Жизнь (не)обыкновенного белоруса
Таццяна Гусева, фота аўтара і Алеся Дастанка

«Крызіс не прывёў людзей у царкву»

Чаму збяднелыя беларусы не ідуць у царкву, якія асаблівасці нашае веры, і ці моляцца святары за палітзняволеных? Пра гэта і шмат пра што іншае мы пагутарылі са святаром Георгіем у межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса».

Айцец Георгій Пятроўскі — адзіны святар на Случчыне, які прапаведуе на беларускай мове. У стогадовай царкве святога Сімяона Стоўпніка ў вёсцы Барок, дзе ён служыць, на нядзельную службу збіраецца трое прыхаджан.

Мы сустрэліся з айцом Георгіем у яго дома на Масленічным тыдні па-паганску, а па праваслаўнаму — у Сырную седміцу.

«Вы думалі, напэўна, што вас блінамі сустрэнуць, — пасмяяўся святар. — Але мы іх ужо натапталіся».

Бацюшка прапанаваў называць яго так, як прыхаджане, — свяшчэннікам, і мы пачалі размову.

Айцец Георгій, вы нетыповы свяшчэннік — карыстаецеся інтэрнэтам, каментуеце артыкулы на сайце мясцовай газеты, зарэгістраваны ў Фэйсбуку...

— Вы адсталі ад жыцця. (Усміхаецца). Не ведаеце, якую лінію праводзіць патрыярх Кірыл. Ён настойліва раіць усім прадстаўнікам духавенства карыстацца Інтэрнэтам.

На пачатку года у нас было паседжанне духавенства ў Мінскай епархіі. І на гэтым сходзе Мітрапаліт Філарэт сказаў, што ў кожным благачыніі павінен быць царкоўны сайт.

Але летась ў Расіі аднаго святога айца пакаралі за актыўнасць у сацыяльных сетках…

— Так. Але час ідзе наперад. Вы ж сядзіцё ў інтэрнэце. І моладзь там сядзіць. Разумееце? У Свяшчэнным Пісанні дакладна напісана: «Ідзіце і навучыце!». Галоўная місія свяшчэнніка – пропаведзь. І пагэтаму зараз царква падштурхоўвае свяшчэннікаў, каб яны ішлі, асвойвалі інтэрнэт-прастору, прапаведавалі там. Інтэрнэт — гэта рыдлёвачка — звычайная прылада працы. Мы бяром там патрэбную інфармацыю, зносімся з людзьмі. Трэба карыстацца інтэрнэтам на карысць Бога, на карысць выратавання.

Каментую я выключна артыкулы на сайце мясцовай газеты. Я свяшчэннік вясковы, правінцыяльны, забіты, і пагэтаму як я палезу на тыя сайты, дзе пішуць багасловы, прафесара, акадэмікі, дацэнты? Нашто мне паказацца прафанам і неадукаваным чалавекам? Проста трэба ведаць сваё места.

А Фэйсбук для мяне — падмурак для стварэння ўласнага сайту, магчымасць кантактаваць з маладымі людзьмі.

Мне балюча, што моладзь наша жыве, як палявыя кветкі. Не магу сказаць, што ва ўсёй краіне, але там, дзе я жыву, адсутнічае духоўнае выхаванне. Калі Гасподзь ствараў чалавека, Ён заклаў у яго духоўныя законы, якія працуюць па-за сумленнем чалавека. І менавіта сумленне — адзін з гэтых духоўных законаў. Яго немагчыма забіць у чалавеку. Яно ўсё роўна будзе праяўляцца. Напрыклад, людзі ведаюць, што ёсць запаведзь «не красці». А яны як кажуць? «У людзей нельга красці, а ў калгасе ці на прадпрыемстве можна». Людзі ведаюць, што ёсць запаведзь, якая забараняе працаваць у нядзелю. Яны адчуваюць, што парушаюць яе, але апраўдваюць сябе: «Рабіць не грэх».

Многія з людзей разважаюць так: «Як плоцяць, так і раблю». Сумленне падказвае чалавеку, што ён робіць дрэнна, але ён хоча апраўдацца.

Другім духоўным законам з’яўляецца любоў, якая закладзена Богам. Трэці — імкненне да дасканаласці, да Бога.

І калі б мы гэтыя духоўныя законы ў дзяцей выхоўвалі, распрацоўвалі, веру загартоўвалі. Духоўны закон — гэта і вера таксама. На зямлі не знойдзеш чалавека, які ні ў што не верыць. Ён можа верыць у камунізм, у квітнеючую Беларусь. Як бачыце, закон духоўны ёсць. Наша задача — яго разбудзіць.

