Карбалевіч: «Працэс пераходу аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны адбываецца апошнія тры гады»

Палітолаг — пра наступствы падзеяў жніўня 2020-га і пра тое, што аб’ядноўвала пратэстоўцаў тады і раз’ядноўвае цяпер.

Валерый Карбалевіч

— Пратэстны выбух у Беларусі 2020 года гэта такая веха ў гісторыі, гэта, можа, галоўная падзея найноўшай гісторыі Беларусі. Думаю, што будучыя пакаленні, будучыя гісторыкі ад гэтай даты будуць адлічваць новы этап у жыцці беларускага грамадства, — разважае Валерый Карбалевіч на канале Радыё Свабода.

Што адбылося ў 20-м годзе? Выйшаў на паверхню той канфлікт, які доўга рыхтаваўся. Канфлікт паміж грамадствам, якое мадэрнізуецца, і патрыярхальна-архаічнай палітычнай сістэмай, дзе існаваў фактычна персаналісцкі рэжым — улада аднаго чалавека.

Таму і адбыўся гэты выбух — канфлікт не вырашаны, крызіс не вырашаны. Улады адказалі на народныя патрабаванні, на жаданні народа стаць суб’ектам адным дзеяннем — гвалтам. Гвалт як універсальнае вырашэнне ўсіх праблем.

Улады пайшлі па шляху альбо выкідвання за мяжу найбольш пасіянарнай часткі грамадства. Альбо гэтую частку грамадства ў вялікай колькасці сталі садзіць за краты, у турмы, калоніі. Такім чынам, улады імкнуцца закансерваваць тую сацыяльную мадэль, якая дазваляе рэжыму самазахоўвацца.

І цяпер улады спрабуюць паціху выкідваць цэлыя сектары эканомікі, у якіх працуюць не вельмі надзейныя адносна рэжыму людзі. Паціху выцясняецца IT-сектар. Паглядзіце, што робіцца з прыватнымі медычнымі цэнтрамі. Ліквідаваная клініка «Новы зрок».

Гэта робіцца свядома, таму што менавіта гэтыя сектары, якія бурна развіваюцца і становяцца крыніцай незадаволення, крыніцай фармавання людзей, якія б хацелі ператварыцца ў палітычных суб’ектаў.

Працэс пераходу аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны — вось гэта адбываецца апошнія тры гады. Яму спадарожнічае глыбокі, вельмі моцны раскол грамадства, раскол каштоўнасны, палітычны.

Кажучы пра сацыяльны партрэт тых людзей, якія выходзілі на вуліцы ў 2020 годзе, палітолаг адзначае: новая апазіцыя не мела нейкай яснай зразумелай ідэалогіі, у адрозненне ад старой апазіцыі, якая была ясная, крыштальная — людзі, якія там удзельнічалі, змагаліся за ідэю.

— У пратэстным руху 2020 года аб’ядналіся вельмі розныя людзі, з рознай ідэалогіяй, з рознымі каштоўнасцямі, з рознай геапалітычнай арыентацыяй, але іх аб’яднала адное і тое ж — «Сыходзь!», «Хто заўгодна — толькі не ён». То бок персанальная нянавісць да Лукашэнкі адыграла галоўную ролю.

Ну і пасля ўжо, калі пачалася вайна Расіі супраць Украіны, высветлілася, што пэўная частка людзей, якія пратэставалі супраць Лукашэнкі, былі прарасійскімі, прапуцінскімі. І вайна ва Украіне, і геапалітычны раскол прывялі да таго, што сацыяльная база пратэсту зменшылася і ў пэўным сэнсе павялічылася сацыяльная база падтрымкі Лукашэнкі за кошт тых людзей, якія былі прапуцінскімі, і тых людзей, якія рэагуюць на сілу.

У 2020 годзе апазіцыя, народ, народны рух, пратэст дэманстраваў сілу — і гэтыя людзі пахіснуліся ў бок пратэсту. А цяпер улада прадэманстравала сілу — і частка гэтых людзей пахіснулася ў бок улады. Гэта таксама адбываецца заўсёды падчас розных рэвалюцый, контррэвалюцый, рэакцый, — падсумоўвае Валерый Карбалевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(24)