Политика

Галіна Кудрук

Класкоўскі: Публічныя паўзы Лукашэнкі з’яўляюцца вельмі характэрнымі

Чаму беларускі правіцель маўчыць наконт вайны паміж Ізраілем і ХАМАСам?

Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» адзначыў, што сапраўды публічныя паўзы Лукашэнкі з’яўляюцца вельмі характэрнымі.

— Напрыклад, да гэтага часу ён не выказаўся пра сітуацыю вакол Нагорнага Карабаху, які Азербайджан фактычна ваенным шляхам захапіў, гэта гуманітарная катастрофа, — кажа Аляксандр Класкоўскі. — Тым больш Арменія з’яўляецца саюзнікам Мінска па АДКБ. Але Лукашэнка маўчыць, таму што дэ-факта не сакрэт, что больш шчыльныя і выгадныя дачыненні ў Мінска з Баку. Лукашэнка пастаўляў Аліеву вайсковую тэхніку, у праватнасці «Паланэзы». Услых яму гэта сказаць нявыгадна, няёмка.

Аляксандр Класкоўскі

Што тычыцца вайны ў Ізраілі, — можна правесці паралель.

— З аднаго боку, як многія аналітыкі канстатуюць, гэта сітуацыя робіць бенефіцыярамі Іран і Расію, а рэжым Лукашэнкі — хаўруснік Расіі, — нагадвае аналітык.

Прагаварылася тут праўладная газета «Мінская праўда». На сайце паставілі публікацыю ў падтрымку ХАМАСа і напісалі, што гэта «перамога Масквы і Мінска». Фактычна прапагандысты пабеглі наперадзе паравоза. Яны прыкінулі, што можа спадабацца высокаму беларускаму начальству. Можа, у душы гэта начальства так і думае, але ўслых усё ж некамільфо прамаўляць. Таму, відаць, скамандавалі, каб была прыбрана такая публікацыя.

Па назіраннях Аляксандра Класкоўскага, беларускія медыя стараюцца не надта педаляваць тэму пра вайну ў Ізраілі: альбо нейтральна падаюць, альбо перапяваюць маскоўскія наратывы, маўляў, гэта выгадна Вашынгтону.

— Хаця логікі ў гэтым абсалютна ніякай няма, для Вашынгтона — новы галоўны боль, трэба распыляць увагу, рэсурсы і падтрымку, — кажа аналітык.

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Лукашэнка не ведае, як сфармуляваць пазіцыю.

— Таму што відавочна, што ХАМАС выступіў у ролі агрэсара, дзейнічаў тэрарыстычнымі метадамі. Ізраіль стаў ахвярай агрэсіі, — адзначае палітчны аглядальнік.

Падтрымаць Ізраіль для Лукашэнкі — гэта значыць стаць у адзін шэраг з ЗША, іншымі заходнімі дэмакратыямі, з якімі ён на нажах.

Плюс Уладзімір Зяленскі, Святлана Ціханоўская выказаліся ў падтрымку Ізраіля. Станавіцца ў шэраг з палітычнымі ворагамі для Лукашэнкі непрымальна.

Аналітык звяртае ўвагу, што днямі, напрыклад, Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Уганды з нацыянальным святам. А пра вайну нічога не згадаў.

— Магло б яго атачэнне ўжо знайсці ўсё ж нейкую фармулёўку ў падтрымку Ізраіля, каб прагучала публічна. Але для Лукашэнкі такое непрымальна, — лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Ён нагадвае, што ў афіцыйнага Мінска вельмі шчыльныя стасункі з шэрагам арабскіх краін.

— Лукашэнка сам з задавальненнем лётае ў ААЭ, там, відаць, і нейкія бізнес-пытанні вырашаюцца, ёсць меркаванне, што там і грошы захоўваюцца. З Іранам, Сірыяй таксама падтрымлівае шчыльныя кантакты, — кажа Аляксандр Класкоўскі. — Таму з гэтага пункта гледжання для Мінска таксама недапушчальна падтрымліваць Ізраіль. Але і псаваць дачыненні з Ізраілем беларускім уладам не хочацца. Хаця б таму, што ён займае вельмі прагматычную пазіцыю, што да ацэнкі беларускага рэжыму. 

