Карбалевіч: Пракапеня дзякуе Лукашэнку за падтрымку. Гучыць двухсэнсоўна

Падчас наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ) і сустрэчы з прадстаўнікамі ІТ-супольнасьці быў адзін цікавы сюжэт, звяртае ўвагу Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Вядомы бізнэсовец, заснавальнік інвэстыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, як і ўсе іншыя ўдзельнікі сустрэчы, горача дзякаваў кіраўніку дзяржавы за падтрымку ІТ-галіны ў Беларусі. Цытую паводле БЕЛТА:

— У СМІ часта пішуць, што ў нас асаблівы падатковы рэжым, беспрэцэдэнтныя льготы. Так, гэта так. Але ў Расеі і Ўкраіне льготы вельмі падобныя. Ва Ўкраіне 5% падаходны падатак. Але ў іх такога росту няма, як у нас. Чаму? Таму што самая галоўная інвэстыцыя, якую зрабілі ў парк, у іншым — у словах. Вы ўвесь час нас публічна падтрымліваеце, пра нас кажаце, паказваеце, што ІТ — гэта важна і добра. Людзі вераць, прыходзяць — і дзяржзаказчыкі, і праграмісты, і інвэстары.

Такім чынам, як упэўнены Віктар Пракапеня, галоўны чыньнік посьпеху ПВТ — гэта ня льготы, а словы Аляксандра Лукашэнкі. Не законы, ня правілы, не незалежны суд, а публічная падтрымка кіраўніка дзяржавы, якому інвэстары бязьмерна вераць.

Каму не вядома ў Беларусі, што Аляксандар Рыгоравіч — чалавек слова.

Але ў зьвязку з гэтым чамусьці прыгадваецца адна напалову забытая гісторыя. Пра яе зусім нядаўна расказаў сам Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка. Апавядаючы якраз пра падтрымку ПВТ, ён, паводле афіцыйнага сайту, заявіў:

— А прапановы ўсе паходзілі выключна ад гэтых айцішнікаў. Аднаго нават з турмы дасталі. Ня буду называць прозьвішча, вы яго ведаеце. Калі да мяне прыйшлі і кажуць: вось ёсьць хлопец такі-сякі. Я кажу: «За што трапіў?» — «Там падаткі і іншае». — «Падаткі! Гэта нават размовы быць ня можа!» Але заплаціў ён там, і лішняе пераплаціў, і іншае. І той, хто за яго прасіў, калі шчыра, так за яго заплаціў у бюджэт не адзін мільён даляраў. Я кажу, на такіх падставах — добра, я выкарыстоўваю сваё права, чалавека амністуюць, і я не шкадую. Ён прынёс велізарную карысьць, і ад іх паходзілі прапановы.

Хоць Лукашэнка не называе прозьвішча гэтага «айцішніка», але мне здаецца, што гаворка магла ісьці якраз пра Віктара Пракапеню. З гэтага аповеду вынікае, што яго амніставаў пэрсанальна кіраўнік дзяржавы, прымусіўшы заплаціць за свабоду вялікі выкуп («не адзін мільён даляраў»). Цяпер Пракапеня дзякуе Лукашэнку за падтрымку. Гучыць двухсэнсоўна.

Але працягваем расказ Лукашэнкі пра тое, як зьявіўся дэкрэт аб падтрымцы ПВТ:

—  Я іх запрасіў, кажу: «Вось за гэта, гэта, гэта вы будзеце адказваць!» — «Аляксандар Рыгоравіч, згодныя!» А чым адказваць? У іх у кожнага кампанія з добрай капіталізацыяй, кожная за 100 мільёнаў даляраў коштам. Думаю: ёсьць чым адказваць. Вось я ім «нарэзаў» гэтую адказнасьць.

Тут варта адзначыць шчырасьць Лукашэнкі. Ён прызнаўся, чаму падтрымаў ільготы для айцішнікаў. Бо яны багатыя, ім ёсьць чым адказваць. У выпадку чаго заплацяць «не адзін мільён даляраў». У Беларусі свабода каштуе дорага.

Лукашенко айтишникам: «В обиду я никогда вас не дам»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(31)