Филин

Наталля Север

Коршунаў: «Тое, што робіць Лукашэнка з чыноўнікамі, гэта яго традыцыйны занятак — «ператрахваў, ператрахваю і буду ператрахваць»

Сацыёлаг — пра класіфікацыю і матывацыю беларускай вертыкалі.

Акадэмія кіравання выпусціла новую метадычку для чыноўнікаў і ідэолагаў. Як і належыць, яе пасыл ваяўніча-бравурны. Нават няўзброеным вокам сёння кожны патрыёт можа ўбачыць «наяўнасць прамых выклікаў ваеннай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Адной з прычын такога нагнятання з'яўляецца тое, што ў памежных з намі краінах «пры падтрымцы Вашынгтона і шэрагу еўрапейскіх дзяржаў планамерна гадаваліся паўфашысцкія кіруючыя рэжымы, якія насаджаюць неанацызм на дзяржаўным узроўні».

У выніку лагер галоўных ворагаў беларускага рэжыму, акрамя звыклага ўжо «калектыўнага Захаду», дапоўнілі «нацыяналістычныя воінскія фармаванні» (гаворка пра фармаванні беларускіх добраахвотнікаў — C.), якія дзейнічаюць ва Украіне.

Але, паколькі «галоўная роля ў забеспячэнні бяспекі нашай краіны адведзена кіраўніку дзяржавы», можна не хвалявацца. Чаго толькі вартыя падзеі 2020 года, якія «на практыцы паказалі рашучасць беларускага лідара прымаць дзейсныя меры да захавання спакою і стабільнасці ў дзяржаве».

Стварэнне ўзброеных сіл Беларусі і сістэмы нацыянальнай бяспекі, укараненне навацый, развіццё абаронна-прамысловага комплексу і патрыятычнае выхаванне — гэта ўсё ён.

Пералічыўшы масу відаў узбраенняў, якія, мабыць, павінны выклікаць гонар у беларусаў, а, па факце, большая частка якіх ужо перададзена расійскай арміі, перапоўненая цытатамі Лукашэнкі метадычка запэўнівае: «наша краіна зыходзіць з таго, што ні адна з дзяржаў не зʼяўляецца для яе праціўнікам».

Яшчэ больш цынічна гучыць адна з рэзюмуючых фраз: «Беларусь ніколі не была і не будзе крыніцай зла і гвалту».

Актуальныя наратывы прапаганды Филин абмеркаваў разам са старшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй, незалежным сацыёлагам Генадзем Коршунавым.

Генадзь Коршунаў

— Насамрэч у гэтай метадычцы няма нічога новага, — робіць вынік сацыёлаг. — Проста напярэдадні 23 лютага акцэнт зроблены на армейскім складніку. Адпрацоўваюць парадак дня. І праз гэта фактычна можна казаць пра тыповыя акцэнты, якія кідаюцца ў вочы.

Па-першае, тое, што аснова, цэнтральны слуп, адзіны, акрамя якога больш нічога няма, гэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Складаецца ўражанне, што ён і ёсць беларуская дзяржава, а ўсе астатнія мусяць быць, як казаў адзін прапагандыст, «калектыўным Лукашэнкам».

Людзям проста адмаўляецца ў праве быць суб’ектамі. І не толькі людзям, як персонам, асобам, але і, як мы бачым па апошнім дзеянням, адмаўленне ідзе і на ўзроўні палітычных партый, грамадскіх арганізацый і гэтак далей. Тобок такая татальная персаналізацыя.

І другі момант — гэта тое, што Беларусі да XX стагоддзя не было, яе фактычна зрабіла Расія. Гэта таксама вельмі даўні такі лукашэнкаўскі наратыў, што без Расіі Беларусь нікуды, толькі побач з Расіяй мы можам існаваць і г.д. Новага ў гэтым нічога, як няма ані каліва праўды.

Такія метадычкі Акадэмія кіравання робіць гадамі. Гэта рэгулярная справа, пастаўленая ім у функцыянальныя абавязкі, яны іх адпрацоўваюць. Рабіць там нешта новае лёсавызначальнае — гэта не іх справа. Таму што ўсё лёсавызначальнае, як адзначана ў той жа метадычцы, робіць Аляксандр Лукашэнка.

