Карбалевіч: Разгортваецца сумесны беларуска-расейскі вайсковы саюз супраць Украіны

Што азначае ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі, тлумачыць на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Падаецца, нядаўнія перамовы ў Маскве моцна натхнілі Лукашэнку. Ці так яму хочацца прадставіць сытуацыю. Бо ў ягоных выказваньнях 12 верасьня на палігоне пад Баранавічамі было нямала новых акцэнтаў.

Па сваіх парамэтрах, сцэнарыю, легендзе сумесныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2021» на тэрыторыі Беларусі па вялікім рахунку мала адрозьніваюцца ад папярэдніх, напрыклад, ад вучэньняў «Захад-2017». Але з таго часу моцна памянялася ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі, што значна паўплывала на геапалітычны кантэкст вучэньняў.

Гэта асабліва заўважна па той рыторыцы, якую выкарыстоўвае Аляксандр Лукашэнка падчас назіраньня за хадой вучэньняў. Цяпер гэтая рыторыка стала шмат больш ваяўнічай.

У выказваньнях Лукашэнкі 12 верасьня на палігоне пад Баранавічамі было нямала новых акцэнтаў. Важнай часткай мэсыджу, які ён дасылаў розным адрасатам быў сюжэт, які ўмоўна можна назваць «мы з Пуціным».

Гэта каб прыдаць дадатковую вагу сваім ваяўнічым пагрозам у бок Захаду. «Мы з Пуціным» абмеркавалі пытаньні сумеснай абароны, паставак новых узбраеньняў Беларусі.

— Мы з прэзыдэнтам Расеі не адзін раз яшчэ сустрэнемся! Перад Вышэйшым Дзяржсаветам ён прыляціць у Менск, 15 кастрычніка будзе саміт СНД, — радасна казаў Лукашэнка.

Падаецца, нядаўнія перамовы ў Маскве яго моцна натхнілі. Ці так яму хочацца прадставіць сытуацыю.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь плянуе закупку расейскага ўзбраеньня больш чым на $1 млрд, узгоднены пералік узбраеньня, якое да 2025 году будзе пастаўленае ў Беларусь. Гэта каля дзясятка самалётаў, некалькі дзясяткаў верталётаў, Тор-М2, ракетныя комплексы С-400.

Цяжка сказаць, што тут праўда, а што зьяўляецца недасяжнымі марамі. Бо вельмі дорага каштуе сучаснае ўзбраеньне, а беларускі вайсковы бюджэт невялікі. Пакуль што мы бачым, як на тэрыторыю Беларусі прыбываюць зэнітна-ракетныя комплексы і самалёты Расеі для пастаяннага дзяжурства тут. Але гэта менавіта расейскае ўзбраеньне, а не беларускае.

Найбольш цікава, чым Лукашэнка абгрунтоўваў патрэбу ў комплексах С-400:

— Як вы ведаеце, у нас і паўднёвы кірунак дадаўся. Мы зь беларускімі генэраламі і расейцамі абмяркоўвалі гэтую тэму. Нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе… мы павінны рыхтавацца — 1200 кілямэтраў мяжа з Украінай. Таму нам давядзецца закрываць і гэты пэрымэтар. І мы вялі якраз гаворку пра тое, што С-400 нам будзе да месца.

І яшчэ дадаў:

— Сумесна з праваахоўнымі органамі і спэцслужбамі Расіі ў Беларусі былі затрыманыя падазроным асобы, якія трапілі ў краіну з тэрыторыі Украіны.

З 2014 году кіраўніцтва Беларусі настойліва падкрэсьлівала што мяжа з Ўкраінай — гэта мяжа міру. Лукашэнка запэўніваў, што можа прыехаць на ўкраінскую тэрыторыю не на танку, а на трактары. Ён гарантаваў, што з Беларусі няма і не будзе ваеннай пагрозы Ўкраіне.

Пасьля жніўня 2020 года ўзьнік палітычны, дыпляматычны канфлікт паміж Менскам і Кіевам. І вось цяпер ён распаўсюджваецца на вайсковую сфэру.

Мяжу з Украінай Лукашенка разглядае калі не як новы фронт, то кірунак вайсковай канфрантацыі, і дзеля нэўтралізацыі новай пагрозы спатрэбіліся сучасныя ракетныя комплексы. І высьвятляецца, што спэцслужбы Расеі на тэрыторыі Беларусі затрымліваюць падазроных асобаў з Украіны.

З улікам таго, што Расея і Ўкраіна знаходзяцца фактычна ў стане вайны (ва ўсялякім разе так лічаць у Кіеве), гэта шмат што мяняе. Такім чынам разгортваецца сумесны беларуска-расейскі вайсковы саюз супраць Украіны, што азначае даволі радыкальны паварот вонкавай палітыкі Беларусі.

Мадэль крэпасьці ў аблозе набывае закончаную вонкавую форму. Па ўнутрыпалітычных прычынах Лукашэнка штучна стварае з Украіны (як ён казаў раней «наш народ») патэнцыйнага вайсковага праціўніка. Добра зразумела, чаму гэта вельмі падабаецца Маскве.

Адначасова быў вылучаны ўльтыматум Эўразьвязу. Пра гатоўнасьць Менску адмовіцца ад палітыкі шантажу мігрантамі казаў нядаўна кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.

2 верасьня рэсурс «Sputnik Беларусь» цытуе яго словы:

— З красавіка гэтага года мы прапануем ЭЗ правесьці кансультацыі па міграцыйных пытаньнях. Эўразьвяз катэгарычна адмаўляецца.

Цяпер тое самае Лукашэнка прапанаваў ужо ў выглядзе ўльтыматуму:

— Хочаце жыць у бясьпецы — прыяжджайце. Вызначым месца, будзем сустракацца, абмяркоўваць гэтыя пытаньні. Але пакуль ня будуць зьнятыя гэтыя бязмозглыя санкцыі і прыніжэньне нашых патрыятычных людзей, з імі размаўляць ніхто не будзе.

То бок вырашэньне мігранцкага крызісу ў абмен на адмену санкцый. Пытаньне пра вызваленьне палітвязьняў і вырашэньне ўнутрыпалітычнага крызісу цяпер Менскам выносіцца за дужкі парадку дня перамоваў. Ня дзіва, што Брусэль адмаўляецца.

Гледзячы па ўсім, і сам Лукашэнка ня моцна верыць у эфэктыўнасьць свайго ўльтыматуму. Бо патэнцыйных партнэраў па перамовах не абражаюць. Узгадаўшы старшыню Эўрапейскай Рады Шарля Мішэля, ён абазваў заходнікаў «сабакамі пабітымі», «мярзотнікамі», назваў іх пазыцыю «вар’яцкай».

Вось такі дыялёг.

Класковский: «Беларусь оказалась в заколдованном круге»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:17)