Общество
Пётра Васiлеўскi, «Народная воля»

Крыж Пушкiна, альбо Як у Бобры змагаюцца з тэрарызмам

Сярод пацярпелых за Беларусь у гарачыя сакавiцкiя днi значыцца i мастак Алесь Пушкін. Мiж тым яго не было на Плошчы, калi шматтысячная грамада вiтала Аляксандра Мiлiнкевiча i Аляксандра Казулiна; яму не давялося несцi вахту ў намётавым гарадку; ён не разгойдваў Звон Свабоды, не браў удзел у шэсцi салiдарнасцi з ахвярамi рэжыму да турмы на Акрэсцiна... У “малпоўню” мiлiцэйскага пастарунка яго запiхнулi яшчэ да таго, як адбылiся i Плошча, i Звон, i Шэсце.

18 сакавiка ў дом Пушкiна ў мястэчку Бобр наведалiся мiлiцыянты — мясцовы начальнiк аховы грамадскай бяспекi, маёр Мiкалай Анатольевiч Макарэвiч, аператыўны ўпаўнаважаны па крымiнальным вышуку старшы лейтэнант Валерый Леанiдавiч Костачка, iмя трэцяга “ахоўнiка правапарадку” ў званнi старшыны (ён сядзеў за рулём машыны) гiсторыя не занатавала. Дзверы адчынiла жонка мастака Янiна. Мiлiцыянты запыталiся, дзе Алесь? Пачуўшы ў адказ, што Пушкiн у бацькi, накiравалiся туды. Мацi Алеся памерла, бацька жыве адзiн. У бацькавай хаце Пушкiн абсталяваў майстэрню: i старому не самотна, бо сына бачыць штодня, i Алесю зручна. У той момант, калi на мастака палявалi мiлiцыянты, ён пiсаў Мацi Божую i Святога Iаана для мясцовай царквы. Алесь намаляваў iх смуткуючымi, пралiваючымi слёзы па ўскрыжаваным Хрысце.

Праца iшла да завяршэння. Якраз 18 сакавiка Алесь збiраўся перадаць абразы ў храм. Паклаўшы апошнiя мазкi на лiкi святых, у думках развiтаўшыся з намаляванымi Марыяй-Паннай i Хрыстовым апосталам як з жывымi людзьмi, што доўга жылi ў ягонай хаце, сталi роднымi, i вось мусяць з`ехаць, пайшоў дадому. (У нейкi момант Алесь спiнай адчуў, што Марыя i Iаан з трывогаю глядзяць яму ўслед.) Мiлiцыянты зноў размiнулiся з мастаком...

Алесева жыццё ў Бобры — суцэльны экстрым. Шмат каго ён раздражняе нязвыклым для гэтай мясцовасцi ладам жыцця i стылем паводзiн. Нiхто не чуў ад яго кепскага, а тым больш — мацернага слова, не бачыў п`яным. Мастак клапоцiцца пра жонку i сына, мае ладную гаспадарку. А яшчэ ў яго бывае шмат гасцей (сярод якiх — “нячэсныя” журналiсты з “нячэсных” газет) i над хатай ягонай —"бээнэфаўскi" сцяг... Адным словам, “не наш чалавек”. Алесь не чакае ад асяроддзя нiчога добрага, таму, даведаўшыся ад жонкi пра нязваных гасцей, звыкла падрыхтаваўся да самага кепскага.

Неўзабаве мiлiцыянты з`явiлiся...

Двухгадовы Мiколка пераняў ад бацькi добразычлiвасць. Да таго ж ён ужо прызвычаiўся, што ў хаце бывае шмат гасцей. I гэтым разам, пабачыўшы новых людзей, ён узрадаваўся, з усмешкаю стаў паказваць iм свае цацкi i нешта распавядаць. Мiлiцыянты сарамлiва адводзiлi вочы ў бок... Мастаку прапанавалi праехацца ў пастарунак для размовы.

