Политика
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Карбалевіч: «Магілёўскі саміт толькі працягнуў жорсткі торг паміж Менскам і Масквою»

Палiтолаг — аб тым, што колькасьць не перайшла ў якасьць.

Магілёўскі саміт не завяршыў, а толькі працягнуў жорсткі торг паміж Менскам і Масквою. Алярмісцкія прагнозы наконт фатальных сцэнараў для Беларусі пакуль ня спраўджваюцца.

Апошнім часам сустрэчам Лукашэнкі і Пуціна аддаецца вялікая ўвага палітызаванай публікі. Ня столькі таму, што ў беларуска-расейскіх адносінах набралася багата спрэчных пытаньняў. Яны былі заўсёды. Цікавасьць да гэтых самітаў падаграецца тымі алярмісцкімі прагнозамі пра змрочны лёс беларускай незалежнасьці, якія нагнятаюцца расейскімі мэдыямі і экспэртамі. Таму ўсе чакалі, што ў Сочы-1, Сочы-2, Душанбэ будуць прыняты нейкія важныя рашэньні. Цяпер вось усе скіравалі позіркі на Магілёў.

Вельмі паказальна, што Лукашэнка асабіста сустракаў Пуціна ў магілёўскім аэрапорце. Што здараецца ня часта. Візыт расейскага прэзыдэнта быў рабочы, пратакол не прадугледжваў сустрэчы каля трапа самалёта самім кіраўніком дзяржавы. Гэты факт дэманстрацыі ляяльнасьці да маскоўскага госьця, як і заява, што Магілёў больш расейскі, чым беларускі горад, сьведчыць пра вялікую цяперашнюю зацікаўленасьць кіраўніка Беларусі ў новых расейскіх шчодрасьцях.

Трэба сказаць, што да магілёўскай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў урады падрыхтавалі рашэньні некаторых спрэчных пытаньняў. Можна казаць пра чатыры праблемы, якія былі вырашаныя. Па двух пытаньнях рашэньні былі на карысьць Беларусі, адно — на карысьць Расеі, адно мае, на мой погляд, нэўтральны балянс. Вось зь яго і пачнём.

Беларусь і Расея падпісалі індыкатыўны балянс узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта павінна трохі ўрэгуляваць бясконцыя канфлікты ў ходзе экспарту беларускага харчаваньня ў РФ. Але, зь іншага боку, дамова прадугледжвае абмежаваньні, звыш якіх Беларусь ня можа пастаўляць сваю прадукцыю ў Расею. Што парушае прынцып вольнага гандлю ў рамках ЭАЭС.

Цяпер пра тыя рашэньні, якія Менск можа ацаніць са знакам плюс. Беларусь нарэшце, хоць зь вялікім спазьненьнем, атрымала шосты транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры 200 млн даляраў.

Таксама Расея пералічыла Беларусі затрыманыя зь ліпеня 263 млн даляраў у рамках схемы «перамытненьня» нафты. Гэтыя грошы вельмі патрэбныя, бо Беларусь ужо пачала траціць золатавалютныя рэзэрвы, каб плаціць даўгі.

А вось падпісаныя індыкатыўныя балянсы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад-сьнежань 2018 году і на 2019 год афіцыйныя асобы трактуюць дыямэтральна процілеглым чынам. Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў 12 кастрычніка, што пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі павялічацца ў 2019 годзе на 10% да ўзроўню 2017 году. Тое ж самае казаў расейскі пасол Міхаіл Бабіч падчас наведваньня Магілёва.

У той жа час міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што Расея ўводзіць забарону на экспарт у Беларусь сьветлых і цёмных нафтапрадуктаў, а таксама звадкаванага газу. Гэтая забарона будзе дзейнічаць зь лістапада 2018 году да канца 2019-га. І як тут разабрацца?

Справа ў тым, што гаворка ідзе пра розныя рэчы. Ляшэнка і Бабіч кажуць пра імпарт расейскіх нафтапрадуктаў для ўнутраных патрэб Беларусі, для беларускай прамысловасьці. Вось гэтыя пастаўкі вырастуць.

А Новак кажа пра тыя нафтапрадукты, якія Беларусь рээкспартавала. Вось на іх уводзіцца забарона, што прынясе Беларусі пэўныя страты. Гэтае пытаньне добра дасьледаваў мой калега Юры Дракахруст. Паводле ягоных падлікаў, страты Беларусі складуць ад 60 мільёнаў да 114 мільёнаў даляраў.

Такім чынам, магілёўскі саміт не завяршыў, а толькі працягнуў жорсткі торг паміж Менскам і Масквою. Пакуль ня спраўджваюцца алярмісцкія прагнозы наконт фатальных сцэнараў для Беларусі. Торг ідзе ў звыклых рамках, нічога асабліва новага ў гэтым няма. Пакуль незразумела, ці сапраўды скарачаюцца расейскія субсыдыі Беларусі.

Дракохруст: «Не хотелось бы повторения ловушки 2002 года. Русские города, говорите?»

Што можна пэўна сьцьвярджаць, — дык гэта што палітычная вага Беларусі ў замежнай палітыцы Расеі ўзрасла. Пра што сьведчыць і прызначэньне амбасадара РФ з большым статусам і паўнамоцтвамі, і той факт, што з 19 чэрвеня па 12 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы сам-насам чатыры разы (сустрэчу ў Душанбэ я не лічу, бо няма пэўнасьці, ці была яна).

Цяжка ўзгадаць аналягічны пэрыяд у двухбаковых адносінах з такой інтэнсіўнасьцю самітаў. Але колькасьць пакуль не перайшла ў новую якасьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)