Политика

Казакевіч: Прапановы Шрайбмана наконт пераасэнсаваньня стратэгіі Захаду адносна рэжыму Лукашэнкі – нерэалістычныя і папулісцкія

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч на Радыё Свабода дыскутуе з Арцёмам Шрайбманам наконт стаўленьня Захаду да Беларусі і крытычна выказваецца наконт прапановы «не злаваць дзеда».

Андрэй Казакевіч

— Апошнія тыдні разгарнулася дыскусія вакол мэтазгоднасьці пераасэнсаваць стратэгію Захаду адносна Беларусі. Аналітык Арцём Шрайбман напісаў наконт гэтага вялікі тэкст. Як вы ставіцеся да гэтай дыскусіі і да тэзісаў, якія прагучалі падчас яе?

— Неабходнасьць пераасэнсоўваць палітыку заўсёды ёсьць. Але што мяне бянтэжыць у гэтай дыскусіі — гэта яе вялікая адарванасьць ад рэальнасьці. Пытаньне нават ня ў тым, што экспэрты адарваныя ад беларускай рэальнасьці (гэта асобная тэма) — яны адарваныя ад эўрапейскай і амэрыканскай рэальнасьці.

Сама рыторыка, што Захад мусіць нешта «пераасэнсаваць», паказвае павярхоўнасьць такіх заклікаў. Бо ёсьць ЗША, ёсьць Вялікая Брытанія, ёсьць Эўразьвяз — і гэта ўсё вельмі розныя суб’екты, якія прымаюць розныя рашэньні з рознай хуткасьцю.

Ужо ня першы год вядуцца размовы пра санкцыі, і павінна быць зразумела, як працуюць санкцыйныя мэханізмы. Арцём Шрайбман кажа пра неабходнасьць зьняць санкцыі зь «Белавія», і гэта зьвязваецца з магчымасьцю палепшыць унутрыпалітычную сытуацыю, вызваліць палітзьняволеных і гэтак далей.

Аднак мы ведаем, што санкцыі супраць «Белавія» былі ўведзеныя за іншае — за тое, што Беларусь не ўзяла на сябе гарантыі бясьпекі палётаў пасьля гісторыі з пасадкай самалёта Ryanair з Пратасевічам.

Цяпер сытуацыя яшчэ горшая — бо пералёты ў Расею заблякаваныя, і шмат хто ў Эўропе разумее, што санкцыі на авіяпералёты зьвязаныя непасрэдна з вайной Расеі супраць Украіны, а не з палітвязьнямі.

У экспэртных супольнасьцях шмат разоў абмяркоўвалася, што калі б зьнялі санкцыі зь «Белавія», гэта стала б парушэньнем санкцыйнага рэжыму супраць Расеі. Бо тады расейцы будуць спакойна лётаць празь Менск далей у Эўропу. Ніхто такі крок усур’ёз разглядаць ня будзе, бо гэта зьвязана з пытаньнямі бясьпекі для эўрапейскіх краінаў.

Так што ў такіх аналізах і прапановах трэба больш рэалістычна падыходзіць да сытуацыі, разумець, што можна зрабіць, а што нельга. Калідор нейкіх патэнцыйных саступак з боку Эўропы не такі шырокі, як яго малююць некаторыя экспэрты.

— Вы лічыце, што некаторыя прапановы да Захаду зьмяніць стаўленьне да беларускай тэмы не заўсёды рэалістычныя. Але, можа, яны тлумачацца жаданьнем зьмяніць сёньняшні падыход, які пакуль не прыносіць вялікіх набыткаў? Маўляў, гэта не працуе — давайце паспрабуем нешта іншае?

— Можа. Але пачаць варта з таго, каб добра прааналізаваць мэханізм і працэдуры прыняцьця рашэньняў у Эўрапейскім Зьвязе. Бо калі прапаноўваць рэчы, якія не адпавядаюць эўрапейскім працэдурам — то навошта гэта рабіць? Гэта выглядае як папулізм.

Я б яшчэ пракамэнтаваў думку Арцёма, што некаторыя санкцыі можна здымаць і зноў уводзіць — у залежнасьці ад таго, якая будзе дынаміка. Гэта проста немагчыма рэалізаваць, зыходзячы з працэдуры прыняцьця рашэньняў у Эўразьвязе. Дзеля Беларусі ніхто там ня будзе мяняць сотні фармальных і нефармальных правілаў.

— Калі ня браць нейкія тактычныя моманты, то асноўная думка Шрайбмана — што Захад дагэтуль ня выпрацаваў стратэгію адносінаў да Беларусі. «Замест пасіўнага рэагаваньня на дзеяньні Менску Захад павінен пашырыць гарызонт плянаваньня і ствараць стымулы для таго, каб у будучыні Беларусь пайшла па аптымальнай траекторыі», — піша Шрайбман. З гэтым тэзісам вы згодныя?

— Эўрапейская замежная палітыка не працуе над тым, каб будаваць стратэгію адносна краінаў, зь якімі няма добрых стасункаў. Калі зь нейкай дзяржавай, да якой ёсьць давер, падпісваюцца пэўныя дамовы, распрацоўваюцца варыянты на будучыню — там зразумела, што азначае «стратэгія».

Калі зь нейкай краінай канфлікт, то практыка Эўразьвязу пабудаваная на тым, што — так, застаецца толькі рэагаваць на падзеі. Бо з такім рэжымам пабудаваць стратэгію, заснаваную на пасьлядоўнасьці, немагчыма.

І ня трэба толькі заклікаць Эўразьвяз ствараць стратэгію, трэба самім яе распрацоўваць. І яна не павінна арыентавацца на капрызы аўтарытарнага лідэра, якія могуць зьмяніцца праз 10 хвілінаў.

Чакаць, што 27 міністраў Эўразьвязу сядуць і будуць абмяркоўваць стратэгію для Беларусі — ня варта.

— Часам ад беларускіх палітыкаў гучаць папрокі, што Захад дагэтуль выразна ня выказаўся, што хоча бачыць Беларусь у будучыні ў супольнасьці эўрапейскіх народаў, у эўрапейскіх структурах.

— Пра гэта выказваліся розныя эўрапейскія палітыкі. Але наконт гэтага не было рашэньня найвышэйшых структураў — напрыклад, Эўрапейскай Рады. Аднак такое не практыкуецца. Звычайна нешта абяцаюць урадам краінаў-кандыдатаў.

Але ў беларускай сытуацыі застаецца пытаньне: а ці жадае гэтага, уласна, большасьць беларускага народу?

Эўразьвяз даўно вызначыў пэўныя падыходы ў адносінах зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Гэта вялікая падтрымка незалежных СМІ, адукацыі, мабільнасьці, грамадзянскай супольнасьці.

Фактычна гэта можна назваць стратэгіяй, можна яе крытыкаваць — але яна існуе, яна заплянаваная і на найбліжэйшыя гады.

— Нядаўна палітоляг Рыгор Астапеня агучыў тэзіс, які стаў мэмам — «не злаваць дзеда». Маецца на ўвазе — не рабіць нешта толькі дзеля таго, каб раззлаваць Лукашэнку, рабіць нешта больш эфэктыўнае, не абавязкова эфэктнае, і ўлічваць, што людзі ў Беларусі могуць пацярпець. Як вы ставіцеся да гэтага тэзісу?

— Тут справа ў дэталях. Вядома, трэба думаць пра людзей у Беларусі і іхную бясьпеку, нешта для іх рабіць. Але пытаньне — што рабіць? Пусьціць цягнік Варшава — Менск? Праблемы гэта ня вырашыць.

На жаль, гэтая дыскусія нярэдка ўтрымлівае толькі лёзунгі, а не канкрэтныя рэчы. Бо трэба карпатліва разьбірацца, што магчыма, а што не.

І я не разумею тэзісу «не злаваць дзеда», бо ніхто ня ведае, што яго на самой справе злуе. Самае галоўнае, што яго злуе, — гэта палітыка. І калі Астапеня адначасова кажа, што «ня трэба злаваць», і адразу ж кажа, што трэба кандыдатаў на выбары вылучаць — то гэта рэчы, якія немагчыма спалучыць.

Калі ня хочаце злаваць уладу, то тады трэба перастаць займацца любой палітыкай. А яшчэ ўладу злуе незалежная інфармацыя. Тады трэба зачыняць незалежныя беларускія мэдыя? І калі ня трэба злаваць уладу, то ня трэба прэтэндаваць, што павінна быць незалежная аналітыка, экспэртыза.

Бо цяперашняя пазыцыя ўладаў акурат у тым, што ўсё гэтае поле павінна быць пад поўным іхным кантролем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(30)