Филин

Вікторыя Пракаповіч

Класкоўскі: «Хаця рэжым усё болей брутальны, у Беларусі лепшыя шансы на шлях у Еўропу, чым у Расіі»

Палітычны аглядальнік — пра ўплыў прапаганды, сімпатыі беларусаў і акно магчымасцяў для пераўтварэння сістэмы.

Беларусы ўвогуле добра ставяцца да Расіі, але адносная большасць з іх хацела б жыць і працаваць на Захадзе, а чым меней яны глядзяць БТ і чытаюць рупары прапаганды, тым больш крытычна ацэньваюць узровень жыцця ў нашай краіне. Chatham House апублікаваў вынікі свайго новага даследавання (ужо дванаццатая хваля).

Ці нармальна, што праз больш як паўгода вайны стаўленне да расійскай культуры ў асноўным пазітыўнае? Чаму 3/4 беларусаў выступаюць за адмену ці змякчэнне санкцый? Некаторыя цікавыя лічбы апытання і важныя высновы, якія можна зрабіць на іх падставе, Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

— Апытанне шмат у чым адлюстроўвае спецыфіку палітычнай сітуацыі ў Беларусі, таго рэжыму, які ўсталяваў Лукашэнка, і ягонай вялікай залежнасці ад Масквы, — адзначае аналітык.

— Мы бачым, што дзяржаўная прапаганда, як беларуская, так і расійская, мае моцны ўплыў на грамадскую думку беларусаў, хаця яна і не ўсемагутная. Беларусы ў цэлым прыязна ставяцца да заходніх краін (38% рэспандэнтаў гавораць аб тым, што хацелі б жыць і працаваць на Захадзе, 33% — што ў Расіі. — Ф.), высока ацэньваюць дасягненні дэмакратычнага свету і самі каштоўнасці дэмакратыі.

Зрэшты, каля чвэрці апытаных ацэньваюць уплыў заходняй культуры на жыццё беларусаў негатыўна, а расійскую культуру рэспандэнты часцей называюць больш уплывовай.

— У гэтым таксама нічога дзіўнага няма, — мяркуе Аляксандр Класкоўскі, — сапраўды карані нашых народаў пераплеценыя, і нельга адмаўляць духоўную, ментальную, культурную блізкасць беларусаў і расіян.

Хацеў бы адзначыць таксама, што ўплыў рускай культуры — гэта не абавязкова ўплыў так званага «русского мира», ёсць у ёй і класічная гуманістычная традыцыя (узяць таго ж Льва Талстога з яго непрыманнем вайны), таму казаць, што схільнасць беларусаў да рускай культуры — апрыёры нешта кепскае, заганнае, я б не стаў.

Самае галоўнае, на мой погляд, адрозненне — беларускае грамадства не ў такой ступені заражанае імперскім вірусам, як расійскае, таму ў нас меней ваяўнічасці ў дачыненні да Захаду, болей цвярозасці і прагматызму.

Беларусы аб’ектыўна ацэньваюць тое, напрыклад, што на Захаде вышэйшы ўзровень дабрабыту, больш магчымасцяў зарабляць, развівацца і г.д.

У гэтым сэнсе, нагадвае Аляксандр Класкоўскі, многае паказаў 2020 год, калі стала зразумела, што вялікая частка беларускага грамадства перарасла аўтарытарны рэжым, у той час як у Расіі пратэсты супраць пуцінскай сістэмы былі ўсё ж менш масавымі, а дэмакратычныя ідэі не мелі і не маюць такой папулярнасці.

— Яшчэ хацеў бы звярнуць увагу на такі момант. Прэзентацыя апытання не дае ўяўлення, як погляды беларусаў, іх стаўленне да Расіі залежаць ад адукацыі, ад ведання замежных моваў, ад узросту, нарэшце.

Рызыкну зрабіць выснову (і яна грунтуецца на звестках іншых незалежных даследаванняў): калі прааналізаваць гэтыя чыннікі, мы ўбачылі б, што больш маладая, адукаваная, прасунутая частка грамадства відавочна мацней сімпатызуе Еўропе і заходнім дэмакратычным каштоўнасцям. І гэта таксама спараджае аптымізм — мяркую, з цягам часу баланс будзе змяняцца на карысць тых, хто бачыць будучыню краіны менавіта ў збліжэнні з Еўропай, ва ўсталяванні дэмакратычнага ладу.

Сёння ў гэтым плане вельмі трывожны момант, лічыць эксперт. У прыватнасці таму, што паколькі многія незалежныя медыі выціснутыя з краіны, дзяржаўная прапаганда імкнецца пашырыць ахоп аўдыторыі і ўплыў на яе:

— Так, гэта робцца за кошт брутальных захадаў, у тым ліку пераследу нават за падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, але пэўны эфект дае.

Таму сітуацыя крытычная, і калі гаварыць пра інтарэсы Еўразвязу, які імкнецца падтрымаць еўрапейскую перспектыву Беларусі, тут варта думаць пра далейшую падтрымку незалежных медыяў.

— Дарэчы, апытанне Chatham House паказала цікавую карэляцыю: чым больш людзі глядзяць ды чытаюць дзяржаўныя медыі і чым меней яны самі былі за мяжой, тым часцей схільныя верыць, што Беларусь і РФ — развітыя краіны, а тая ж Польшча і ЗША — «загніваючы Захад».

