Филин

Юлія Кот

Коўшык: «Беларускі тэатр выціснулі з краіны — наўмысна, рэпрэсіўна, але ён жыве»

Прадстаўніца АПК у справе нацыянальнага адраджэння — пра тое, чаму ва ўладаў не атрымліваецца ствараць культуру з-пад палкі.

Міністэрства культуры РБ запатрабавала ад дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы ставіць больш спектакляў на патрыятычную тэматыку, павышаць долю ўласных даходаў у агульным аб'ёме выдаткаў тэатра і пашыраць геаграфію замежных гастроляў.

Гэтыя задачы былі агучаныя на сустрэчы з калектывам перад пачаткам чарговага сезону.

Акрамя таго, кіраўніца Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга, сумнавядомая па датычнасці да «чорных спісаў» беларускіх творцаў, звярнула ўвагу на падтрыманне «спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату» ў трупе.

Гэтыя патрабаванні выглядаюць наколькі абсурдна, настолькі ж і цынічна — улады, падаецца, зрабілі ўсё, каб пасля фактычнага знішчэння Купалаўскага тэатру ў 2020-м разбурыць і ягонае добрае імя.

Зрэшты, прадстаўніца Аб’яднанага кабінета ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык з такой фармулёўкай не згодная. У гутарцы з Филинам яна распавяла, чаму не лічыць дзяржаўны тэатр — Купалаўскім, на якія замежныя гастролі могуць выязджаць культурніцкія дзяржустановы і чаму беларускі тэатр усё адно захавае сябе.

— Для мяне гэта ўжо не Купалаўскі тэатр, — зазначае Аліна Коўшык. — Для мяне купалаўцы — гэты людзі, якія зрабілі свой вольны выбар, якія верныя сваім ідэалам, сваёй прафесіі.

А тое, што ўлады робяць зараз з тэатрам, які сапраўды носіць імя Янкі Купалы, але цяпер з’яўляецца інстытуцыяй, што абслугоўвае працу рэжыму і акупацыйнай адміністрацыі, — для іх лагічна, адтуль і такія патрабаванні.

Улады хочуць, каб быў «патрыятычны» рэпертуар. Гэта ў іх галовах не азначае беларускі. «Патрыятычны» — значыць, такі, які будзе дапамагаць апраўдваць злачынствы, што здзяйсняе рэжым.

Замежных гастроляў, якія хочуць мець беларускія ўлады, таксама не будзе, перакананая наша суразмоўца:

– Фактычна першыя гастролі будуць хіба што ў Цверы, бо гастраляваць яны могуць толькі па тэрыторыі краіны, якая нас акупавала, па Расеі. І калі цяперашняя трупа зноў і зноў ставіць «Паўлінку», культавы беларускі спектакль, які ідзе ў Купалаўскім тэатры з 1943 года, — гэта ўжо зусім не тая «Паўлінка», бо там няма Зоі Белахвосцік…

Яны ў пэўным сэнсе карыстаюцца нашым нацыянальным багаццем, але выкарыстоўваюць яго выключна ў сваіх прапагандысцкіх мэтах.

Мы бачым, што тэатр імя Янкі Купалы сёння ў глыбокім крызісе, і яго не ўдаецца пераадолець пасля таго, як значная і самая адважная частка калектыву сышла. І тэатр фактычна перастаў існаваць як Купалаўскі.

А Купалаўцы — яны ёсць і цяпер. Яны ставяць свае спектаклі ў Варшаве, спрабуюць выжываць ва ўмовах эміграцыі, што вельмі складана. Бо зразумела, якая дарагая справа — тэатр, як складана яго пабудаваць. Таму зараз з’явілася такая ідэя: стварыць у Польшчы пляцоўку для розных беларускіх тэатральных праектаў.

Бо беларускі тэатр жыве. Яго выціснулі з краіны — наўмысна, рэпрэсіўна, але ён жыве. Выдатныя пастаноўкі з’яўляюцца. Быць можа, сціплыя, не такія глабальныя, як хацелася б, але яны ёсць: беларускія рэжысёры ставяць спектаклі, беларускія акторы граюць, і гэта выдатна. І, дарэчы, яны акурат ездзяць па замежных гастролях.

Культуру, падкрэслівае спадарыня Аліна Коўшык, немагчыма пабудаваць на загад, калі няма спрыяльнай атмасферы для творчасці і для свабоды. Ані таго, ані другога цяпер у Беларусі няма: «фактычна, Беларусь ператварылася ў краіну, дзе становіцца цяжка дыхаць».

— У рэпертуары не толькі тэатра імя Купалы, але і ў іншых беларускіх тэатрах з’яўляецца ўсё больш пастановак на рускай мове, спектаклі паводле Пушкіна і Астроўскага. Але, мяркуючы па заклапочанасці Мінкультуры, прыбытку гэтае «імпартазамяшчэнне» не прыносіць?

— Думаю, што рэжыму становіцца ўсё больш складана ўтрымліваць розныя культурніцкія інстытуцыі. Яны сапраўды перастаюць зарабляць, таму што перасталі быць цікавыя людзям. Па сутнасці, трэба ўкладацца ва ўсё, а бюджэты знайсці няма дзе, таму ставяць чарговы загад: зарабляйце.

Тое, што ў рэпертуары з’яўляюцца творы Астроўскага і Пушкіна, на дадзены момант выглядае як падрыхтоўка да расійскіх гастроляў. Але ў расійскай неаімперыі ніхто не будзе глядзець беларускія спектаклі — там гэта нецікава і не патрэбна.

Але, паўтаруся, ёсць супрацьвага. Спектаклі вольных Купалаўцаў можна паглядзець на YouTube, знайсці іх у сацсетках. І я шчыра заклікаю беларусаў цікавіцца сваёй культурай, цяпер ствараецца вялікі яе пласт, хоць, на жаль, па-за межамі Беларусі. Але важна, што гэта робіцца для ўсіх беларусаў, незалежна ад таго, у якой краіне мы знаходзімся.

Сапраўды, культура — тое, што дапаможа нам выжыць і вытрываць, як беларусам. Ніякімі загадамі акупацыйнае ўлады гэта не адмяніць. Культура жыве ў генатыпе народа, мы счытваем гэтыя культурніцкія коды на падсвядомым узроўні, таму чужародная культура ніколі не стане сваёй.

Адна з важных задач сёння, на думку Аліны Коўшык, – вяртанне ў беларускую культуру еўрапейскасці, якую нішчылі дзесяцігоддзямі:

— Нягледзячы на тое, што зараз культура ў вельмі цяжкіх умовах, але разам з тым гэта і велізарны шанец для развіцця на сапраўды свабодным грунце. Хоць шлях гэты складаны і не ўсе яго вытрымаюць, але для нас, як для нацыі, гэта важны ўрок таго, як можна жыць і ствараць культуру ў свабодных дэмакратычных краінах. І я перакананая, што атрыманы досвед мы перанясём у Беларусь.

Таму стварэнне оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм’ера якой адбудзецца ўжо ў верасні, на жаль, не ў Мінску, а ў Лондане — гэта выдатна! Дзякуючы гэтаму спектаклю Беларусь, цудоўную, шыкоўную, гатычную, пабачыць увесь свет, і будзе захапляцца

— На вашу думку, ці атрымаецца захаваць брэнд і сімвал Купалаўскага тэатра, альбо праз нейкія творчыя калабарацыі, праз пошукі і развіццё паўстане іншы, новы беларускі тэатр?

—  Перадусім гэта пытанне трэба задаць купалаўцам. Але купалаўскі брэнд настолькі моцны, што, я вельмі спадзяюся, ён перажыве цяжкія часы, як перажыў іх бел-чырвона-белы сцяг, як перажылі нашы кнігі.

Але нават калі штосьці зменіцца, гэта нястрашна. Галоўнае, каб жыў беларускі тэатр. Сёння вельмі мала што стабільна, усё моцна змяняецца, і ў тым ліку, думаю, самі купалаўцы змяніліся за гэты час. Але ведаю, што ў трупы ёсць усведамленне важнасці брэнду і яны робяць усё, каб яго захаваць. Трэба аддаць ім даніну павагі: яны працуюць у надзвычай складаных умовах, вымушаныя выжываць.

Калі ласка, падтрымлівайце нашых творцаў, і беларускую культуру, хто як можа. Хадзіце на спектаклі, сачыце за імі, глядзіце пастаноўкі жыўцом ці анлайн. Бо для творцаў важна ведаць, для каго яны працуюць і што мастацтва запатрабаванае, гэта тое, што дае магчымасці і сілы ствараць далей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)