Филин

Ірына Марозава

Коршунаў: «Братэрскія народы — гэта фактычна мем, атавізм савецкай інтэрпрэтацыі»

Сацыёлаг — пра лічбы свежых сацапытанняў у РФ і ва Украіне і паралелі з Беларуссю.

У Расеі зменшылася колькасць людзей, якія жадаюць перамен. Паводле апытання «Левада-цэнтру», пра неабходнасць «рашучых, поўнамаштабных перамен» заявілі 47% рэспандэнтаў (летам 2019-га такіх было 59%, у маі 2018 года — 57%). Пры гэтым асноўныя запыты расіян — паляпшэнне ўзроўню жыцця, павелічэнне заробку і пенсій (14%), змена ўлады (11%), заканчэнне «спецаперацыі» і пачатак перамоў з Украінай (10%).

Ці марна разлічваць на тое, што расейскае грамадства паўстане і скіне рэжым? Чым незадаволенасць расейцаў сваёй уладай адрозніваецца ад беларускага пратэсту? Гэтыя і іншыя пытанні Филин задаў сацыёлагу, старшаму даследчыку Цэнтра новых ідэй Генадзю Коршунаву.

Генадзь Коршунаў

— Лічбы насамрэч цалкам зразумелыя і чаканыя, бо піраміду Маслоў ніхто не адмяняў: на першым месцы стаіць праблема выжывання, а ўсе астатнія ідуць толькі тады, калі ў цябе ёсць жыллё, ежа, асабістая бяспека, — зазначае эксперт.

Пытанні свабоды, дэмакратычнага выбару— патрэбы не бедных людзей. Гэта тыя ўзроўні, прага да якіх прыходзіць, калі ў цябе ёсць, што есці, чым накарміць дзяцей.

Бедныя фактычна ніколі не робяць рэвалюцыю. Як хтосьці трапна сфармуляваў, пратэст робяць тады, калі ў цябе першы раз не здарылася, чым пакарміць дзіцёнка. А калі ўсё жыццё думаеш аб тым, як забяспечыць сям’ю, табе не да рэвалюцыі  і не да дэмакратыі.

У гэтым сэнсе нашыя беларускія пратэсты 2020 году — пратэсты сапраўды сярэдняга класу, пратэсты тых, хто ўжо не думаў пра хлеб, а тых, хто думаў пра будучыню сваю і сваіх дзяцей.

Таму сапраўды, чакаць нейкага ўздыму Расеі не выпадае: краіна добра збяднела, там вялікі падзел і эканамічны, і сацыяльны – з пункту гледжання дабрабыту. Адмыслоўцы кажуць, што ўвогуле ёсць чатыры Расеі.

Ёсць паўтары дзясяткі найбуйнейшых і найбагацейшых гарадоў, якія жывуць заможна, па еўрапейскіх постіндустрыяльных мерках; проста сярэднія прамысловыя гарады, у якіх жыццё, скажам так, добрае; малыя гарады (ад 20 да 50 тысяч чалавек), дзе неяк прамысловасць яшчэ цягне і шмат «бюджэтнікаў»; нарэшце, невялікія населеныя пункты і нават цэлыя рэгіёны, насельніцтва якіх жыве ў традыцыйным грамадстве, мадэрнізацыя і тым больш еўрапейскія каштоўнасці датуль проста яшчэ не прыйшлі і не хутка прыйдуць. І ў жарце, што палова Расіі ходзіць да ветру на вуліцу і WC ніколі не бачыла — жарт толькі частковы, як мы можам меркаваць і па расповедах украінцаў, якія жылі пад акупацыяй…

Да агульнай збяднеласці вялізнай колькасці расіян і цэлых рэгіёнаў, дадае Генадзь Коршунаў, дадаецца, з аднаго боку, эфектыўная рэпрэсіўная машына (хоць і не настолькі маштабная, як у Беларусі), а з другога — прапаганда, моц і ўплыў якой нельга недаацэньваць.

— Вы згадалі, што беларускія пратэсты — сярэдняга класу. Так, сілавікі вельмі любяць прымушаць затрыманых у «пакаяльных відэа» называць свае заробкі, але мы ведаем, што сярод пратэстоўцаў і, на жаль, палітвязняў, вялікая колькасць далёка не самых заможных людзей: пенсіянеры, настаўнікі…

— Справа ў тым, што «сярэдні клас» — даволі ўмоўны канструкт, і ў яго варта далучаць, груба кажучы, не толькі па аб’ему гаманца. Гэта і пытанне ладу жыцця, каштоўнасцяў.

У Беларусі ў гэтым сэнсе даволі цікавы досвед. За апошнія 20 год у нас склаўся даволі магутны нават не клас, у марксісцкім разуменні, а слой людзей, хто мог выязджаць у Еўропу, якая да нас блізка: і на захад, і на поўнач, і на поўдзень. Беларусы маглі бачыць жыццё ў розных краінах, параўноўваць розны досвед — у адрозненне ад расіян, якія збольшага такой магчымасці не маюць.

Далучаем да таго лічбафікцыю: у нас узровень інтэрнэтызацыі, сеткавізацыі грамадства ў сярэднім нашмат вышэйшы за Расею. І яшчэ адзін чыннік, які значна развіўся за апошнія 10-15 год: рост прыватнага сектару, калі індывідуальная ініцыятыва ўжо не караецца, як за савецкім часам, а ўхваляецца і дае магчымасць зарабляць.