А яны толькі гэта афармляюць, пераказваюць рознымі словамі, рассылаюць на месцы, каб мясцовым ідыёлагам было з чым працаваць, калі яны самі, напрыклад, не зразумелі, што ён сказаў.

— Але зараз проста збег нейкі розных мерапрыемстваў і нарадаў для ідыёлагаў, прысвечаных нацыянальнай бяспецы. Бясконца выступае беларускі правіцель, распачалася маштабная трэніроўка дзяржорганаў. Ці гэта ў іх выклік часу, ці яны фармальна адпрацоўваюць галачкі, ці ўсё ж такі нейкая сумятня там існуе?

— Тут трэба разумець, што напруга ў кіроўнай ідэалагічнай лукашэнкаўскай вертыкалі, безумоўна, ёсць. Яна задаецца так бы мовіць двума вектарамі.

З аднаго боку, ёсць пэўны ціск з асяроддзя, таму што вертыкаль бачыць, што добрага нічога не адбываецца, незадаволенасць у людзей расце. Крызіс, які распачаўся ў 2020 годзе, не скончыўся. Да яго пакрысе дадаюцца наступствы санкцый, вось гэтай дурной манеры кіравання эканомікай, міграцыйныя працэсы.

З другога боку, ёсць ціск, скажам, апаратны, страх не ўгадаць настрой генеральнай лініі. Ён таксама ёсць і будзе. Як яно працуе, мы вельмі добра ведаем з гісторыі.

Таму з аднаго боку ціснуць, з другога боку ціснуць, і яны намагаюцца вытрымліваць нейкую такую сярэднюю лінію.

— Вы сказалі, што яны не могуць не бачыць тое, што ў грамадстве адбываецца зусім не так, як напісана ў іх метадычках. Ці так гэта?

— Адкуль яны гэта бачаць? Усё роўна яны, іх жонкі, іх дзеці ходзяць у крамы, лякарні. Яны бачаць, што адбываецца з коштамі і з асартыментам. Гэта ў вярхушкі ёсць свае лекары. Але калі мы бярэм аблвыканкамы, там ужо меней такіх магчымасцяў, а калі спускаемся на раёны, там усё бачна яшчэ больш яскрава.

Яны мусяць рэагаваць і неяк вырашаць пытанні, якія зараз занадта часта ўзнікаюць у ЖКГ. Хутка пачнуцца пытанні дарог, як заўсёды пасля зімы.

Насамрэч яны ведаюць больш, чым простыя людзі, таму што частка статыстыкі, якая зараз закрытая ад нас, да іх даходзіць. Нават яны самі яе і збіраюць. Таму тыя, хто не зусім дурныя (думаю, такіх людзей там дастаткова), бачаць рэальную карціну.

Плюс у іх жа ёсць сваё асяроддзе. Зразумела, што гэта інфармацыйны пухір, але ён таксама будзе час ад часу праколвацца, праз знаёмых, суседзяў, знаёмых знаёмых. Таму ўсё яны ведаюць.

— У гэтай метадычцы амаль нічога не сказана пра Украіну, менавіта аб вайне, ваенных дзеяннях.

— А гэта тэма табуяваная. Пра Украіну яны кажуць ускосна тады, калі кажуць, што мы ні ў якой вайне не ўдзельнічаем, мы за мір ва ўсім свеце. Насамрэч, гэта пра Украіну.

Да таго ж што ім сказаць? Пра тое, што Расія распачала вайну і мы — суагрэсары? Пра гэта нельга казаць. Пра тое, што Расія там прайграе? Пра гэта таксама нельга казаць.

— Вы адзначылі, што ў краіне пастаянна праходзяць нейкія вучэнні і трэнінгі чыноўнікаў. А чаму, калі ў іх такая моцная вертыкаль улады, якая вытрымала нават падзеі 2020 года, як яны лічаць, і ўсё роўна гэтых чыноўнікаў увесь час вучаць, правяраюць і нацягваюць. Ім не давяраюць, ці лічаць нейкімі адсталымі, ці гэта такія курсы павышэння кваліфікацыі?

— Не, не блытайце курсы па нарошчванні кваліфікацыі і кампетэнцыі — гэта адно.

