Политика

Карбалевіч: «Разгонам мірных пратэстных акцый кіруе пэрсанальна сам Лукашэнка»

Палітолаг пра вельмі знамянальнае прызнаньне Лукашэнкі.

— На нарадзе 27 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што гэта ён аддаў загад разганяць удзельнікаў акцыі пратэсту на вуліцы Арлоўскай у Менску, 25 кастрычніка, — піша Валер Карбалевіч.

У сюжэце, показаным на «Беларусь 1», ён адзначыў: «Гэта што, нармальна, калі натоўп п’яны ашалелы, праколаты наркотыкамі, пракураны і прапіты — сотні чалавек рынуліся ў гэтыя раёны. Што трэба было рабіць міліцыі? Гэта быў мой загад, каб засьцерагчы людзей».

Насамрэч, пратэст быў абсалюна мірны, што засьведчылі ўсе, хто назіраў за акцыяй.

Увогуле, нічога сэнсацыйнага Лукашэнка не сказаў. Усім, хто даўно назірае за тым, як функцыянуе беларуская вэртыкаль улады, вядома, што ўсе важныя рашэньні прымае адзін чалавек. А нічога больш важнага за акцыі пратэсту не адбываецца ў краіне з 9 жніўня.

Але, тым не менш, прызнаньне Лукашэнкі вельмі знамянальнае. Яно разбурае ілюзіі, якія ў некаторых беларусаў і замежных назіральнікаў яшчэ былі. Маўляў, зьверствы сілавікоў — гэта эксцэсы выканаўцаў.

Цяпер усё стала на свае месцы. Можна рабіць цьвёрдыя высновы, што ўсе дзеяньні супрацоўнікаў МУС жорстка кіруемыя, кантралюемыя. Разгонам прынцыпова мірных пратэстных акцый кіруе пэрсанальна сам Лукашэнка. І ўжываньне спецсродкаў адбываецца выключна па ягоным загадзе. І той садызм з боку сілавікоў 9-12 жніўня быў не выпадковы, а загадзя сплянаваны. То была часткай сцэнару па падаўленьні волі да супраціву.

Дарэчы, Уладзімір Пуцін, выступаючы на штогадовым пасяджэньні міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай» 22 кастрычніка, згадваючы беларускія падзеі, сказаў: «Жорсткасьць была і ўсё, можа быць, нават неапраўданая, але тады няхай адкажуць тыя, хто гэта дапусціў». Цяпер вядома, хто яе дапусьціў і загадваў рабіць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(95)