Страшэнная рэч тое, што у сем’ях духоўнае выхаванне адсутнічае. Многа ёсць у свеце таталітарных сектаў. І тыя, хто заваблівае туды маладых, з’яўляюцца высокакласнымі псіхолагамі. Яны ведаюць, як апрацаваць моладзь. А калі б мы ў школе з маленства закладвалі веру ў Бога, выхоўвалі духоўна дзяцей, у іх бы быў падмурак, яны б на гэта не купляліся, не ішлі.

Айцец Георгій, а можа, справа ў тым, што зараз такі час, што бацькі мала аддаюць увагі дзецям, бо вымушаны шмат працаваць, каб забяспечыць годнае жыццё?

— Не. Зараз назіраецца страшэнная пасіўнасць бацькоў у адносінах да выхавання сваіх дзяцей. Бацькі спіхнулі сваіх дзяцей на дзіцячыя сады і школы. Яны глядзяць тэлевізар, сыходзяць у камп’ютар, гарэлку п’юць, абы чым займаюцца, але толькі не глядзяць і не выхоўваюць дзяцей.

Вось старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура сказаў, што у хуткім часе будуць падпісаны пагадненні паміж раёнамі і благачыніямі. Але яшчэ раней існавалі пагадненні паміж Беларускай праваслаўнай царквой і Міністэрствам адукацыі. Толькі гэтыя пагадненні не працуюць! Для таго, каб яны працавалі, трэба, каб настаўнікі былі зацікаўленыя ў правядзенні мерапрыемстваў, а з другога боку, ад царквы патрэбны людзі, якія маглі б дзецям расказваць даступна і цікава. У нашым раёне усё глуха. Раней я пісаў, хадзіў, а потым перастаў. Таму што некалькі дырэктараў школ сказалі мне: «Нам даведзена вам не перашкаджаць, але і не дапамагаць».

Вы маеце на ўвазе ініцыятыву праводзіць у школах факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры»?

— Не толькі. У пагадненні канкрэтна напісана, што можна нават утвараць праваслаўныя класы, праводзіць гутаркі на розныя тэмы, запрашаць свяшчэннікаў у школы. Для гэтага патрэбна пісьмовая згода бацькоў ці апекуноў.

Ні ў адзін гістарычны перыяд праваслаўная царква ў нашай краіне не мела такой свабоды як зараз. Мы можам плённа працаваць на гэтай ніве, але няма зацікаўленых людзей. Аднойчы мяне чыноўнік ад адукацыі спытаў, што вы можаце канкрэтнае прапанаваць. У мяне была прапанова арганізаваць у адной школе праваслаўны клас. Была зацікаўленая настаўніца, і бацькі былі не супраць. Але дырэктар школы і завуч не захацелі.

Фота Алесь Дастанка

Айцец Георгій, чалавечая прырода такая, што людзі ідуць у царкву, калі ім блага, калі нешта здараецца.

— Гэта ў большасці так.

Калі пачаўся эканамічны крызіс, людзі лепей жыць не сталі, асабліва на вёсцы. Ці прывяло іх гэта ў царкву, калі казаць пра ваш прыход? Ці адчуваеце вы, што людзі пацягнуліся ў царкву?

— Не, не адчуваю. Духоўная пустата — страшэнная рэч… Як свяшчэннік я павінен людзей навучыць, падштурхнуць, прапаведаваць. А што людзям сказаць, каб яны адкрылі Бога і пайшлі ў царкву, я не ведаю… Крызіс не прывёў людзей у царкву. Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, трэба каб людзі самі ў сябе спыталіся: «Чаму мы ідзем у царкву, калі нам цяжка?».

Каб зразумець тое, што адбываецца ў свеце, трэба спазнаць сябе. Чаму я не іду у царкву? Я магу і ў вас запытаць. Скажыце, калі ласка, Таццяна, калі вы апошні раз спавядаліся?

О, пра гэта не пытайцеся! Гэта было вельмі даўно.

— Вот, таму вы можаце зразумець, чаму людзі не ідуць у царкву. Увогуле мы не ведаем, што значыць верыць у Бога. Калі да нас прыязджаюць хрысціцца, я праводжу бяседу з хроснымі бацькамі. Пытаюся: «Скажыце, калі ласка, вы верыце ў Бога?».

— Так.

— Растлумачце мне, што значыць верыць у Бога.

Яны стаяць моўчкі. Некаторыя кажуць, што іх вера ўнутры. Іншыя, што гэта значыць хадзіць у царкву, у Бога прасіць, каб Ён дапамагаў.

Потым я пытаюся: «Ці ёсць у вас знаёмыя, якія не вераць у Бога?».

