Напэўна, ёсць такі падтэкст у гэтай акцыі: вучыцеся ў пажылых людзей — ім шмат не трэба, цукеркай пачаставалі да гарбаты, кашкі далі — і яны ўжо задаволеныя жыццём. Вось і вам няма чаго вялікія запыты прад’яўляць дзяржаве, вучыцеся задавальняцца малым.
Класкоўскі: Людзі сталага веку разумеюць, што рэжым адбірае будучыню ў іх дзяцей і ўнукаў
Аналітык — пра тое, ці будзе эфектыўным паказны клопат.
Сёлета з 3 па 15 студзеня ў Беларусі праводзіцца рэспубліканская дабрачынная акцыя «Ад усёй душы». Па сутнасці, гэта аналаг штогадовай акцыі «Нашы дзеці», у межах якой чыноўнікі, ад мясцовага да высокага ўзроўню, ездзяць па розных установах і дзіцячых дамах з падарункамі, толькі скіраваная яна на пажылых людзей.
Мэтай акцыі, якую, як падкрэсліваюць дзяржструктуры, ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка, называецца «праява клопату і ўвагі аб старэйшым пакаленні», а таксама прыцягненне школьнікаў і студэнтаў да аказання дапамогі пажылым людзям і развіццё міжпакаленчага фармату стасункаў. Сярод арганізатараў — Мінпрацы і сацабароны, Мінадукацыі, БРСМ і рэспубліканская піянерская арганізацыя.
З аднаго боку, ініцыятыва добрая і слушная, а з іншага— узнікаюць пытанні, чаму яна з'явілася толькі зараз і чаму абмяжоўваецца двума каляднымі тыднямі, нібыта для птушачкі? Ад паказальных візітаў у сацыяльныя ўстановы і разавых падарункаў (напрыклад, Наталля Качанава перадала Мінскаму дому-інтэрнату для пенсіянераў і інвалідаў сертыфікат на Br10 тысяч) патыхае, хутчэй, крывадушнасцю, чым сапраўдным клопатам і ўвагай.
Якія вынікі, акрамя піяраўскіх, дасць такая ініцыятыва, і чаму ўлады раптам згадалі пра пажылых і састарэлых людзей, «Филин» абмеркаваў з палітычным аналітыкам праекту Позірк Аляксандрам Класкоўскім.
— Такое ўражанне, нібыта чыноўнікі раней не ведалі, што ў Беларусі больш як 120 тысяч адзінокіх пажылых людзей і яшчэ 20 тысяч жывуць у дамах-інтэрнатах, і толькі цяпер Лукашэнка расплюшчыў ім вочы.
— Калі гаворка ідзе пра нейкія тонкія матэрыі, пра гуманітарныя пытанні, усё тое, што звязана з душой,— найчасцей у выкананні чыноўнікаў гэта ператвараецца ў імітацыю. А беларускія чыноўнікі робяць яе асабліва дубова, бо рэжым зусім іншы, негуманны і чужы чалавеку, па сутнасці.
Як заўжды, рэжым пераследуе пэўныя прагматычныя мэты. Думаю, адна з іх — палепшыць імідж улады. Бо сёння ён як ніколі змрочны: рэпрэсіі працягваюцца, ідзе пераслед палітычных праціўнікаў, многіх хапаюць і, трэба наўпрост казаць — катуюць… Людзі жывуць пад псіхалагічным прэсам. А за кошт гэтай акцыі чыноўніцкі апарат хоча паказаць: у нас таксама ёсць душа і чалавечыя пачуцці.
Другая мэта ўладаў, на думку аналітыка, — задзейнічаць структуры для маладога пакалення, створаныя на савецкі манер. Бо моладзь і падлеткаў трэба займаць не толькі сходамі, зборамі і ідэалагічнымі лекцыямі, але і такімі канкрэтнымі справамі:
— Да таго ж для ўладаў зручна, што тут няма палітыкі. Бо дапускаць моладзь да палітычнай актыўнасці, нават імітацыйнай, — небяспечна, могуць зайсці далей, чым пазначана сёння чырвонымі сцяжкамі.
Акрамя таго, звяртае ўвагу Аляксандр Класкоўскі, у прамовах чыноўнікаў, палітыкаў і актывістаў гучыць тэза «старэйшыя — гэта прыклад для моладзі»:
— Мяркую, маецца на ўвазе прыклад лаяльнасці. Сапраўды, старэйшае пакаленне збольшага далёкае ад палітычных жарсцяў, яно больш кансерватыўнае і схільнае болей думаць пра камфорт і ўтульнасць, чым пра змаганне за перамены (хоць і сярод пажылых — розныя людзі, многія падпісваліся ў 2020-м за альтэрнатыўных кандыдатаў).
Зрэшты, аналітык лічыць, што эфектыўнасць такіх захадаў вельмі сумнеўная, бо выхаванне чулага стаўлення да старэйшых закладаецца не за кошт казённых мерапрыемстваў, а фармуецца — альбо не фармуецца — у сям’і, і ад пэўнай колькасці дзяжурных фраз ніхто болей чулым не стане.
— Аднак беларускія чыноўнікі інакш проста не ўмеюць. Яны вельмі, мякка кажучы, нехарызматычныя, сама сістэма такая, што адбірае для сябе людзей сумных, банальных, без іскрынкі — паводле прынцыпу лаяльнасці.
І потым, карабаціць сама гэтая манера, што ў дачыненні да дзяцей, што да старых — так бы мовіць, адкупляцца падарункамі, раз на год прыехаць у дом-інтэрнат ці то з цукеркамі, ці з тэлевізарам альбо грашовым сертыфікатам. А потым паставілі птушачку і да наступнага года забываюць пра гэтых людзей.