Алесь згадвае: “Мне ў гэты момант успомнiлiся вядомыя па лiтаратуры сцэны чырвонага тэрору. Прыходзяць чэкiсты арыштоўваць чалавека, а ён пачынае жонку супакойваць: ”Дарагая, не хвалюйся! Гэта памылка, там разбяруцца. Я вярнуся..." I знiкаў чалавек у Курапатах цi на Калыме.

Я ўзяў сына на рукi i сказаў: “Мiколка! Гэта ворагi. Адпомсцi, калi яны не адпусцяць тату!”

Пачуўшы гэтыя словы, маёр Макарэвiч пачырванеў, нiбы рак. Эмацыянальная прамова Алеся была звернута, зразумела, не столькi да сына, занадта малога, каб адэкватна ўспрымаць тое, што адбывалася на ягоных вачах, а да жонкi. Каб яна ведала, што не сваёй воляй iдзе Алесь — яго забiраюць. Павезлi Пушкiна ў Крупкi, у тамашнi РАУС, прывялi ў кабiнет начальнiка згаданай ўстановы падпалкоўнiка Уладзiмiра Аляксеевiча Пагуды. Далей была сцэна, вартая тэатра. Хвiлiн пятнаццаць гаспадар кабiнета вытрымлiваў паўзу “паводле Станiслаўскага”, засяроджана гартаў нейкiя паперы i нiбыта не заўважаў чалавека, якi сядзеў насупраць яго пад партрэтам Лукашэнкi. I раптам, здзiўлена падняўшы вочы, задаў абсурднае, калi браць да ўвагi сюжэт i мiзансцэну, пытанне: “А почему вас сюда доставили?”

“Напэўна, вам лепей ведаць”, — адказаў Алесь. “Ну ладно...” — пачулася ў адказ, i спадар Пагуда прад`явiў Пушкiну два пратаколы. Згодна з паказаннямi двух “сведкаў”, жыхара мястэчка Бобр Сайко (1948 года нараджэння, жыве па вулiцы Пушкiнскай, 4) i немясцовага Зайкоўскага, якiя лавiлi рыбу на супрацьлеглым ад дома Пушкiна беразе ракi, Алесь стаяў з сынам ля дома i размаўляў па мабiльным тэлефоне “з нейкiм” Сцяпанам Сухарэнкам (для недасведчаных: генерал-маёр С.Сухарэнка — старшыня Камiтэта дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь), крыў яго мацюкамi i пагражаў здзейснiць у сталiцы шэраг тэрарыстычных актаў. У прыватнасцi, спалiць некалькi школ. “Пачуў” гэта Сайко Iван Пятровiч а 12-й гадзiне, тут жа кiнуў лавiць рыбу, пабег дамоў i пазванiў у мiлiцыю. А ўжо ў 16.45 мiлiцыянты Пушкiна арыштавалi. Па мясцовых мерках, аператыўнасць — на зайздрасць!

Пасля таго як Алесь азнаёмiўся з пратаколамi, яго запiхнулi ў “малпоўню” i... забылiся пра яго аж да 21 сакавiка. А 21-га быў суд.

Суддзя Вольга Васiльеўна Хома спачатку хацела вынесцi прысуд на падставе адных толькi пратаколаў, але Пушкiн запатрабаваў прысутнасцi на пасяджэннi “сведкi”, са слоў якога яны пiсалiся. Iвана Сайко даставiлi ў раённы суд. “Сведка” паводзiў сябе неадэкватна, доўга не мог зразумець, чаго ад яго хочуць. Магло падацца, што ён глухаваты. “Пушкiн — бээнэфавец, а я за Лукашэнку”, — да гэтай немудрагелiстай тэзы, некалькi разоў агучанай Сайко, зводзiўся сэнс ягоных абвiнавачанняў Алесю.

— Пушкин говорил по телефону с каким-то Сухаренко, называл его супостатом. Я такого слова не знаю. Спросил на работе, там тоже никто не знает такого слова.

— А далеко ли был от вас Пушкин?

— Может, метров 50.

— И вы все слышали?

— Да. Я все слышал.

— Пушкин ругался матом в присутствии своего двухлетнего сына?

— Да.

Суддзя робiць выснову, што вiна Пушкiна даказана, i прызначае яму пакаранне — штраф у памеры адной базавай велiчынi — 31.000 рублёў. На месцы спадара Сухарэнкi я б пакрыўдзiўся на Крупскi суд, якi ацанiў зняважаную годнасць генерал-маёра КДБ усяго ў 15 долараў.

Справа, так бы мовiць, закрыта, але пытаннi застаюцца. Напрыклад, чаму ў Крупскi раённы суд не быў выклiканы ў якасцi пацярпелага цi сведкi спадар Сухарэнка? Хай бы расказаў, мела месца тая тэлефонная размова цi не, i, адпаведна, аблаяў мастак старшыню Камiтэта дзяржаўнай бяспекi мацюкамi (якiмi канкрэтна словамi?), цi глухаваты Сайко штосьцi не так пачуў? Зноў жа, адлегласць...

Я ў Бобры правёў “следчы эксперымент”. Стаяў на тым месцы, дзе “сведка” рыбу лавiў, а Пушкiн на супрацьлеглым беразе ля свайго дома нiбыта гаварыў па мабiльным тэлефоне. Адлегласць памiж намi была не 50 метраў, а значна болей (схлусiў Сайко). На слых не скарджуся, але на такой адлегласцi я Алеся не чуў. Што, такi “эксперымент” не маглi правесцi следчыя органы?

Чаму сведчаннi неабцяжаранага iнтэлектам Сайко былi прызнаныя не падлягаючымi сумневу — iсцiнай у апошняй iнстанцыi, тым часам як у Бобры ёсць людзi з больш высокiм за сайкоўскi сацыяльным статусам i больш за яго вартыя даверу, якiя маглi б даць Пушкiну станоўчую характарыстыку (прынамсi, паручыцца, што ў лексiконе мастака няма мацерных выразаў, а тым болей не стане ён лаяцца ў прысутнасцi дзiцяцi)? Чаму гэтых людзей не выклiкалi ў суд?

У пастанове суда запiсана, што Сайко, пачуўшы, як Пушкiн “выражался нецензурной бранью, был вынужден уйти домой и позвонить в милицию, поскольку считает, что такое поведение на улице недопустимо”. Калi ў спадара Сайко такая далiкатная натура, дык яму цi з Бобра з`язджаць, цi бесперапынна ў мiлiцыю званiць. За маё кароткае знаходжанне ў гэтым мястэчку я на вулiцах i мацюкоў наслухаўся, i на грамадзян, што ўжываюць спiртныя напоi ў “неположенных” месцах наглядзеўся. I ўсё думаў: дзе ж гэта спадар Сайко? Няма на iх спадара Сайко! А мо згаданы спадар прыстаўлены канкрэтна да Пушкiна?..

Пакiдаючы будынак раённага суда, Алесь “падзякаваў” мiлiцыянтам за тое, што крупская “малпоўня” больш камфартабельная за турму на Акрэсцiна. Мабыць, дарма ён гэта сказаў, бо, не звяртаючы ўвагi на iранiчны падтэкст ягоных слоў, арганiзатары i ўдзельнiкi цкавання мастака сталi трактаваць iх на сваю карысць, знаходзiць у iх маральнае апраўданне свавольства ўлады ў адносiнах да Пушкiна.