— Так, зразумела, ёсць.

— А чым ваша жыццё адрозніваецца ад жыцця тых, хто не верыць?

Яны нічога не могуць адказаць. Атрымліваецца, жыццё веруючага чалавека не адрозніваецца ад жыцця няверуючага. Што ж гэта за вера?

Можа, таму ў нас і існуюць так званыя праваслаўныя атэісты?

— Праваслаўныя атэісты існуюць. Калі людзі ходзяць у царкву выключна яблыкі асвяціць ці соль — гэта называецца абрадавер’е.

Мы павінны дакладна ведаць, што значыць верыць у Бога. Ісус Хрыстос падказвае: «Хто верыць у Мяне — той любіць Мяне, а хто любіць Мяне — той выконвае мае запаведзі. Значыць, верыць ў Бога – гэта старацца жыць так, як жыў Хрыстос. Верыць у Бога — стыль жыцця. Гэта праяўляецца ва ўсім. Паводле апытання, якое праводзілася нядаўна сярод беларусаў, 65 працэнтаў называюць сябе верючымі. Цікава. Сям’я развальваецца, духоўнасць падае, агрэсія дзіцячая і колькасць злачынстваў расце. І людзі вераць у Бога. Дык якая ж гэта вера? Як адзін дырэктар кажа: «Я у душы веру ў Бога, але на працы я начальнік».

Я заўсёды шукаў справядлівасці. І зараз я шчаслівы тым, што я і на працы і дома той самы. Мне не трэба крывіць душой.

На маю думку, беларусаў трэба вучыць, як жыць па-хрысціянскі. Напрыклад, навучыць дзетак пасціцца.

Пост мае вялікае выхаваўчае значэнне. Ён уносіць у жыццё разнастайнасць. У першую седміцу паста мая сям’я не ходзіць у крамы. Вы можаце задаць сустрэчнае пытанне: «А што есці?». Вы можаце есці печаную бульбу з цыбуляй. Капусту квашаную.

Пачатак паста абавязкова трэба адзначыць. Дачушцы, сыну сказаць, што Ісус Хрыстос пасціўся, і ўсе праваслаўныя хрысціяне гэта рабілі, прапанаваць: давай і мы з табой будзем пасціцца. Але перад тым, як нешта забараніць, трэба правесці велізарную работу з дзецьмі. Каб яны разумелі, што ў гэтай забароне закладзена любоў. Не глядзець той самы тэлевізар у час паста і дзяцей да гэтага прывучаць. Калі адмяніць мульцікі, трэба дзецям знайсці вартую замену. Напрыклад, кнігі чытаць ці ў гульню з імі пагуляць.

— Вы пра пост, кажаце, бацюшка, але я сустракалася з людзьмі, якія вымушаныя пасціцца штодня і мяса не толькі ў пост не ядзяць.

— Я б не сказаў, што нашыя людзі так бедна жывуць. Каб такая нікчэмнасць, бедната была… Можа, вы абагульняеце? Мне прыхаджане не скардзяцца на цяжкае жыццё. У горадзе цяжэй. Трэба за кватэру заплаціць, а на вёсцы дровамі запасціся на зіму. Калі ёсць у сям’і бабуля-дзядуля — вяскоўцы жывуць на «пяцерачку». Канечне, калі дзеці п’яныя не забіраюць пенсію, не б’юць іх. Калі чалавек адзін жыве — там трошкі горш. Галечы я не бачыў.

Да, зараз цяжкавата, такая дарагавізна. Усе мы адчуваем. Але я думаю, што гэта не апошняя дарагавізна, і не сама горш мы будзем жыць.

Быў час, калі людзі аддавалі царкве дзесяціну…

— Не ведаю. Не было такога часу.

Разумееце, мне пашанцавала ў тым плане, што я ніколі не быў багатым, што ў нас прыход царкоўны, можна сказаць, нулявы.

Гэта як?

— Ну, які можа быць прыход, калі ў нядзелю ў царкву прыходзіць тры-чатыры чалавекі. Я не сказаў бы, што я жыву за кошт той службы, якая адбываецца ў царкве. Людзі прыносяць на храм, але не дзесяціну, а хто сколькі хоча.

Я за сваю службу стаў прафесіянальным папрашайкай… Прапаную вяскоўцам: «Хто хоча паўдзельнічаць у справе – зараз мы ставім дзверы – калі ласка, можаце даць». І называю канкрэтную суму. Калі я скажу, хто колькі можа, я буду сабіраць на званы ці дзверы да другога прышэсця Ісуса Хрыста. Людзі адгукнуліся. Прыносілі і па 50 і па 100 тысяч.

