Карбалевіч: «У рэгіёнах паглыбляецца дэпрэсія. Разрыў ва ўзроўні жыцьця ў Беларусі расьце»

Валер Карбалевіч на Радыё Свабода – пра першыя вынікі перапісу насельніцтва Беларусі.

Найперш варта зьвярнуць увагу на скарачэньне колькасьці насельніцтва. Паводле дадзеных на 4 кастрычніка 2019 году, у Беларусі пражывае 9 413 446 чалавек. Дзесяць гадоў таму было 9 мільёнаў 504 тысячы. То бок насельніцтва скарацілася на 91 тыс. чалавек, альбо на 1%.

Варта адзначыць, што ў Беларусі амаль што самая нізкая шчыльнасьць насельніцтва ў Эўропе. Ніжэй толькі ў краінах Скандынавіі.

Гэта пры тым, што ўлады робяць значныя высілкі дзеля росту нараджальнасьці. У Беларусі водпуск па доглядзе за дзіцем адзін з найдаўжэйшых у сьвеце. Да таго ж толькі тут усе тры гады аказваюць яшчэ і грашовую дапамогу. Аднак усё гэта мала дапамагае.

Па гэтым паказьніку Беларусь трапляе ў агульны трэнд краін рэгіёну. Амаль паўсюль у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе колкасьць насельніцтва скарачаецца. У асноўным за кошт працоўнай міграцыі ў заходнеэўрапейскія краіны. У іншых дзяржавах рэгіёну (Украіна, Малдова, Літва, Латвія) такая міграцыя мае яшчэ большыя маштабы. У Заходняй Эўропе доля карэннага насельніцтва таксама падае, але агульная колькасьць расьце за кошт мігрантаў. То бок паводле гэтага паказьніка рэгіён Усходняй Эўропы можа лічыцца дэпрэсіўным.

Дарэчы, за пэрыяд з 1999 па 2009 гады насельніцтва Беларусі зьменшылася на 556 тыс. чалавек, то бок на 5%. Гэта значыць, што тэмпы скарачэньня насельніцтва запавольваюцца. І перапіс не пацьвярджае высновы эканамістаў пра паскарэньне працоўнай міграцыі зь Беларусі апошнімі гадамі.

Яшчэ адна выразная тэндэнцыя. Цяпер у сталіцы пражывае 2 018 281 чалавек. А паводле перапісу 2009 году, насельніцтва Менску складала 1 836 808 чалавек. То бок колькасьць жыхароў сталіцы вырасла на 181 тыс. А, напрыклад, у 1999 годзе ў Менску пражывала 1 680 567 чал. Адначасова ва ўсіх абласьцях Беларусі, акрамя Менскай вобласьці, насельніцтва зьменшылася.

І гэты працэс адбываецца насуперак неаднаразовым загадам Лукашэнкі спыніць рост насельніцтва сталіцы. Аднак тут дзейнічаюць аб’ектыўныя эканамічныя законы, на якія загады кіраўніка дзяржавы ніяк не ўплываюць. І гэта сьведчыць пра тое, што ў беларускіх рэгіёнах паглыбляецца сацыяльна-эканамічная дэпрэсія. Разрыў ва ўзроўні жыцьця ў Беларусі расьце. І ў пошуках працы і заробкаў беларусы імкнуцца ў сталіцу.

Беларусь превращается из страны в город

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.4 (оценок:16)