Политика
Аляксандар Фядута, “Наша ніва”

Краіна глухіх

Папярэджаньня ніхто не пачуў. Толькі за апошні тыдзень у Менску пабывалі расейскія палітычныя пэнсіянэры такога калібру, як віцэ-сьпікер Дзяржаўнай думы Сяргей Бабурын і экс-прэм’ер Расеі Яўген Прымакоў.

Мы ніколі не даведаемся, пра што яны насамрэч гутарылі з Аляксандрам Лукашэнкам. Сыстэма ўлады функцыянуе сёньня такім чынам, што скрозь пабудаваную між ёй і грамадзтвам сьцяну не пранікае інфармацыя. Ні туды, ні сюды.

«Уцечкі няма», — так дакладацьме старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка.

«Чутнасьці няма», — скажа хтосьці асьцярожнейшы. То бок «праслушка» генэральская акурат і функцыянуе. А вось чуць адно аднаго ўлада і грамадзтва няздатныя.

Разумны чалавек, ідэйна адданы цяперашняму рэжыму (назваў бы сапраўдным арыйцам, але, па-першае, няпраўда, па-другое — крыўдавацьме), сказаў мне: «Дзе яны, вашыя хвалёныя нацыянал-патрыёты?! Хіба яны ня бачаць, што Айчына ў небясьпецы?! Што інкарпарацыя можа адбыцца ня сёньня, дык заўтра? Што адзіная перашкода для інкарпарацыі — гэта нялюбы вам Лукашэнка? Увогуле, ці вы ўсе там разумееце, што ён — прэзыдэнт вашай краіны?!»

Разумеем.

І небясьпеку бачым.

Аляксандар Мілінкевіч — прывядзём гэту цытату ў соты раз на бачынах «Нашае Нівы»! — сказаў з гэтае нагоды: «Незалежнасьць Беларусі пад пагрозай, і можа так стацца, што барацьба за дэмакратыю будзе другаснай насупраць барацьбы за існаваньне сваёй краіны».

Мілінкевіча ўжо абвінавацілі за гэта — да таго ж свае, дэмакраты: маўляў, удае, што апазыцыю і ўладу падзяляе толькі стаўленьне да такіх «другасных» рэчаў, як свабода і дэмакратыя.

Але ж Мілінкевіч у прынцыпе кажа пра другое. Ён ясна даў зразумець уладзе: калі пагроза сувэрэнітэту краіны стане рэальная і ўлада будзе абараняць гэты сувэрэнітэт, апазыцыя давядзе, што яна на справе ёсьць патрыятычнай апазыцыяй, і будзе бараніць сваю краіну. Нягледзячы на ўсю сваю нелюбоў да ўлады. Ня ўладу бараніць, а краіну — нават калі давядзецца апынуцца ў адным шыхце з генэралам Сухарэнкам і — страшна вымавіць — з самім Шэйманам. Мы ж памятаем, што Сьцяпан Мікалаевіч — старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі , а не напаўмітычнай саюзнай дзяржавы — ці кожны дзень памятае ён сам пра гэта? Ці толькі калі-нікалі ўзгадвае?

Чаго болей? Прысягацца сёньня ў адданасьці Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму? Але сёньня ён узначальвае не нацыянальны супраціў, але інстытут падаўленьня свабоды, і адзіныя рэальныя загады, якія атрымлівае «чалавек са стрэльбай» «зьверху», — «цягнуць і не пускаць».

Але — і тут безумоўная праўда Мілінкевіча — можа стацца так, што на гэта давядзецца забыцца. Як і на ўласныя амбіцыі.

Прафэсар Юры Хадыка, адказваючы на мой «Ліст да Кангрэсу-2», пакрыўдзіўся за беларускую апазыцыю: як гэта — не прасіцца за стол перамоваў між Лукашэнкам і Захадам! Бяз нас, харошых?!. Дык мы ж...

Так, не прасіцца. Я дакладна сфармуляваў сваю думку: калі Лукашэнка, залежна ад патрэбы абароны беларускай дзяржаўнасьці, паспрабуе распачаць дыялёг з Захадам — ня лезьці і не замінаць! Пра што гаварыць у гэтай сытуацыі трэцяму? Маўляў, хай дзяржавы-гаранты будуць абараняць наш сувэрэнітэт толькі тады, калі Аляксандар Уладзімеравіч атрымае доступ да тэлевізійнага этэру? А іначай — хай згіне пракляты рэжым разам з нашай недапечанай дзяржаўнасьцю, хіба так?

У 1941—1945 г. нават расейскія антыкамуністы ня зычылі паразы сваёй краіне. Антон Дзянікін разумеў: не за Сталіна гіне салдат, а за нешта несувымернае з сталінскімі рэпрэсіямі. Нешта гістарычна больш значнае. Я далёкі ад працягваньня гэтай паралелі, аднак для тых, хто ледзь ня сьветлую памяць генэрала Дудаева апяваў, яна мусіць набыць пэўны сэнс.

Калі заўтра Лукашэнка выступіць з прамоваю, што пачынаецца словамі «Браты і сёстры...» — якія ўмовы для супрацы прапануе апазыцыя? Так, гэты чалавек адняў у нас гістарычную сымболіку, зьдзекаваўся з нашай гісторыі, перасьледаваў нашу культуру. Але калі ён насамрэч стане адзіным гарантам будучага сувэрэнітэту краіны — няўжо сп.Тарас-junior напару з салаўём расейскага імпэрыялізму сп.Пушковым будуць страшыць яго Гаагай? Цудоўна разумеючы пры гэтым (бо разумныя ж людзі), што альтэрнатывай Гаазе можа быць Масква. Не для Лукашэнкі — Масква. Для нас. Для яго ўласных дзяцей і ўнукаў, дзяцей і ўнукаў Тараса — ня толькі для Лукашэнкі!

Няўжо гэта ня горш Гаагі? Мець гістарычны шанец пабудаваць уласную незалежную дзяржаву — і згубіць яе толькі таму, што Гаага сталася такой жаданай мэтаю для помсьлівай чалавечай натуры...

Дый ня веру я ў ніякую Гаагу. Свайго часу Захад быў настолькі цынічны, што пайшоў на перамовы з Гімлерам. А Лукашэнка, колькі б гістарычных глупстваў ён сам і ягоныя ідэолягі з абслугі ні нагарадзілі, — ня Гімлер. Рэкаў крыві, этнічных чыстак, той татальнай галечы, якая была характэрная, скажам, для Румыніі эпохі позьняга Чаўшэску, за ім няма. І яшчэ: ён быў першым свабодным выбарам беларускага народу. Гэта — дастатковая гарантыя.

Мой дэмакратычны апанэнт гаворыць пра тое, што на тле галадоўкі моладзі на ўсё, апроч свабоды, трэба забыцца. Цалкам згодны з гэтым. Толькі свабода — яна розная. Можна думаць пра свабоду для нас, тых, хто жыве сёньня, каго ў гэтай самай свабодзе абмежаваў Лукашэнка. А можна думаць пра свабоду будучых пакаленьняў ад новай генэрацыі Мураўёвых-Віленскіх, «таленавітых адміністратараў», як напішуць пра іх зноў-ткі Якавы Трашчанкі. «За нашу і вашу свабоду!» Нашай свабодай нашае пакаленьне распараджацца мае права. А вось іх свабодай, свабодай будучых беларусаў — не. І спрачацца зь цяперашняй уладай, змагацца зь ёю мы мусім роўна ў той ступені, у каторай яна замахваецца на нашу свабоду. У тым ліку і апэлюючы да замежнай падтрымкі ад дэмакратычных супольнасьцяў Захаду і Ўсходу. А ў тых разох, калі ўлада будзе выступаць за незалежнасьць краіны і свабоду будучых пакаленьняў (у гэтым апошнім, вядома ж, ёсьць пэўныя сумневы), яе давядзецца падтрымліваць. У гэтым і ёсьць канструктыў любой апазыцыі, якая не жадае, каб разам з уладай ліквідавалася незнарок і краіна.

Мой суразмоўца, што добраахвотна ўзяў на сябе функцыю апраўданьня аўтарытарызму, мае на ўвазе, што пра свабоду для пакаленьня цяперашняга ўвогуле варта забыцца, калі мы працуем на будучыню незалежнае Беларусі: маўляў, згадзецеся з тым, што Lukashenka — forever, расслабцеся і атрымоўвайце задавальненьне. Ня згодны. Рабы няздольныя абараняць сваю краіну. Сваю краіну абараняюць толькі тыя, хто лічыць сябе свабодным. Не гарматнае мяса змагалася з Гітлерам — народ, якому было ўсё адно што губляць. Менавіта тады, калі губляць няма чаго (ня толькі ў сэнсе матэрыяльным, але і ў сэнсе духоўным), зброя (у тым ліку і духоўная) абарачаецца супраць сваёй жа ўлады. Спсп.Праляскоўскія et cetera, нібы мядзьведзь, які дубаломна ўкараняе прынцыпы аднадумства, акурат гэтага боку і не жадаюць бачыць.

Дарэчы, Сталін гэта зразумеў. У першыя дні паразаў ён і царкву вырашыў адрадзіць, і ціск на культуру стаў трохі меншы. Так, не крытычна, — але ўсё-такі было. І калі сёньняшнія ідэолягі мяркуюць, што іх пакуль «не прыціснула», то ці застанецца хоць што-кольвек, на што яны будуць абапірацца, калі насамрэч давядзецца выкідваць лёзунг «Айчына ў небясьпецы!». Бо на тое, што гнецца і прагінаецца, — не абаперціся. Давядзецца «ворагаў народу» выпускаць з турмаў і гета, дазваляць газэты і сайты. Айчынная вайна на тым і будуецца, што ўсе адчуваюць сябе дзецьмі Айчыны. А не саюзнае дзяржавы.

Усё няшчасьце ў тым, што чутнасьць у нашай краіне паганая. Улада так доўга і нудна дамагалася тае цішы, што зараз, калі сама ж яна адчувае небясьпеку, крыку яна ня чуе. Крычэць няма дзе. У дзяржаўных газэтах? Дык амбасадар можа пакрыўдаваць. На дзяржаўнай тэлевізіі? Там Мілінкевіча «мочаць», нібы ён адзіная праблема, што засталася ў гэтай краіне. А мы з нашымі накладамі... Чытачы нас атрымліваюць, а ўлада добрасумленна пазбавіла сябе мажлівасьці чытаць недзяржаўную прэсу, выгнаўшы нас з пошты і «Саюздруку». Цяпер гэта і яе праблема. У эпоху Мікалая І быў такі маскоўскі паліцмайстар — Леў Міхайлавіч Цынскі. Ён надзвычай дакладна адказаў славянафілу Івану Аксакаву: «Мы чуем ціш». Ня крыкі — ціш. Уладзе зручней жыць у пустэльні, дзе ніхто не крычыць і не працівіцца.

Дый каму крычэць? Грамадзянскай супольнасьці? Міністар юстыцыі ўсіх так зачысьціў, што толькі дзіркі блішчаць, як катовы яйцы. Партыям? Дык уся махіна дзяржаўнай прапаганды столькі год запэўнівала люд, што яны — нікчэмнасьць...

Карацей, за што змагаліся, на тое й нарваліся. А гэта ж для нас гаворка ідзе толькі пра Айчыну, якая, мабыць, сапраўды ў небясьпецы. А для яе, для ўлады, — яшчэ і пра мільярд даляраў газавай дэльты штогод. Гэта дэльта — так ужо выйшла — наўпрост зьвязаная з сувэрэнітэтам Беларусі. І нават калі Айчына застанецца, дэльта пэўне ж зьнікне. Застанецца нафтавая, даволі значная, але на яе селі іншыя людзі, а таму газавы мільярд таксама губляць ня хочацца. А ўжо разам зь ліквідацыяй Айчыны (для нас) і нафтавая дэльта (для іх) счэзьне назаўсёды. А ці хочацца яе — нафтавую дэльту — згубіць?

Але калі ня хочацца, калі ўлада так відавочна чакае ад нас лёзунгаў у абарону сувэрэнітэту, дык хоць бы сама пачула іх. Падвысьце ўзровень чутнасьці. Прадэманструйце, што чуеце.

І тым ня менш, браты і сёстры, Айчына, выглядае на тое, сапраўды ў небясьпецы. Крычэць давядзецца. Няхай нават — што і відавочна — пасьля сустрэчы «вялікай восемкі» ціск на Беларусь сур’ёзна зьнізіцца, ён можа застацца на ўзроўні дылемы «здайце рубель, адмоўцеся ад газатранспартнай сыстэмы, ці...». Тады будзе запозна спрачацца, хто менавіта давёў краіну да такога мізэрнага стану. У крытычныя хвіліны пытаньне ж ня ў тым, хто вінаваты, а ў тым, што рабіць.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)