Так, у свой час ізраільскі амбасадар пасля падзей 2020-га ўручыў даверчыя лісты Лукашэнку.

— Увогуле з таго боку крытыкі на адрас парушэння правоў чалавека, рэпрэсій не чуваць. Ізраіль тут займае прагматычную лінію, як і ў дачыненні да канфлікту паміж Крамлём і Украінай, за што Кіеў і ўкраінцы трошкі крыўдзіліся, — нагадвае Аляксандр Класкоўскі. — Для Ізраіля на міжнароднай арэне на першым плане пытанне выжывання. Для Мінска, канечне, гэта плюс, страчваць такое стаўленне беларускія ўлады не хочуць.

Таму, відаць, у Лукашэнкі цяпер пэўны псіхалагічны ступар. Хаця думаю, што, паколькі ён чалавек гаваркі, эмацыйны, рана ці позна ў яго нейкі спіч на гэтую тэму прарвецца. Прычым ягоныя экспромты бываюць такія, што беларускія дыпламаты потым хапаюцца за галаву, думаюць, як бы зменшыць скандальны рэзананс.

Так, у свой час Лукашэнка выказваўся наконт габрэяў, Ізраіля.

— Наколькі я памятаю, тады нават былога рэдактара «Савецкай Беларусіі» Паўла Якубовіча пасылалі ў Ізраіль, каб ён там уладзіў скандал пасля чарговай тырады Лукашэнкі пра габрэяў, — узгадвае аналітык.

На думку Аляксандра Класкоўскага, калі Лукашэнка звернецца да тэмы вайны паміж Ізраілем і ХАМАСам, то болей імаверна стане педаляваць тое, што «ўвесь свет звар’яцеў, успыхваюць войны адна за адной, толькі Беларусь выспа міра, і самі ведаеце, чыя мудрая палітыка дазваляе беларусам дасюль бачыць мірнае неба над галавой».

Маўляў, вось, Зяленскі, цяпер будзеш менш атрымліваць дапамогі, змірыся з рэаліямі і сядай за стол перамоў, ахвяруй тэрыторыямі, якія акупавала Расія. І ўсё гэта будзе падавацца пад соусам міратворчасці.

Ці зменіць Ізраіль свае публічныя падыходы да беларускага пытання пасля публікацыі «Мінскай праўды»?

— З аднаго боку варта адзначыць, што тут сапраўды спаліліся прапагандысты. Напэўна, камусьці далі па шапцы, бо наперад бацькі палезлі ў пекла, як у той прымаўцы.

Канечне, у Ізраілі ўлады робяць свае высновы, але гэта не значыць, што рэзка будзе зменены знешнепалітычны курс і публічныя падыходы да беларускага пытання. Там наматаюць на вус, зробяць засечку ў памяці і сімпатый да беларускага рэжыму такія паводзіны, канечне, не дададуць. Сёння ў Ізраілі вельмі шчыльна адсочваюць, як рэагуюць на гэты тэрарыстычны напад.

Аднак, на думку аналітыка, думаць, што Ізраіль гучна пачне казаць пра рэпрэсіі ў Беларусі, падтрымліваць заходнія санкцыі, не выпадае.

— Таму што ўсё ж такі іх прагматычныя прынцыпы замежнай палітыкі з’яўляюцца базавымі, — лічыць Аляксандр Класкоўскі. — З гледзішча Ціханоўскай вельмі пісьменны піяр — падтрымка Ізраіля, асуджэнне тэрарыстычнага нападу, але ж там разумеюць, што штабы палітычнай эміграцыі на сёння мала ўплываюць на ход падзей у Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)