Першае — няма адэкватных месцаў працы ў Беларусі пад тваю кваліфікацыю, другое — гэтая праца дрэнна аплачваецца ў параўнанні з Захадам, і трэцяе — рэпрэсіі, рызыка, што ты трапіш у ГУБАЗіК ці КДБ і скончыш свае дні недзе ў турме.
Кавалкін: «Вельмі шмат матывацыі, каб з’ехаць, і вельмі мала — каб застацца»
Эканаміст — пра несуцяшальныя трэнды ў сацыяльнай сферы.
У беларускай адукацыі і аховы здароўя працягваецца адток кадраў. Як падлічылі Нашы грошы, за мінулыя паўгады ў першай з названых сфер звольніліся на 8,4 тысячы чалавек больш, чым прыйшло на працу, у другой — 5,3 тысячы. І хоць тут відавочная сезоннасць, і ў верасні пэўную частку вакансій закрыюць выпускнікі ўніверсітэтаў, праблема існуе не першы год, і з вялікай доляй верагоднасці будзе паглыбляцца.
Филин распытаў эканаміста, кіраўніка праекту «Кошт ураду» Уладзіміра Кавалкіна, да чаго рыхтавацца беларусам, калі адмоўная дынаміка працягнецца — вучыць і лячыць будуць, у лепшым выпадку, троечнікі альбо глыбокія пенсіянеры, а ў горшым, людзі без профільнай адукацыі?
— Хутчэй за ўсё, гэта будуць пенсіянеры, — гаворыць эксперт. — З некалькіх прычын. Першая — дэмаграфічны спад. Людзей 20-гадовага ўзросту ў Беларусі зараз удвая меней, чым 40-гадовага. А 40-гадовы ўзрост — вяршыня кар’еры: гэта ўжо прафесіянал, з якім усё зразумела, альбо ён, напрыклад, таленавіты доктар, альбо такі сабе спецыяліст.
Таксама і з пункту гледжання заробкаў — моладзь будзе з’язджаць з Беларусі. Будуць з’язджаць у Польшчу, што самае простае для беларускіх медыкаў — ім зараз даволі проста легалізавацца і можна адразу пачаць памочнікам доктара, а разам з тым праходзіць верыфікацыю дыплома.
Можна, хоць і значна цяжэй, паехаць у ЗША, Германію, але трэба дасканала ведаць мову і здаваць іспыт на ангельскай ці нямецкай, а гэта больш складана, чым польская — але і заробкі там вышэйшыя (для параўнання: у Германіі заробак у сферы аховы здароўя складае 91%, у адукацыі — 96% ад сярэдняга па краіне, які складае сёлета звыш €4000, — Ф.)
То бок, найбольш прафесійныя, адукаваныя кадры працягнуць з’язджаць усё болей і болей, а заставацца ў краіне будуць пераважна пенсіянеры і «троечнікі».
Канешне, застанецца з пэўных асабістых прычын і частка прафесіяналаў — хто прынцыпова, бо любіць чалавек Беларусь і не хоча з’язджаць, у каго ёсць сваякі, якія патрабуюць догляду і якіх немагчыма пакінуць.
Але безумоўна, што матывацыя з’язджаць, асабліва калі мы кажам пра прафесіянала, адукаванага чалавека, падвышаецца, прычым з некалькіх бакоў.
Вельмі шмат матывацыі, каб з’ехаць, і вельмі мала — каб застацца.
— Ці могуць улады паўплываць на сітуацыю, акрамя як прапановамі замацаваць маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы як мага даўжэй? Хіба такі просты спосаб, як падвышэнне заробкаў спецыялістам, не прыходзіць у галаву — альбо на гэта папросту няма сродкаў?
— Звычайна, няма грошай на падвышэнне заробкаў. Але апроч грошай, гэта яшчэ і пытанне сістэмы. Чалавек жа хоча не толькі зарабляць грошы, а знаходзіцца на добрым месцы працы — то бок, каб было абсталяванне, былі курсы падвышэння кваліфікацыі, адукаваныя калегі, з якімі прыемная супраца і можна чамусьці навучыцца.
Значыць, гаворка не проста пра тое, каб падвысіць заробкі, але і каб зрабіць інвестыцыі ў інфраструктуру, доўгатэрміновыя інвестыцыі ў адукацыю, у стварэнне якасна іншых умоваў працы. І гэта зусім іншыя грошы, якія трэба ўкладаць у сістэму — медыцынскую і адукацыйную.
А на ўсё тое ў Лукашэнкі няма ані грошай, ані жадання нешта рабіць. Бо хто такія медыкі, настаўнікі і астатнія, як кажуць, бюджэтнікі для рэжыму? Гэта такія паўпрыгонныя людзі на ўтрыманні ў дзяржавы. І стаўленне да іх такое: пакуль нешта робіш — будзем рабіць выгляд, што плоцім табе нейкі заробак, як толькі становішся нелаяльным, падазроным для нас — садзім у турму.
З такім стаўленнем ніякага развіцця быць не можа, канстатуе Уладзімір Кавалкін. Адпаведна, адукаваныя і кемлівыя беларусы гэта разумеюць, і прычын з’ехаць для іх становіцца ўсё больш.
— Атрымліваецца, дэградацыя сістэмы працягнецца ці не да поўнага руйнавання. Колькі часу спатрэбіцца, каб выбрацца з гэтага стану, стварыць нармалёвую інфраструктуру?
— Інфраструктура доўга будуецца, але і не адразу разбураецца (хоць руйнаваць, канешне, заўжды прасцей і хутчэй, чым будаваць). Пачалі разбураць яе актыўна з 2020 года, і спатрэбіцца, мабыць, дзесяцігоддзе, каб, напрыклад, сфера медыцыны дэградавала да ўзроўню сярэдзіны ХХ стагоддзя ў Савецкім Саюзе, калі доктар — гэта фельчар.
А каб нешта збудаваць, калі старой сістэмы ўжо не будзе, патрэбна, каб вырасла новае пакаленне — то бок, дваццаць год. Прыкладна такі ў мяне прагноз.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное