Общество
Вольга Жарнасек, «Наша Ніва»

Кіраўнік прэс-службы Памежных войскаў «чытаў ЖЖ Адамовіча і абураўся»

Знакаміты паэт Славамір Адамовіч, які 7 гадоў пражыў у Нарвегіі ў статусе ўцекача, меў быў у суботу перасячы польска-беларускую мяжу. Але пакуль паэт не аб’явіўся.

Адамовіч перад гэтым неаднаразова прадказваў «скандал», бо вяртаецца без неабходных дакументаў. Тэрмін дзеяння ягонага беларускага пашпарту скончыўся яшчэ ў 2007 годзе, а дабрацца да кансуляту ў Стакгольме ў яго не было сродкаў.

У прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ «Нашай Ніве» адказалі, што грамадзянін Адамовіч Славамір без усялякіх праблемаў перасёк мяжу 18 ліпеня ў Гродне.

Кіраўнік прэс-службы Аляксандр Цішчанка быў вельмі абураны паводзінамі Адамовіча перад прыездам. Ён сказаў, што быў чытаў ЖЖ Адамовіча і не разумее заявы паэта наконт таго, што яго нібыта могуць не пусціць у Беларусь. «Кожны грамадзін Беларусі можа вярнуцца ў сваю краіну, нават калі тэрмін дзеяння пашпарту скончыўся».

Датэлефанавацца да самога паэта мы пакуль не здолелі. Ягоны нарвежскі тэлефон у панядзелак быў адключаны. Нумар ягонай сястры не адказваў, а мама Юзэфа ў Альхоўцы (Мядзельскі раён) тэлефона не мае.

Спадзяёмся, што ў паэта ўсё добра і ён проста ўзяў паўзу, вярнуўшыся нарэшце дахаты пасля шматгадовых блуканняў. А свая хатка яна ж як родная матка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)