Анастасія Зелянкова
Касманаўты над Оршай праляталі, калі там жыў Караткевіч

Днямі ў касёле св.Сымона і Алены адчынілася мастацкая выстава, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу. Яе склалі новыя карціны вядомых і маладых мастакоў, напісаныя летась да 75-годовага юбілею вядомага беларускага пісьменніка. Усе выстаўленыя работы былі створаны на пачатку ліпеня падчас мастацкага пленэру. З выставай ужо паспелі азнаёміцца жыхары Віцебску, Оршы і Наваполацку.

Гэта дванаццаты пленэр, які ладзіць Цэнтр імя Язэпа Драздовіча. На дзесяць летніх дзён пяцьдзесят мастакоў і пісьменнікаў практычна акупіравалі бераг возера Дзевіна, што недалёка ад роднай Караткевічу Оршы. Такі творчы саюз быў своеасаблівым эксперыментам.

— Я задаволены тым, што атрымалася, — кажа мастак Аляксей Марачкін. — Самае цікавае, што побач з вядомымі былі і маладыя мастакі, пісьменнікі, паэты. Мы маглі вучыцца адзін у аднаго. Быў і філосаф Валянцін Акудовіч, які праводзіў для нас лекцыі.

— Сёння ў нас такі час, што нават літаратараў вымушаюць працаваць пад адкрытым небам, — заўважыў паэт Андрэй Хадановіч. — Але, мы ўсё роўная будзем працаваць. Мы нават сябе ахрысцілі “таварыствам ананімных працаголікаў”.

Але, высветлілася, што такая ідылія мастакоў і пісьменнікаў была толькі знешняй. Як прызнаўся па сакрэце мастак Юрый Платонаў, краевугольным каменем стала несупадзенне творчых графікаў прадстаўнікоў розных відаў мастацтва.

— Мы, мастакі, прывыклі ўставаць рана, каля чатырох гадзін. А літаратары ў чатыры толькі спаць разыходзіліся, да гэтага ж часу яны ўсё твораць, песні спяваюць, адным словам, гудзяць. Спаць зусім не было калі.

Што тычыць працы, дык свае эцюды Юрый Платонаў увогуле хадзіў пісаць куды-небудзь далей ад усіх. Калі ж вяртаўся, адразу ж браў вуду ды кіраваўся на возера. Як прызнаўся Платонаў, за ягонай рыбалкай мала хто з удзельнікаў пленэру ўвогуле заўважыў, што ён яшчэ і працуе. Некаторыя жартавалі, што на пленэр сабраліся мастакі, літаратары і адзін рыбак. Тым не менш па заканчэнні ўсе змаглі ўпэўніцца не толькі ў рыбацкіх здольнасцях Платонава. Чатыры ягоныя карціны патрапілі на выставу.

Агульная атмасфера пленэру прымусіла ўзяцца за пэндзаль нават вядомага скульптара Алеся Шатрэніка.

Падчас прэзентацыі стала зразумела, што такі творчы тандэм можа выліцца ў досыць нечаканыя адкрыцці: згадзіцеся, не кожны дзень можна пабачыць, як Андрэй Хадановіч пад акампанемент гітары чытае рэп уласнага сачынення.

Сярод прадстаўленых на выставе карцін многа пейзажаў, партрэтаў і нават абразоў.

— Час ідзе, а ўсё новыя пакаленні адкрываюць для сябе Караткевіча, — адзначыў падчас адкрыцця паэт Генадзь Бураўкін. — На выставе, вельмі многа менавіта родных Караткевічу краявідаў. Ён жа сапраўды быў закаханы ў гэтыя мясціны. Сёння мне вельмі прыемна адчуваць, што дагэтуль жыве Караткевічаў дух, рамантычны, але тым не менш самаахвярны. І, думаю, маладыя яшчэ будуць доўга чэрпаць з гэтай крыніцы.

Узгадваючы пра Караткевіча, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў успомніў, як на пачатку 1980-х гадоў літаратары прапанавалі назваць вуліцу, на якой жыў Краткевіч, ягоным імем. Тады яны атрымалі адмову: “Мы на гэта ніколі не пойдзем. Вы толькі падумайце, вы ж не проста вуліцу хочаце перайменаваць, вы хочаце перайменаваць вуліцу Савецкіх касманаўтаў!”, — абурыліся мясцовыя ўлады. — “А што, хіба хтосьці з іх жыў у Оршы?” — спрабавалі адстаяць сваё пісьменнікі, на што пачулі ў адказ: “Яны над Оршай праляталі!..”

Тым не менш справядлівасць перамагла: праз некалькі год вуліцы далі-такі імя Караткевіча.

— Караткевіч вяртаў нам нашу краіну, вяртаў насуперак тым песенькам, якія крычалі, што “наш адрас Савецкі Саюз” , — кажа Уладзімір Арлоў. — Неяк падчас юбілейных урачыстасцяў прагучала думка, што без Караткевіча не было б Беларусі. Можа, нехта з гэтым не пагодзіцца, але лічу, што менавіта ўдзячныя чытачы Караткевіча і зрабілі тую працу, падчас якой паўстала наша Беларусь.

Выстава будзе доўжыцца яшчэ два тыдні, месціцца яна ў файе тэатра “Зніч” (касцёл св.Сымона і Алены).

 

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)