Маёр Макарэвiч, з якiм у Крупках я меў кароткую размову, сказаў мне, што, затрымаўшы Пушкiна, яны зрабiлi добрую справу — выратавалi яго ад удзелу ў несанкцыянаваных акцыях апазiцыi, а значыць, ад небяспекi сутыкнення з мiнскiм АМАПам i перспектывы трапiць у лiк пастаяльцаў установы на Акрэсцiна. Пры гэтым спасылаўся на згаданыя вышэй словы самога Пушкiна. У час размовы спадар маёр быў падкрэслена ветлiвы, нiякавата ўсмiхаўся, нiбыта хацеў сказаць: “Вы ж самi ўсё разумееце...” Сам ён пра Пушкiна нiчога кепскага сказаць не можа (“Хiба што на доме сiмволiка незарэгiстраваная...”), больш таго — ставiцца да яго з павагай i сiмпатыяй. А тое, што паважанага i сiмпатычнага чалавека тры днi трымалi за кратамi, дык мiлiцыянты дзейнiчалi згодна з iнструкцыяй. Былi пратаколы, складзеныя на падставе паказанняў сведкаў, i праваахоўныя органы мусiлi рэагаваць на сiгнал.

Выратавальнiкам Алеся ад большай бяды лiчыць сябе i барацьбiт з нецэнзуршчынай Iван Сайко (Пушкiн без усялякай дыпламатыi называе яго стукачом). Ён таксама кажа, што паведамiў пра Алеся ў мiлiцыю, каб не дапусцiць ягонай паездкi ў Мiнск дзеля ўдзелу ў супрацьпраўных акцыях. Сайко — чалавек пануры, негаваркi. На пытаннi адказвае коратка, сцiсла. Кожнае слова выцягваеш з яго, нiбыта абцугамi. Гаворачы, глядзiць кудысьцi ў бок. Бачна, што размова яму не падабаецца i ён чакае, калi нарэшце яго пакiнуць у спакоi.

У мясцовага святара айца Вiктара я запытаўся, цi верыць ён у тое, што Пушкiн, якi распiсаў бобрскую царкву, а ў дзень затрымання якраз скончыў працу над дзвюма новымi iконамi, збiраўся здзейснiць тэрарыстычны акт, як гэта сцвярджаецца ў даносе Сайко? Спачатку бацюшка ўхiлiста гаварыў, што сваiх прыхаджан ён ведае настолькi, насколькi яны самi адкрываюць перад iм душу, а што ўтойваецца ў самай глыбiнi — можна толькi здагадвацца. Маўляў, не да мяне пытанне. Але, подумаўшы, сказаў: “Не. Гэта немагчыма”. I дадаў, што хоць Аляксандр i вельмi палiтызаваная асоба, але па жыццi на першым месцы для яго сям`я, сын i жонка. “Цi малiлiся Вы за Пушкiна, калi ён сядзеў за кратамi ў пастарунку?” — спытаўся я далей. “У сваiх малiтвах мы заўжды памiнаем тых, хто упрыгожвае храм. Аляксандр належыць да iх”, — адказаў святар.

Ёсць, аднак, сярод жыхароў Бобра i Крупак тыя, хто адкрыта стаў на бок Алеся, хто не баiцца назваць суд у Крупках палiтычным фарсам, прымеркаваным да прэзiдэнцкiх выбараў. Сярод iх — Тамара Аляксандраўна Паўлоўская, сябра царкоўнай рады. Калi Алесь быў за кратамi, яна малiлася за яго як за нявiнную ахвяру. Тамара Аляксандраўна пераехала ў Бобр з Мiнска, дзе да пенсii працавала ў сiстэме Саўмiна. Iнiцыятарам пераезду на вёску быў яе муж, якi хацеў заняцца развядзеннем пчол. Неўзабаве ён памёр. Тамара Аляксандраўна жыве адна. Царква — яе другi дом. Мiнск, асаблiва цэнтр горада, Тамара Аляксандраўна не любiць.

Па Бобры i Крупках на сваёй машыне мяне вазiў (па Алесевай просьбе) добры знаёмы Пушкiна. Дарэчы, ён адзiны ў Бобры падпiсчык нашай газеты. З ягоных аповедаў становiцца зразумела, што маральная дэградацыя, выразнай праявай якой стаў данос на Алеся, мае i эканамiчны складнiк. Бобр — памiраючая мясцовасць. Тут пазбаўленыя працы i, адпаведна, сталага заробку людзi цалкам залежаць ад ласкi i свавольства начальства. Самае брыдкае, што гэты ненармальны стан яны лiчаць цалкам натуральным. А ў людзей залежных пачуцці гонару і сумлення прытуплены альбо ўвогуле страчаны.

Пачатак заняпаду, па словах майго суразмоўцы, 2002 год. З арганiзатарамi “элегантнай перамогi” расплачвалiся высокiмi пасадамi. Новыя людзi ўзначалiлi тады вобласцi i раёны. У тым лiку сталiчную вобласць i Крупскi раён. Новае начальства з`явiлася i ў Бобры. Такое ўражанне, што не без iхняга ўдзелу за чатыры гады ўсё, што ўяўляла хоць нейкую каштоўнасць, было раскрадзена цi прададзена ў Расiю.

Мой экскурсавод вадзiў мяне па руiнах моцнай калiсь гаспадаркi. Вось пакiнуты i разрабаваны будынак праўлення калгаса, вось руiны бальнiцы, вось кiнуты недабудаваным дзiцячы садок, вось тое, што засталося ад гаража i майстэрняў... Чаму, пытаюся я ў суразмоўцы, нiхто не возьмецца ўкласцi грошы ў пакiнутыя будынкi, каб скарыстаць iх пад крамы цi пад якую вытворчасць?

“Таму што пасля таго, як хтосьцi давядзе гэтыя руiны да ладу, высветлiцца, што ён не мае на будынак нiякiх правоў, бо цi дамова складзена няправiльна, цi нейкi падатак своечасова не заплачаны. Такое ўжо здаралася”.

А як жа праграма адраджэння вёскi? Суразмоўца вязе мяне ў поле недзе кiламетраў за пяць ад Бобра. Тут будуецца аграгарадок. “Навошта будаваць на новым месцы з нуля, калi лагiчна было б укласцi тыя ж грошы ў развiццё iснуючага паселiшча?” — Ён i сам задае сабе такое пытанне i не знаходзiць адказу.

Пушкiн згаджаецца, што матэрыяльны заняпад спрыяе заняпаду маральнаму, але ёсць яшчэ i брыдкая гiстарычная традыцыя. Беларускiя сяляне здавалi царскiм карнікам паўстанцаў Калiноўскага, стукачы распладзiлiся ў велiзарнай калькасцi ў час калектывiзацыi, калi ў лайдака з`явiлася магчымасць пажывiцца за кошт працавiтага суседа; патрыёта Янку Фiлiстовiча здалi чэкістам тыя, за каго ён змагаўся, дзеля каго рызыкаваў жыццём.

“Калi я вярнуўся з пастарунку, дык бачыў расчараванне на тварах местачкоўцаў. Яны спадзявалiся, што мяне пратрымаюць за кратамi болей”.

...Я стаю на кепска асветленым пероне станцыi Бобр, чакаю электрычку на Мiнск. “У сваiм артыкуле ты толькi не рабi з мяне героя,— гаворыць Алесь, — героi былi на Плошчы, у намётавым гарадку”. На развiтанне мастак дорыць мне кружэлку са сваiмi новымi работамi. Сярод iх — абразы Марыi-Панны i Святога Iаана, напiсаныя якраз перад зняволеннем.

“Алесь, чаму ты адсюль не з`едзеш? Цябе ж тут рана цi позна задзяўбуць...” Ён здзiўлена глядзiць на мяне i пацiскае плячыма. У гэты момант Алесь падобны на Хрыста, якому прапаноўваюць кiнуць крыж i далей iсцi ўлегцы...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)