Карбалевіч: Толькі адно цяпер адрозьнівае Беларусь ад Вэнэсуэлы

Галоўным дзяржаўным інстытутам стаў АМАП. Што адбываецца зь беларускай дзяржавай? Піша Валер Карбалевіч на Свабодзе.

Дзяржава самапазбаўляецца сваіх функцыяў, застаюцца толькі тыя, што забясьпечваюць захаваньне ўлады. Дзяржава сьвядома руйнуецца дзеля ўмацаваньня рэжыму.

У 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка прыйшоў на пасаду прэзыдэнта з ідэяй усталяваньня ў Беларусі моцнай улады. Як ён любіў тады казаць, «улада валялася ў гразі». Прычым паняцьце «моцная ўлада» атаесамлялася з паняцьцем «моцная дзяржава».

Пад знакам такіх уяўленьняў прайшло 26 гадоў. Дзяржаўныя мэдыя аб’явілі Лукашэнку «бацькам беларускай дзяржаўнасьці». Пасьля падзеяў 2014 году беларускія экспэрты дружна сьцьвярджалі, што крымскі і данбаскі сцэнары ў Беларусі немагчымыя, бо тут існуюць моцныя дзяржаўныя інстытуты, чаго не было ва Ўкраіне.

Аднак палітычны крызіс 2020 году разбурыў многія ілюзіі, агаліў сапраўдную існасьць лукашэнкаўскай дзяржавы. Наступіў момант ісьціны. І высьветлілася, што дзяржава ў кароткі час дэградавала, адбылася яе рэдукцыя да палітычнага рэжыму.

Розьніца ў тым, што дзяржава выконвае функцыі абслугоўваньня грамадзкіх патрэбаў, рэгулюе адносіны паміж грамадзянамі, ахоўвае сувэрэнітэт краіны ад вонкавых пагрозаў і інш. А палітычны рэжым — гэта сукупнасьць сродкаў і мэтадаў, з дапамогай якіх ажыцьцяўляецца палітычная ўлада. Калі прасьцей, то гэта мэханізм утрыманьня ўлады.

Цяпер у экспэртным асяродзьдзі стала модным казаць пра дэфолт дзяржаўных функцыяў дзяржаўныя інстытуты перасталі выконваць свае абавязкі.

Варта адзначыць, што і дагэтуль былі сумненьні наконт паўнавартаснага выкананьня лукашэнкаўскай дзяржавай сваіх функцыяў. Так, напрыклад, яна ня справілася з задачай фармаваньня беларускае нацыі. Замест гэтага адбывалася кансэрвацыя супольнасьці «саўкоў», «рускіх з знакам якасьці». Завяршальны працэс фармаваньня беларускай нацыі адбыўся падчас цяперашняй рэвалюцыі, акурат у змаганьні з рэжымам Лукашэнкі.

І эканамічныя функцыі лукашэнкаўская дзяржава выконвала вельмі дрэнна. Дзяржаўны сэктар эканомікі знаходзіцца ў вялікім застоі. Пэрманэнтнае змаганьне зь бізнэсам падрывала аснову разьвіцьця краіны. Але цяпер працэс самаразбурэньня дзяржавы моцна паскорыўся. І адначасова ў многіх кірунках.

Дасюль пры адсутнасьці паўнавартаснай грамадзянскай супольнасьці і недасфармаванай нацыі дзяржаўныя інстытуты былі адзіным злучвом, якое аб’ядноўвала беларусаў у агульны соцыюм. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадзтва, у сутнасьці аб’явілі грамадзянскую вайну большасьці сваіх грамадзянаў. Цяпер ад дзяржавы зыходзіць небясьпека для соцыюму.

Беларуская дзяржава адмаўляецца ад функцыі абаронцы сувэрэнітэту. Аляксандр Лукашэнка, якога дзяржаўныя мэдыя абвесьцілі «бацькам беларускай дзяржаўнасьці», які шмат разоў апошнім часам казаў, што беларусы больш не павінны хадзіць «пад бізуном» нейкіх вонкавых сілаў, цяпер, махнуўшы рукой на сувэрэнітэт, заклікае Пуціна ўвесьці расейскія войскі ў Беларусь, каб абараніць яго ўладу.

На нашых вачах фактычна зьнішчаецца замежная палітыка Беларусі, краіна пазбаўляецца міжнароднай суб’ектнасьці. Дыпляматыя зьвялася да візытаў расейскіх губэрнатараў.

Апошнімі месяцамі практычна канчаткова разбурана праўная сыстэма, інстытуты правасудзьдзя, без чаго існаваньне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы немагчымае. Ніякія законы цяпер у Беларусі ня дзейнічаюць. Адвакаты сталі непатрэбнай прафэсіяй, таму іх цяпер і ўціскаюць.

У краіне пасьлядоўна зьнішчаюць структуры бізнэсу, культуры (Купалаўскі тэатар), спорту, падазраваныя ў неляяльнасьці да кіроўнага рэжыму.

Дзяржава самапазбаўляецца сваіх функцыяў, застаюцца толькі тыя, што забясьпечваюць захаваньне ўлады. Галоўным дзяржаўным інстытутам стаў АМАП. Рэкляма гэтай структуры як выратавальніка краіны зьявілася на БТ. Дзяржава рэдукуецца да рэжыму. Працуе толькі тое, што садзейнічае ягонаму выжываньню. Больш за тое, можна сказаць, што дзяржава сьвядома руйнуецца дзеля ўмацаваньня рэжыму.

Праўда, засталася сацыяльная функцыя. Дзяржава пакуль выплочвае заробкі бюджэтнікам і пэнсіі. Цяпер толькі гэта адрозьнівае Беларусь ад Вэнэсуэлы, дзе даўно ўведзеныя карткі на ўсе тавары, уключаючы туалетную паперу.

Такім чынам, дзяржава можа вярнуць сабе свае функцыі толькі праз дэмантаж існага рэжыму.

Карбалевiч: «У беларускае пытаньне моцна ўмяшалася геапалітыка»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(63)