаў, што дакумэнтаў з патрабаваньнем экстрадыцыі Бакіева зь Менску ў Кіргізстан у амбасадзе пакуль няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)