Коўшык: «Чаму нашы бабулі казалі «не лезь, не высоўвайся»? Бо раней задача была выжыць. На жаль, зараз мы таксама павінны выжыць як нацыя»

Прадстаўніца АПК на нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык з нагоды Дня роднай мовы распавяла, як прыйшла да беларускай мовы.

— Беларуская мова для мяне — гэта як паветра. Для мяне размаўляць па-беларуску — гэта як дыхаць, гэта натуральна, — кажа Коўшык і інтэрв’ю Мова нанова. — І я лічу, што наша галоўная задача — зразумець большасці беларусаў, што беларуская мова — наша натуральнае права мець родную мову.

Аліна Коўшык

Наша мова нічым не горшая, я бы сказала, што яна найцудоўнейшняя для нас. Яна гарманічная і мілагучная, ніякім чынам не экстрэмісцкая, а проста наша родная. І я за тое, каб яна была нашай мовай зносін і камунікацый, кахання, смеху, мовай дзяцей і бабуль.

Па словах прадстаўніцы АПК, яе асабісты шлях да роднай мовы быў доўгі.

— Я нарадзілася ў расейскамоўнай сям'і, мой тата вайсковец, мы шмат падарожнічалі. І я думаю, што сутыкненне з іншымі светамі, краінамі і іншымі народамі шмат дало для мяне як для станаўлення беларускі.

Я нарадзілася ў Гародні, потым мы пераехалі жыць у Нямеччыну з-за працы бацькі. Я пайшла ў садочак, ён быў савецкі. Але мая маці сябравала з украінкамі, і гэта таксама дало мне разуменне.

Мама распавядала, што калі мне было прыкладна чатыры гады, я яе запытала: «Вось немцы размаўляць па-нямецку. Нашая суседка — па-ўкраінску». Яна кажа: «Бо ўкраінка». Я пытаю: «А мы хто?». Адказ — беларусы. А на якой мове мы размаўляем? У маці быў ступар, яна адказвае — па-расейску. Я спытала, чаму, але дакладнага адказу не было.

Я ўжо тады прасіла маму, каб яна спявала мне калыханкі па-беларуску і чытала казкі. Гэта, думаю, мой першы свядомы крок выбару беларускай мовы.

Вялікую ролю, прызнаецца Коўшык, у яе стаўленні як беларускі адыграў пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў і яго кніга «Адкуль наш род».

— Мне было цікава, адкуль мы, беларусы, узяліся, і там я шукала адказы. Я прыходзіла з гэтай кніжкай на ўрокі гісторыі (сям’я Коўшык праз час павярнулася на радзіму — С.)  і паказвала настаўніцы. Яна так глядзела на мяне, нібыта думала: што за вар‘ятка, не дае жыць спакойна. Таму кніжкі — гэта вялікая істота.

Я таксама вось пра што падумала: калі мы распытвалі бабуль і дзядуль пра іх жыццё, прыгоды, Савецкі Саюз... Гэта пакаленне было настолькі застрашанае, што баялася расказваць праўду.

У нас не было каштоўнасці перадаваць гісторыю каштоўнасці роду. А гэта неверагодна важна, каб разумець, кім ты ёсць насамрэч. Гэта досвед пакаленняў. Чаму яны казалі: не лезь, не высоўвайся? Таму што раней задача была выжыць.

Я думаю, зараз мы, на жаль, таксама яшчэ на этапе, калі павінны проста выжыць як нацыя. Захавацца фізічна, захаваць культурніцкія, генетычныя коды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Коўшык павіншавала беларусаў з Днём роднай мовы і пажадала, «каб свята роднай мовы было ў нас кожны дзень, і толькі тады мы будзем моцныя як нацыя».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)