Зноў розніца з РФ: калі казаць пра бізнес, там у асноўным рэнтавая эканоміка, у якой людзі не зарабляюць, а атрымоўваюць грошы ад дзяржавы, якая мае звышдаходы ад нафты і г.д. Праз гэта атрымоўваецца не толькі структурная, а натуральна паглыбляецца і ментальная розніца паміж народамі.

Такая адрознасць, падкрэслівае эксперт, не ўзнікла раптоўна — яна была і за савецкім часам. І колькі б ні казалі ідэолагі пра адзіны савецкі народ, але чамусьці, напрыклад, у арміі вайсковым псіхолагам выдавалі метадычкі з тлумачэннямі, чым адметныя вайскоўцы рускія, чым — украінцы, беларусы і г.д.

— Зверху дадаем 30 год жыцця ў розных культурных, палітычных, эканамічных умовах — выраслі ўжо, лічы, некалькі пакаленняў зусім розных народаў.

— Здаецца, гэта сёння як ніколі важна разумець, бо прапаганда зноў бярэ на ўзбраенне тэзіс пра «братэрскасць».

— Братэрскія народы — гэта фактычна мем, элемент сацыяльнай інжынерыі і вынаходка савецкай гістарыяграфіі ў памкненні стварыць той самы адзіны «савецкі народ». Калі мы паглядзім на суседзяў — нідзе больш не выкарыстоўваецца такі канцэпт, гэта ўсё атавізмы савецкай інтэрпрэтацыі, намаганні «сплавіць» усіх пад адным дахам, зразумела, перадусім «вялікага расейскага народу».

Хоць насамрэч і тады, і тым больш зараз — мы розныя. І я лічу, што канцэпт «братэрства» народаў і нацый — вельмі маніпулятыная і шкодная штука.

— Балюча, калі ён разбураецца праз вайну і рост варожасці адно да аднаго. Кастрычніцкае даследаванне сацыялагічнай группы «Рэйтынг» сведчыць: 85% грамадзян Украіны лічыць Беларусь варожай краінай (у сакавіку такіх было 84%), Расею назвалі варожай 97% украінцаў.

Значыць, нягледзячы на ўсе высілкі беларускіх палітыкаў, дыяспар, валанцёраў, негатыў да Беларусі і, па вялікім рахунку, беларусаў проста па факце грамадзянства — узмацняецца.

Ці можна і ці варта з гэтым нешта зрабіць?

— Нічога не дарэмна, па-першае. Па-другое, цалкам зразумела, чаму такое стаўленне ёсць — досыць і аб’ектыўных, і суб’ектыўных падстаў. Так, натуральным чынам Рэспубліка Беларусь як дзяржава зараз ёсць расійскім суагрэсарам, і гэта аб’ектыўны факт, як бы ні адрынала яго беларуская прапаганда. Што да суб’ектыўных — савецкі досвед нікуды не знік, і канцэпт «братэрскіх народаў» усё адно жыў да 2020 году.  І менавіта праз яго, падаецца, і ўзнікае такі эмацыйны накал.

Патлумачу, што маецца на увазе.

Калі паглядзець на звесткі сацыялагічных апытанняў ва Украіне, там быў савецкі рэсентымент: нават у 2021 годзе каля траціны ўкраінцаў лічылі, што было б добра ўзнавіць Савецкі Саюз. (У Беларусі, дарэчы, яшчэ ў нулявых гадах гэтая доля знізілася недзе да чвэрці).

Да таго ж прыгадайце, колькі і Лукашэнка, і вайсковыя чыны казалі, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніякага нападу…

Пасля 2014 году ўкраінцы расчараваліся ў Расеі, але ад Беларусі чакалі, што яна не ўдарыць нажом у спіну. Напад з тэрыторыі Беларусі адбыўся, і ракеты, і бомбы ляцяць — натуральна, гэта выглядае як здрада. Адно накладваецца на другое, тым больш, калі на цябе падаюць бомбы, ніхто не будзе разбірацца ў нюансах.

Ці варта скардзіцца, крыўдаваць на ўкраінцаў за такое стаўленне? Не. На маю думку, трэба пераходзіць з эмацыйнага ўзроўню на рацыянальны.

З рацыянальнага гледзішча, дэмакратычнай Беларусі будзе на карысць перамога Украіны. Калі гэта нам на карысць, то трэба ўкладацца, каб здарылася менавіта так і каб гэта было як мага хутчэй. А эмоцыі — як хвалі, як нахлынулі, так і адхлынуць.

Немалая частка ўкраінскіх экспертаў, журналістаў і блогераў, і простых людзей ведаюць і пра «Беларускі Г*юн», які дае інфармацыю аб перасоўванні расейскіх войскаў, ведаюць пра беларускіх рэйкавых партызан, чыгуначнікаў, пра полк Каліноўскага. Хоць ёсць і пэўныя прэтэнзіі да беларускіх дэмсілаў, якія не вельмі выразна фармулююць пазіцыю адносна Украіны — і тут ёсць, над чым працаваць.

Адна ці дзве няўцямныя заявы пра Крым у свой час для многіх украінцаў перакрылі ўсё. Таму трэба гучна, адназначна і пастаянна паказваць, што ўсе беларускія дэмсілы падтрымліваюць Украіну — і на ўзроўні рыторыкі, і на ўзроўні супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі, які ёсць суагрэсарам Пуціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(13)