Тое, што робіць Лукашэнка з чыноўнікамі, гэта другое. Гэта яго традыцыйны занятак — «ператрахваў, ператрахваю, і буду ператрахваць». Таму што ён ніколі нікому не давяраў напоўніцу.

А там тое ж самае: чым далей ад сталіцы, на месцах людзі самі бачаць, што стан там цяжэйшы, чым у Мінску. Таму іх пастаянна трэба трымаць у напружанні. Трэба напампоўваць ідэалагічна правільнымі думкамі, каб яны бачылі толькі тое, што транслюецца зверху. Іх трэба пастаянна трымаць у тонусе, трымаць перад імі тую самую метадычку, якую трэба чытаць.

Калі ты глядзіш вакол, ты бачыш, што вакол дрэнна. Калі чытаеш метадычку — карціна мяняецца. Дык вось чытай метадычку, а не глядзі па баках.

— Ці разумеюць гэтыя людзі, што з імі, мякка кажучы, дрэнна абыходзяцца?

— Хтосьці можа прымаць гэта як здзек, таму што чалавек хацеў бы працаваць. А хтосьці можа ў гэтым, наадварот, убачыць павагу і высокі давер.

З іншага боку, згодна з даследаваннем SYMPA, тых, хто сышоў з дзяржслужбы, сапраўды добрая частка маладзёнаў, якія прыходзяць пасля вучобы ў органы дзяржкіравання, хоча рабіць карысць радзіме, карысць дзяржаве, карысць людзям.

Але сістэма збудаваная такім чынам, што ад іх патрабуецца лаяльнасць, пераносіць паперкі і тупа рабіць тое, што скажуць зверху. Усё. Ніякай ініцыятывы, ніякага росту, ніякіх кампетэнцыяў.

Таму добрая частка з іх сыходзіць. Я так разумею, што там у асноўным апытвалі сталічных супрацоўнікаў, міністэрстваў і гэтак далей. Што робіцца, напрыклад, на ўзроўні райсаветаў, цяжка казаць.

— Некаторыя сапраўды атрымліваюць «зарад бадзёрасці» і вельмі рады.

— У гэтым сэнсе прыклад таго самага ваенкома Крываносава — ён хоць і крынжовы, але вельмі паказальны. І такая частка ёсць — абсалютна закаханыя ў гэтую харызму Лукашэнкі, у тое, што ад яе засталося. Такія гатовыя служыць проста як марыянеткі.

Тое, што сярод кіраўніцтва краіны розных узроўняў застаюцца людзі, якія сваёй галоўнай матывацыяй вызначаюць, што яны працуюць дзеля краіны, безумоўна, ёсць. Будуць і тыя, хто працаваў бы пад любой уладай, якім па барабану, яны перакладаюць свае паперкі, разлічваюць на пенсію як дзяржслужбоўцы і ўсё.

Будуць тыя, хто сапраўды шчыра лічаць, што Лукашэнка — цар, бог і гарант суверэнітэту і што без яго Беларусі не было і не будзе.

Ёсць і тыя, хто лічаць усё гэта лухтой. Яны кажуць, што проста так здарылася, я апынуўся на гэтым месцы і буду па максімуму выкладацца, працаваць і нешта рабіць для краіны. Могуць быць і іншыя групы. Але наколькі кожная вялікая ці маленькая, ніхто не скажа. Трэба было б рабіць даследаванне.

— Атрымліваецца, што мы рухаемся ў вядомым накірунку, назад — у 80-я ці 70-я?

— Я гляджу, што ўсё больш экспертаў кажа пра тое, што з аўтарытарнай краіны мы ўсё больш і больш пераходзім у таталітарную.

Адно з прынцыповых адрозненняў — тое, што калі раней трэба было не замінаць уладам, не выступаць супраць, зараз гэтага ўжо недастаткова. Зараз патрабуецца дэманстратыўнае выказванне лаяльнасці.

Нельга адмаўчацца, там, адсядзецца і нешта рабіць у сваім гета, ці культурніцкім, ці моўным, ці яшчэ якім. Зараз гэта не праходзіць. Зараз трэба гучна дэклараваць сваё стаўленне да рэжыму.

Прынамсі менавіта пра гэта Лукашэнка казаў у сваіх апошніх прамовах адносна тых беларусаў, якія вымушаны былі збегчы ад рэпрэсій з Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)