— Сапраўды так: чым менш чалавек падарожнічаў і бачыў замежжа на свае вочы, тым лягчэй ён верыць прапагандзе. Тут таксама варта згадаць пра адрознасць паміж расійскім і беларускім грамадствам: акрамя гістарычных падстаў, таго, што Беларусь у Сярэднявеччы была бліжэйшая да Еўропы, адыгрывае ролю і цяперашняя большая мабільнасць.

Беларусы да 2020 года на душу насельніцтва мелі найбольшую колькасць шэнгенскіх візаў (цяпер, паводле апытання, толькі 5% беларусаў маюць візы краін ЕЗ, яшчэ 17% плануюць зрабіць візы найбліжэйшым часам; у той жа час, па звестках Еўракамісіі, шэнгенскія візы мае менш як 1% расіян — Ф.), а большая частка расіян ці ўвогуле за мяжу не выязджала, ці максімум была на курортах Турцыі або Егіпта. І гэта таксама стварае розніцу ва ўспрыманні навакольнага свету: расійскай прапагандзе прасцей, груба кажучы, пудрыць мазгі тамтэйшаму электарату.

І ў гэтым плане, гаворыць Аляксандр Класкоўскі, прадстаўнікам Еўразвязу ёсць што пераасэнсаваць. Цяпер, жадаючы прыціснуць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, асобныя краіны фактычна блакуюць магчымасці атрымання нашымі суайчыннікамі шэнгенскіх візаў ці ствараюць вялікія цяжкасці для легалізацыі беларусаў, якія вымушаныя былі ўцякаць ад палітычнага пераследу. Такія дзеянні, на думку аналітыка, недальнабачныя:

Нельга ізаляваць беларусаў пад каўпаком рэжыму, бо гэтая ізаляцыя якраз спрыяе эфектыўнасці прапаганды і ўздыму градуса варожасці да Еўропы.

Таму, наадварот, мне здаецца, трымаць дзверы ў Еўропу адчыненымі для як мага большай колькасці беларусаў — гэта была б праца на перспектыву.

— На ваш погляд, чым можна патлумачыць тое, што так шмат беларусаў — больш за палову — хацелі б, каб з краіны знялі санкцыі?

— Думаю, тут комплекс прычын. Паводле Chatham House, доля прыхільнікаў санкцый у беларускім грамадстве — прыблізна чвэрць, і гэта колькасна супадае, калі меркаваць па звестках іншых незалежных даследаванняў, з ядром перакананых праціўнікаў рэжыму. Але ж ёсць яшчэ вялікае «электаральнае балота», ці нейтралы, маецца значнае, трэба прызнаць, ядро прыхільнікаў рэжыму — і натуральна, што там настроі іншыя.

Выбар спосабаў уздзеяння на рэжым у Еўразвяза невялікі — фактычна, акрамя санкцый, іншага інструментарыю няма. Гэтаксама і замежным штабам беларускай апазіцыі сёння бракуе магчымасцяў непасрэдна ўздзейнічаць на хаду падзей у Беларусі, грамадства ўнутры краіны.

Заклікі да нацыянальнага страйку плёну не мелі, пратэсты задушаныя, і калі будзе новы іх уздым, пакуль невядома. Планы сілавой змены рэжыму пакуль што многім аналітыкам (ды, мусіць, і шараговым грамадзянам) здаюцца не вельмі пераканаўчымі.Таму збольшага гэтым штабам на сёння толькі і застаецца, што апеляваць да санкцый.

Але разам з тым відавочна, што санкцыі не ёсць стэрыльным інструментам уздзеяння на рэжым, яны б’юць па ўсёй эканоміцы, і найперш па ўзроўні жыцця звычайных грамадзян.

Бо акурат вярхушка рэжыму будзе да апошняга захоўваць свой дабрабыт і падкормліваць сілавікоў — гэта той выпадак, калі «пакуль тоўсты сохне, худы здохне».

Дый тое, што рэжым стаў толькі болей брутальным пасля ўводу санкцый, на побытавым узроўні наводзіць многіх на думкі пра неэфектыўнасць такіх захадаў.

У цэлым для беларусаў цяпер склалася вельмі трывожная сітуацыя, адзначае эксперт: узмацніліся пагрозы незалежнасці, рызыка непасрэднага ўцягвання Беларусі ў вайну. Але і падставы для аптымізму таксама ёсць:

— Мы бачым, што ў Беларусі ўсё ж шмат у чым іншае грамадства, чым у Расіі, няма імперскага менталітэту, захоўваецца больш пазітыўнае стаўленне да Захаду і ягоных каштоўнасцяў. І таму, нягледзячы на ўсю вастрыню гістарычнага моманту, у Беларусі, я лічу, лепшыя шансы на змену рэжыму, на дэмакратызацыю і збліжэнне з Еўропай.

Так, вайна стварае дадатковыя пагрозы, але гэты сюжэт можа акурат і даць акно магчымасцяў для прагрэсіўных пераўтварэнняў у Беларусі. Таму што параза ў вайне моцна пахісне крамлёўскі рэжым, яму стане не да Беларусі, адпаведна, і рэжым Лукашэнкі можа захістацца.