Политика

Ірына Марозава

Казакевіч: «Аргументуючы пытаннямі бяспекі, зараз значна прасцей лабіраваць свае інтарэсы»

Аналітык — пра тое, якіх рызыкаў баяцца беларускія ўлады.

У Беларусі з’явіцца яшчэ адно спецпадраздзяленне ўнутраных войскаў, у дадатак да 8-мі ўжо існуючых. Як распавёў камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, дзеля ўзмацнення «спецназаўскага складніку» і «павышэння баявых магчымасцяў» на базе вайсковай часткі 3310 у Аколіцы пад Мінскам ствараюць атрад «Тарнада».

А 2 лістапада на нарадзе з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка запытаўся, ці не час, з улікам выклікаў і пагроз, вярнуць адмененыя амаль 10 год таму ваенныя пракуратуры. У выніку правіцель заявіў аб неабходнасці ўзмацнення пракурорскага нагляду, і аб тым, што пры неабходнасці сістэму ваенных пракуратур можна стварыць за суткі.

Падобна, што гэта з’явы аднаго парадку, скіраваныя на яшчэ большае ўзмацненне сілавых структур. Якіх менавіта пагроз засцерагаюцца беларускія ўлады альбо да чаго рыхтуюцца?

— Нават калі глядзець па аб’ектыўных параметрах, сітуацыя ў рэгіёне вельмі нестабільная, — зазначае дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Мы маем вайну ва Украіне, прычым Беларусь выступае ў гэтай вайне не нейтральнай дзяржавай, саюзнікам Расіі — і значыць, для яе існуюць сур’ёзныя рызыкі, у тым ліку вайсковага характару.

Андрэй Казакевіч

Таксама можна згадаць, што зараз ёсць эскалацыя і ў іншых рэгіёнах свету — як прыклад, вайна на Блізкім Усходзе. І ў гэтай сітуацыі лагічным выглядае пытанне ўзмацнення security, бяспекі ў розных сферах, большага інвеставання ў сферу бяспекі і абароны.

Не трэба забывацца і на магчымыя ўнутраныя пагрозы: эканамічная сітуацыя не з’яўляецца спрыяльнай, пэўнае напружанне ў грамадстве застаецца, нягледзячы на некалькі гадоў рэпрэсій.

Гэта і прымушае беларускія ўлады, нават з улікам таго, што фінансаў не так шмат, укладвацца ў бяспеку.

Але гэта толькі адзін фактар, дадае эксперт. Не менш важна і тое, што пасля 2020 года сілавыя структуры значна палепшылі свае палітычныя пазіцыі, маюць большы доступ да самога Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння, а таму цяпер могуць уплываць на прыняцце рашэнняў у розных ланцугах беларускай вертыкалі.

— Аргументуючы пытаннямі бяспекі, ім зараз значна прасцей лабіраваць свае інтарэсы і выбіваць дадатковыя бюджэты, а таксама пасады пад розныя новыя структуры, — гаворыць Андрэй Казакевіч. — І гэта таксама важны драйвер для стварэння новых сілавых структур, таму мы назіраем гэтыя захады.

— На вашу думку, чаму ўзнікла размова пра вяртанне ваенных пракуратур — гэта пра ўнутраную барацьбу за ўплыў розных сілавых структур альбо больш пра кантроль і недавер да іх таксама?

— Тут трэба прыгадаць, чаму ў свой час у 2014 годзе адмянілі ваенныя пракуратуры — іх адмянілі разам з ваеннымі судамі, была рэформа, якая прадугледжвала спрашчэнне судовай сістэмы, каб усе былі падпарадкаваныя адной іерархіі. Мне падаецца, што ўсё-ткі з пытаннем кантролю ўсё і так нармальна, і без стварэння дадатковых структур.

Якраз наадварот: ваенныя пракуратуры, вяртанне ваенных судоў, аб чым таксама ідзе дыскусія — магчымасць атрымаць большую аўтаномію. Бо ў гэтых судах і пракуратурах людзі мусяць быць неяк рэкрутаваныя з ваеннага асяроддзя, з імі прасцей усталяваць нейкія нефармальныя стасункі, знайсці выхады і г.д.

Таму я сказаў бы, што стварэнне паралельнай пракуратуры і судоў для вайскоўцаў (і хто ведае, як гэта будзе выглядаць, можа, практыка будзе пашырана і на іншыя сілавыя структуры) — дадатковыя фактары бяспекі для сілавікоў, а яшчэ і магчымасці прыкрываць карупцыю ў рэалізацыі ўнутрыведамасных інтарэсаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(11)