Экономика
Аліна Таранік

Кошты на школьныя рэчы шакуюць бацькоў

Першае верасня – на носе. Бацькі пачынаюць зграмаджацца ў крамах, каб паспець набыць неабходныя ў школе рэчы. «Сабраць» першакласніка сёлета будзе каштаваць ад 917 тысяч рублёў. Аднак у крамах прыйдзецца пакінуць у разы больш грошай.

Падрыхтоўка школьніка да навучальнага году заўсёды была дарагім заняткам. Падчас крызісу гэты момант асабліва хочацца адцягнуць.

– Мы яшчэ не пачыналі закупку тавараў для школы. Пакуль прымерваемся да коштаў. Нешта засталося яшчэ з мінулага году – да прыкладу, заплечнік. Мяркуючы па ўсім, будзем даношваць у гэтым годзе. У гімназіі, куды ходзіць дачка, з гэтага году ўводзяць уласную форму, таму, колькі скажуць, столькі і прыйдзецца плаціць, – паведаміў карэспандэнту «Салідарнасці» наведнік адной з мінскіх крам.

Увогуле, калі разглядаць цэны на форму ў дзяржаўных універсамах, найтаннейшы варыянт абыйдзецца бацькам першакласніка каля 140 тысяч. Не забывайце дадаць да таго калготкі дзяўчатам ці камізэльку, матылёк – хлопцам, а яшчэ як найменей дзве пары абутку – хадзіць па вуліцы і на зменку. Дарэчы, самую сціплую пару дзявочых туфлікаў у крамах, у якіх мне давялося пабываць, можна прыдбаць за 104 тысячы. Праўда, яны дашчэнту ненатуральныя, ды наўрад перажывуць хоць адзін дождж. Хлопцам абуцца выходзіць менш стратна – ад 72 тысяч, але зноў-такі якасць не найлепшая.

Трэба ўлічваць і выдаткі на спартовую форму. Яе асартымент дастаткова вялікі, але каштуе гэткую ж круглую суму – ад 120 тысяч. Плюс красоўкі ці кеды – яшчэ сотня-дзве.

У аддзеле са сшыткамі ды іншымі канцылярскімі таварамі народу – процьма.

– Гэтую папку браць не будзем, бо занадта дарагая, – кажа маці сваёй дачцэ.

Паблізу маленькая дзяўчынка з купы разнастайных заплечнікаў выцягвае самы дарагі – 430 тысяч. «Хадзем далей», – адцягваюць бацькі.

Дарэчы, кошт на заплечнікі не цешыць. Можна, канешне, купіць і за 80 тысяч, але зусім танюткі ды на падазроных раменчыках. Ну а цана нармальных плецакоў ізноў перавальвае за 100–150 тысяч.

Караценька пра тое, без чаго сапраўды ніяк не абысціся школьніку – сшыткі, лінейкі, дзённікі, акварэльныя фарбы, нажніцы, пенал, разнакаляровая папера, лічыльныя палачкі… Прайшоўшыся па спісе рэчаў, патрабуемых адной са школ, ды склаўшы цэны на канцтавары, выйшла… мінімум 177 000.

Калі падсумаваць цэны, прыведзеныя ў табліцы, агулам выйдзе каля 917 тысяч. Такім чынам, пры ўмове, што вы знойдзеце ўсе неабходныя рэчы па мінімальных коштах, новы навучальны год забярэ з гаманца каля мільёну рублёў. Пры гэтым больш якасныя рэчы ці адзежа з натуральных тканін каштуюць у 2-3 разы даражэй. Толькі трывалы скураны абутак можа «заважыць» на 300 тысяч. Калі да таго ж набываць заплечнік (а не мех для кніг), камфортную форму, зручны ў карыстанні пенал – на меней як два мільёны можна не разлічваць. А калі ў сям'і некалькі школьнікаў?

– У нас тры школьнікі, для кожнага ўзросту кошты розныя, – адказвае адзін з суразмоўцаў. – Пакуль не ведаем, колькі будзе нам каштаваць усё агулам.

– Пачалі збіраць свайго першакласніка. Кошты шакуюць пачынаючы з школьнай формы, скончваючы асадкамі, – падсумавала ўражанні па выхадзе з крамы спадарыня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)