— Пажылых людзей, у тым ліку з інваліднасцю і хранічнымі захворваннямі, нямала сярод палітвязняў, якія не трапілі пад абяцаную амністыю. Мабыць, было б больш эфектыўна, калі б улады праявілі гуманізм да іх і выпусцілі? Альбо «гэта іншае», і некалькі соцень вязняў непараўнальныя са шматтысячным электаратам, чые галасы будуць аддадзеныя «як трэба»?
— Так, думаю, сёння ва ўладных кабінетах разумеюць, што электаральная падтрымка вельмі хісткая, і яшчэ і таму звяртаюць увагу на старэйшае пакаленне. Бо раней сацыялогія паказвала, што гэта, з шэрагу прычын, найболей надзейны электарат Лукашэнкі. Таму маецца тут і гэты разлік, хаця вельмі ўмоўны, таму што ўжо даўно няма ў Беларусі ніякіх выбараў.
Што ж тычыцца палітычных праціўнікаў — то для ўлады гэта проста не людзі. Іх расчалавечвае і дэманізуе прапаганда, чые найбольш адыёзныя прадстаўнікі проста ў эфіры выступаюць з вяроўкамі, з петлямі — то-бок, дасылаюць празрыстыя намёкі, што апанентаў трэба душыць і вешаць.
Натуральна, такія «ворагі» — па-за дужкамі падобных акцый, ніякі гуманізм уладаў, нават паказны і крывадушны, іх не закранае. Гэтая лінія наўрад ці зменіцца, хіба што можа быць нейкі абмежаваны торг з Захадам (пытанне аб вызваленні палітычных вязняў цяпер зноў актуалізавалася).
Але нават калі гэта будзе рабіцца, то ў катэгорыях не гуманізму, а жорсткага палітычнага разліку. Хоць у шырокую амністыю я не веру — рэжым на такое ўжо не здольны, Лукашэнка проста баіцца адкручваць гайкі, каб не пайшла ўразнос уся сістэма.
Вяртаючыся да дачыненняў уладаў з пажылымі людзьмі, аналітык падкрэслівае цынізм сітуацыі: аддорваючыся разавымі падачкамі, рэжым пры тым не клапоціцца пра рэальнае паляпшэнне дабрабыту старых людзей:
— Дабрабыт пенсіянераў наўпрост залежыць ад стану эканомікі, якая будзе дэградаваць надалей, а значыць і пенсіі будуць малыя. Зноў жа, рэжым баіцца ўсякіх рэформаў — таму сур’ёзнай пенсійнай рэформы, пра якую даўно кажуць незалежныя эканамісты, няма і не прадбачыцца.
Салідарная сістэма ФСАН працуе ўсё горай, а назапашвальная, элементы якой уведзеныя з леташняга кастрычніка, — па-першае, паліятыўны варыянт, які не вырашае праблему ў цэлым. А па-другое, наколькі я магу меркаваць, гэтая навацыя не карыстаецца папулярнасцю, бо людзі не вераць дзяржаве. Яны прывыклі, што тая іх раз-пораз «кідае»: то савецкія ўклады ператварыліся ў нішто, то дэвальвацыі з’ядалі зберажэнні.
Тыя пажылыя людзі, якія могуць мысліць самастойна, усё гэта разумеюць. І самае галоўнае — разумеюць, што рэжым адбірае будучыню ў іх дзяцей і ўнукаў. А гэта для многіх галоўны клопат, часта ж кажуць «мы сваё аджылі, хай хоць унукі добра пажывуць» — але такой перспектывы ў сённяшняй Беларусі няма, і ўнукі мусяць з’язджаць за мяжу, ратуючыся ад пераследу, шукаючы нармальную працу і проста магчымасць вольна дыхаць.
І яшчэ адзін аспект — медычнае абслугоўванне, вельмі актуальнае для пажылых людзей. Цяпер, як вядома, вялікі дэфіцыт дактароў, усё меней магчымасцяў мадэрнізаваць медабсталяванне. І тут таксама перспектывы пажылых людзей выглядаюць кепска, а добры падмурак для іх дабрабыту і паўнакроўнага жыцця цяперашні рэжым забяспечыць не ў стане.
— У вярхах беларускай улады шмат немаладых людзей. Ці можа быць, што акцыя клопату пра пажылых — гэта праекцыя ўласных жаданняў, спроба падаслаць саломку на будучыню і для сябе?
— Не думаю, што гэты матыў моцна працуе, з дзвюх прычын. Па-першае, тыя людзі, што пры ўладзе, стараюцца забяспечыць сабе дабрабыт і адкласці на старасць іншымі шляхамі. Мы бачым, напрыклад, што раз-пораз за карупцыйныя справы судзяць кагосьці з высокіх чыноўнікаў. Таксама існуе набліжаны да ўладаў бізнес, які патаемна «адшпільвае» пэўныя сумы. Акрамя таго, сваіх дзяцей і ўнукаў прыстройваюць на цёплыя месцейкі.
А па-другое — мяркую, многія чыноўнікі трымаюцца зубамі за цяперашні рэжым таму, што разумеюць: калі ўлада зменіцца, многіх з іх могуць строга спытаць за тое, якіх дроў наламалі, а дзе і наўпрост здзейснілі злачынствы.
Шкілеты з шафы выпадуць, а ў некаторых выпадках і шафы трэсці не давядзецца, брыдкія справы навідавоку. І тады ніякі гуманізм ужо не дапаможа. Канечне, іх не будуць катаваць у вязніцах, але многім свецяць краты. Адсюль і жорсткасць рэжыму, якому ўжо няма куды адступаць, іначай можна сустрэць старасць у Гаазе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное