Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”
Крэмль засяродзіўся на перазагрузцы сыстэмы

Ну вось і дачакаліся ў Менску пачатку расейскага электаральнага маратону. Цяпер паўгоду Крамлю будзе па вялікім рахунку не да Беларусі.

Канешне, "Газпром" прадоўжыць гнуць сваю лінію, і без чарговай маленькай вайны за газ, бадай, не абыдзецца. Зараз у беларусаў дзьве гарачыя пары — летняя бітва за хлеб і зімовая — за адносна танны газ. Нашы ўжо намякнулі, і празрыста, што па-свойму разумеюць закладзеную у дамову на чатыры гады формулу цаны на "блакітнае паліва".

Масква рана пацірала рукі, думаючы, што накінула жалезную схему вываду цаны на эўрапейскі ўзровень! У нас свае матэматыкі. І ёсьць шанцы пагандлявацца, бо з тых самых электаральных меркаваньняў драць тры скуры з братоў-беларусаў гэтым разам не рызыкнуць.

Тым болей ня пойдзе зараз Крэмль на рэзкія палітычныя рухі ў двухбаковых дачыненьнях. Хоць у іх там і кіраваная дэмакратыя, а ўсё адно трэба сканцэнтравацца, адключыць лішнія раздражняльнікі, каб і перазагрузка Думы, і апэрацыя "Пераемнік" прайшлі без сучка ды задзірынкі.

Так што прагнозы нейкіх бліцкрыгаў на беларускім кірунку, што ад пачатку выглядалі на піяр, канчаткова павісаюць у паветры. І ўвесну першы беларускі прэзыдэнт мае ўсе шанцы павіншаваць трэцяга расейскага. З цяперашнім, як мы нядаўна пачулі, абмяркоўваць няма чаго.

Для Аляксандра Лукашэнкі, бадай, няма вялікай розьніцы, хто стане наступнікам — Іваноў, Мядзьведзеў, нехта трэці… У любым выпадку гэта будзе драбнейшая фігура, чым Пуцін. І ня будзе апрыёры ціснуць на псыхіку доўгая гісторыя асабістай непрыязнасьці.

Так што ў нейкім сэнсе — нават плюс. А зразаньне датацый запраграмавана так ці іначай, таму ціск — пры дапамозе найперш энергетычных вагароў — будзе плянамерна нарастаць пры любым новым гаспадары Крамля.

Аншлюс яны ўжо прапусьцілі. Будуць спрабаваць ціхай эканамічнай сапай.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)