…Хто не быў у скуры свяшчэнніка, той не зразумее. Ты ідзеш у кабінет да начальніка. Цябе там аблаюць. Ты выходзіш і не ведаеш, дзе дзецца.

Скажыце, ці мае права царква ўсталёўваць стаўкі за адпяванне ці на хрышчэнне?

— У мяне наконт гэтага сумленне чыстае. Мае папярэднікі не ўсталёўвалі таксу. Пагэтаму доўгі час па традыцыі ў царкве не было ставак. А потым у нашым храме стала многа хрышчэнняў. І калі даходзіла справа да ахвяраванняў, сталі даваць па 5 тысяч рублёў. Было гэта два гады назад. А хрысцілі маладыя людзі, якія ведаюць кошт грошай. Так і прыйшлося нам увесці таксу. Тое ж будзе і з пахаваннем. З аднаго боку, 50 тысяч для нас гэта многа, а з другога – гэта нішто. У царкве ёсць паравое ацяпленне, тры печкі, якія трэба тапіць. У мяне сям’я. Дзеці вучацца. Машыну трэба заправіць, каб дваццаць кіламетраў даехаць да Барка. Людзі думаюць, што нехта свяшчэнніку плаціць нейкую зарплату. Не, я жыву з трэб — з тых грошай, якія людзі прыносяць на царкву. Ёсць цэрквы розныя, некаторыя настаяцелі ўмеюць дастаць грошы. Але я бесталковы, грошы мяне баяцца. (Усміхаецца). Таму даводзіцца жыць проста і ездзіць на машыне, якой 23 годзікі.

Калі ўжо пайшла такая гаворка, ці не раскрыеце таямніцу свайго заробка?

— Матушка, колькі я табе ў мінулым месяцы даў грошай?

— Два мільёны, — чуецца голас з кухні.

Пакуль матушка Тамара гатуе нам гарбату, мы працягваем размову.

Айцец Георгій, перад Раством маці і жонкі палітзняволеных звярталіся да кіраўнікоў розных канфесій з просьбай заступіцца за іх родных. Скажыце, а вы моліцеся за палітзняволеных?

— У нас ёсць малітва за зняволеных. Як свяшчэннік я малюся за іх і спачуваю ім. Хай Гасподзь дасць ім сілы, уразумляе іх, накіроўвае.

Як чалавек, які мае свой пункт гледжання, лічу, што палітзняволеныя, як і дзекабрысты ў свой час,ведалі, на што ідуць .

А гэты, што даваў інтэрв’ю пасля выбараў… Раманчук …ён што, думаў, што яго ў турме будуць кавай паіць? Калі ты вырашыў нечага дабівацца, ідзі да канца, а не мяняй свой пункт гледжання. Вось пакутнікі святыя не не адракаліся ад сваёй веры. Ішлі да канца. Трэба з іх браць прыклад. А калі чалавек спачатку кажа адно, а потым другое…

І апазіцыя заняла няправільную пазіцыю. Трэба гарнуцца да царквы. Вось вам прыклад. Калі прыйшоў Гітлер, сталі адкрываць цэрквы. А народ у царкве маліўся за перамогу над фашызмам, а пасля партызанам дапамагаў...

За гарбатай да нас далучылася жонка айца Георгія Тамара. Матушка працуе настаўніцай у школе. Будучага мужа сустрэла ў студэнцкія гады. Разам ездзілі на рэстаўрацыю з будатрадам, разам чыталі у адчыненых спецхранах забароненую за савецкім часам літаратуру. Талака, мітынгі, Задзіночанне беларускіх студэнтаў. На успамін аб маладосці засталіся здымкі. З аднаго з іх на мяне глядзіць Сокалаў-Воюш...

— Свята-Сімяонаўскай царкве, дзе я нясу паслушанне настаяцелем, у гэтым годзе споўніцца сто гадоў. Хацелася б, каб гэты храм не стаў звычайным прыпісным, у які свяшчэннік прыязджае толькі па вялікіх святах, — кажа на адвітанне бацюшка. — Вось я памру і спытаецца Бог: «Ну, скажы Георгій, дзе твая паства?». А што я скажу? «Божанька, я цэркву зрабіў». А каму яна нада, твая царква, калі няма людзей…

Царква ў вёсцы Барок на Случчыне была пабудавана на народныя грошы ў 1912 годзе. Фота Георгія Пятроўскага

«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Яго госці – як вядомыя, так і простыя людзі – дзеляцца з чытачамі сваімі рэцэптамі, як іх сем’і выжываюць у крызіс. Калі ў вас ёсць прапановы, пішыце на скрыню gasetaby@gmail.com.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)