Политика
Руслан Гарбачоў

КДБ адпусціла Кастусёва, але ён не ведае чаму

Вечарам 20 снежня з Камітэта дзяржаўнай бяспекі быў выпушчаны на свабоду кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў. Ён распавёў, як яго затрымалі і што з ім рабілі ў КДБ.

– Я толькі з «амерыканкі», – заявіў Рыгор Кастусёў на прэс-канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ.

Кандыдат у прэзідэнты паведаміў, што да таго, як яго затрымалі, ён паспеў атрымаць два удары дубінкай па галаве. Тым не менш з акцыі пратэсту, што скончылася на плошчы Незалежнасці, ён сыходзіў сам. Кандыдата падабрала машына, але ўжо праз 20 хвілін яе заблакавалі ў горадзе, а Кастусёва затрымалі і потым даставілі ў следчы ізалятар КДБ.

Па словах палітыка, пасля афармлення неабходных дакументаў ён 3-4 гадзіны сядзеў у кабінеце следчага. Каля 6 раніцы яго завялі ў камеру. Месца там для яго не было, таму быў зроблены насціл з дошак.

У КДБ супрацоўнікі БТ прапанавалі яму даць каментар, і ён «як палітык» пагадзіўся.

– Былі там і правакацыйныя пытанні, але я ніводнага прозвішча там не назваў, не даў ацэнкі ні аднаму кандыдату ў прэзідэнты, бо я лічу іх, як і сябе, пацярпеўшымі. Я агучыў ім сваю здагадку, што падчас акцыі папрацавалі расійскія спецслужбы.

Згодна паперам у 13.24 Рыгора Кастусёва адпусцілі.

– Чаму мяне адпусціла КДБ, я не ведаю. Мне толькі паведамілі, што ў выпадку неабходнасці мяне зноў выклічуць на допыт, – сказаў кандыдат у прэзідэнты.

Пра тое, ці была ўзбуджана крымінальнаая справа ў адносінах да кандыдатаў, як арганізатараў несанкцыяванай акцыі, Рыгор Кастусёў не ведае. Як і не ведае, у якім статусе ён знаходзіцца зараз.

На прэс-канферэнцыі Рыгор Кастусёў даў таксама сваю ацэнку Плошчы.

– Пачатак быў вельмі добры. Але, на жаль, далей мы паддаліся на правакацыю. Тое, што пачалі ламаць дзверы ў Дом ураду, я лічу правакацыяй. З якога боку – пакуль не зразумела, ёсць два варыянты, трэба разбірацца, – заявіў ён.

Рыгор Кастусёў агучыў афіцыйную заяву Партыі БНФ. Выбарчы штаб ПБНФ рашуча асудзіў масавыя фальсіфікацыі выбараў з боку ўлады, а таксама правакацыі на плошчы і брутальны разгон мірных удзельнікаў акцыі пратэсту. Рыгор Кастусёў заявіў, што ён і выбарчы штаб ПБНФ заўсёды выступаюць толькі за мірны характар акцый пратэсту.

Дадамо, што 20 снежня пасля гутаркі ў КДБ быў таксама выпушчаны на свабоду Дзмітрый Ус.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)